Выбрать главу

Неяк здарылася так, што ён, беручы грошы за пакупку, памылкова перадаў Міхасю лішніх 5 рублёў, што было ў той час, асабліва ў лагерных умовах, немалой сумай. Міхась не пажадаў нажывацца на чужым няшчасці. Калі зразумеў, што ларочнік памыліўся не ў сваю карысць, пайшоў і вярнуў яму грошы. Супярфін ад радасці заплакаў. Ён хацеў быў стаць на каленкі і цалаваць Міхасю ногі, але той выкруціўся і адмахнуўся. Тады ларочнік схапіў яго за рукі і стаў цалаваць прыгаварваючы:

— Ты мой ратавальнік, ты мой вызваліцель!..

— Што ты робіш?! Не прыніжай сябе, таварыш Супярфін.

— У мяне ж заўтра будзе рэвізія… Што ж бы я рабіў? Як бы я адчытваўся? А з мяне ж і гэтага тэрміну хопіць. Я, можа, і гэтых пяць гадоў не пражыву, а тут і яшчэ мне падкінулі б… Прыходзь да мяне ў любы час. Што трэба і што ў маіх сілах, усё атрымаеш. Ты добры і праўдзівы чалавек, — не пераставаў лапатаць ларочнік.

Супярфін сваё слова стрымаў. Калі Міхась заходзіў да яго ў ларок, ніколі не вяртаўся з пустымі рукамі.

Аднойчы, наведаўшы ларок, Асцёрскі быў здзіўлены просьбай Супярфіна.

— Я чуў, што ты добра валодаеш пісьменнасцю, — сказаў ларочнік.

— А хто гэта табе наплёў такога?

— Наш агульны знаёмы — Мікалай Расказаў.

— Ну і што тады? — пытаўся Міхась.

— А вось што. Мне трэба напісаць жонцы жаласнае пісьмо, каб яна не забывала на мяне і што-небудзь прыслала з тлушчу, напрыклад, масла і яшчэ чаго-небудзь. Жанчыны ведаюць, што нам трэба.

— Калі ласка, чым магу, тым памагу. Толькі калі?

— Сёння ўвечары можаш?

— Магу, прыходзь.

— Не, лепш ты да мяне прыходзь. Я жыву ў пятым бараку.

— Добра, у восем гадзін вечара чакай.

Як і дамовіліся, у восем гадзін вечара Міхась ужо быў у Зэліка Супярфіна са сваім алоўкам. Паперу раздабыў гаспадар.

— Пішы так, — дыктаваў Зэлік: — Дарагая Сара, я даходжу, рукі і ногі трусяцца.

— Дрэнна дыктуеш, таварыш Супярфін.

— Як гэта дрэнна? — здзівіўся той.

— Твая Сара, пэўна, не разумее слова «даходжу». Яго трэба замяніць больш зразумелым, напрыклад, «слабею».

— Ну, няхай будзе «слабею» ці «слабну», яна зразумее.

— І яшчэ, — працягваў Міхась, — «рукі і ногі трусяцца» — непрыгожы выраз. Ён цябе проста прыніжае.

— А як бы ты сказаў?

— Трасуцца.

— Не, лепш напішы «трусяцца».

— Значыць, так: «Я слабею, ногі і рукі трусяцца?»

— Правільна, толькі пасля слова «слабею» ў дужках пастаў «даходжу». Няхай прывыкае да лагернай мовы. А цяпер пішы: «Сталі сохнуць душа і сэрца па табе, па дзецях, па дому».

— Як гэта «сталі сохнуць душа і сэрца»? Непрыгожа.

— Гэта мая справа, прыгожа ці непрыгожа. Пішы!

— Гаспадар — пан, як пажадаеш, так і напішу.

— А цяпер напішы так: прышлі мне масла, каўбасы, шпеку.

— А што гэта яшчэ за шпек? — спытаў Міхась.

— Сала, ці саланіна, такой дробязі не ведаеш.

— Дык так бы ты і гаварыў.

— Няхай прывыкае і да такіх слоў, згадзіцца.

— Я напішу, як дыктуеш, але пасля слова «шпек» у дужках напішу «сала».

— Ну, няхай будзе па-твойму, пішы, як прапануеш.

Так яны складалі гэта пісьмо цэлы вечар. Спрачаліся амаль пасля кожнага слова.

Як бы там ні было, але пасля такой працы яны пасябравалі. У ларок Міхась заходзіў, як у сваю кладоўку, толькі, канечне, за грошы.

А яшчэ з кім пасябраваў у гэты час Міхась, дык гэта быў калгаснік з Харкаўшчыны — Галушка Мікіта Трахімавіч. Ён быў даволі цікавы і разумны чалавек. Яго ніколі нельга было ўбачыць зажураным. Ён не сумаваў сам і іншым не даваў. Без справы ніколі не быў, хоць што-нішто, а рабіў. То ён вяроўку саўе чорт ведае з чаго, то дудку зробіць, то чаравік падаб’е, то бушлат ці штаны залапіць і сабе, і сваім суседзям. Ён гаварыў, што лепшым выратавальнікам у такіх умовах можа быць толькі праца, калі яна па сіле чалавеку.

— Канечне, тая праца, якой нас «частуюць» на працягу многіх гадоў,— гэта забойства. А наогул праца, калі яна не паднявольная, — гэта ратавальнік ад розных крыўдаў і нягодаў. На любую працу маліся, як самому госпаду Богу, пра якога мы даўно забылі і перасталі верыць, — гаварыў ён сваім суседзям па нарах і сябрам па працы. Яго любімым словам быў дзеяслоў «маю», «маеш», «мае», «маем», «маеце», «маюць». І яго сябры па няшчасці жартам празвалі «Мая».

— Мая, як справы? Мая, можа, мне боты адрамантуеш? Мая, пазыч цукру, — так да яго звярталіся такія ж, як і ён, зэкі.