Выбрать главу

— Я патрабую начальніка калоны! — не здаваўся Міхась.

— Начальніка няма і не будзе, — сказалі яму.

— Я дачакаюся!

— Не дачакаешся, яго больш не будзе, знялі, а другога пакуль няма.

Так Міхась праседзеў у гэтым катуху трое сутак. Увечары яго не выпускалі, а раніцай ён сам не згаджаўся пакідаць гэты «ўтульны люкс». А падкармліваць сябры яго не забывалі. Яны прыносілі яму рэгулярна і ежу, і курыць, канечне, са згоды вахцёра. І невядома, колькі б яшчэ працягваўся гэты няроўны паядынак, каб не адна нечаканая акалічнасць.

На чацвёртыя суткі свайго арышту Міхась пачуў, як па селектары перадавалі тэлеграму ўсім кіраўнікам калон і начальнікам аховы, што ў сувязі з ваеннымі абставінамі будаўніцтва чыгункі Тайшэт — Ангара кансервуецца, а людзі, якія былі заняты на гэтым будаўніцтве, павінны быць накіраваны ў іншыя месцы, а куды — будзе паведамлена дадаткова. Пры гэтым падкрэслівалася, што работу гэту трэба правесці тэрмінова.

— Гэй ты, арыштант, — звярнуўся да Міхася вахцёр, — відаць, тэрмін твайго гасцявання ў гэтым «салоне» канчаецца — ліквідуецца наш лагер. Будуць пераводзіць нас усіх кудысьці ў іншае месца.

— А куды? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.

— Пакуль што невядома. Абяцаюць паведаміць пасля, дадаткова.

— Скажыце, калі ласка, — паспрабаваў шчасця Міхась, — дзе начальнік калоны, што яго столькі дзён не бачна?

— У камандзіроўцы, — сказаў і засмяяўся вахцёр.

— У якой камандзіроўцы? — не адставаў Міхась.

— А ў такой, у якой і ты зараз, — у цэнтральным ізалятары, а можа, ужо і ў турме. Кажуць, яго западозрылі ў шпіёнстве, за што і будуць судзіць.

— А, вось у чым рэч! А я думаю, чаго яго даўно не відаць нідзе. Значыць, і ён цяпер не «бытавік» будзе, а «вораг народа».

— Ды пэўна ж, — адказаў той няўпэўнена.

А Міхась падумаў: «Значыць, тыя фабрыкі, на якіх штампуюць «ворагаў народа», яшчэ не спынілі сваю работу, па-ранейшаму працуюць».

Не паспеў Міхась прыйсці да пэўнай высновы, як адчыніліся дзверы, і ён пачуў:

— Асцёрскі, выходзь!

— Куды, на работу? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.

— У барак, — сказаў нарадчык. — Трэба збірацца ў дарогу.

— У якую дарогу? — хітрыў Асцёрскі.

— У далёкую. Ідзі да брыгадзіра, ён усё табе скажа. А мне няма часу.

А брыгадзір, як і нарадчык, сам нічога не ведаў. А мо і не хацеў казаць.

…Зборы доўга не зацягнуліся. З маёмасцю яшчэ трошкі прытармазілі, а што датычыць зняволеных, дык іх праз дзень пасадзілі ў вагоны-цяплушкі і павязлі да Тайшэта, дзе далучылі гэтыя вагоны да іншых з такімі ж «камсамольцамі» і таксама праз суткі накіравалі ў напрамку Краснаярска.

Краснаярскія сустрэчы

Яшчэ седзячы ў вагоне, які вёз яго з Тайшэта ў Краснаярск, Міхась убачыў тое, чаго не мог назіраць у бязлюднай тайзе, — гэта вынікі першых дзён страшнай вайны… На ўсім шляху цягніка — на станцыях, прыпынках, пераездах і проста на перагонах — праз маленькае акенца з кратамі ён амаль нідзе не бачыў чыгуначнікаў-мужчын, асабліва радавых рабочых і стрэлачнікаў. Скрозь працавалі жанчыны. Яны выконвалі абавязкі і стрэлачнікаў, і вартавых на пераездах, і пуцявых рабочых, і нават дыспетчараў. Цягнік, які складаўся выключна з вагонаў з кратамі на вокнах, з узброенымі ахоўнікамі і аўчаркамі на тармазных пляцоўках-тамбурах, сустракалі засмучана і насцярожана. Бо шмат у каго з іх, хто страчаў гэты цягнік, у такім жа становішчы недзе знаходзіліся мужы, сыны, браты, знаёмыя, а астатніх «мужыкоў» павезлі змагацца з фашыстамі. На іх суровых тварах, як здавалася Міхасю, было напісана: «Эх, накіраваць бы гэту сілу на фашыстаў! Павярнулі б яны свае аглоблі назад! А каб уваскрэсіць тых, каго закатавалі свае энкавэдысты? А тыя маршалы, генералы, палкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты!.. Ці рызыкнуў бы гэты халерык Гітлер падняць на нас руку? А калі б ён і асмеліўся на такі крок, дык ці ўтрымаўся б? Навошта і каму трэба было нішчыць у тайзе, тундры і ў пясках такіх дужых, адважных, дасведчаных і таленавітых людзей? Хоць бы цяпер апамяталіся тыя крамлёўскія верхаводы — выправілі сваю памылку…»

Так думаў Міхась, так думалі, пэўна, і тыя жанчыны, якія тужлівымі вачыма праводзілі незвычайны таварны цягнік — цягнік з жывой сілай. Але бяда ў тым, што так не хацеў думаць той, ад каго залежаў лёс не толькі гэтага жывога грузу і жанчын з тужлівымі вачыма, а і ўсёй неабдымнай краіны з яе шматмільённым і шматнацыянальным народам. Не хацеў думаць пра гэта той, каго лічылі «найвялікшым з найвялікшых, мудрэйшым з мудрэйшых, чалавечнейшым з чалавечнейшых» — усемагутны наш «бацька», імя якому — Сталін.