— Бывай, Міхась, дзякуй табе за ўсё, асабліва за тыя гадзіны, якія мы правялі разам.
Міхась зноў апынуўся ў вагоне-цяплушцы. І зноў цягнік патарабаніў яго на захад. Неўзабаве яны былі ўжо ў Ачынску, потым іх страчалі Багатол, Марыінск, Яя, Тайга, Новасібірск, Барабінск, Татарск… Двое сутак патрабавалася на тое, каб пакрыць адлегласць у 800 кіламетраў. Цягнік затрымлівалі амаль на кожнай станцыі: трэба было прапускаць ваенныя эшалоны з тэхнікай і людзьмі. Раніцай на трэція суткі іх эшалон быў на месцы прызначэння — у Омску.
На гэты раз сёй-той з нявольнікаў даведаўся, куды іх вязуць. Але навошта, для чаго — гэтага ніхто не ведаў. Было вядома адно: куды б ні прывязлі, трэба будзе працаваць.
У адным вагоне з Міхасём знаходзіліся тры жыхары Омска. Ім цяпер усе зайздросцілі.
— Як вам добра, прама дамоў прыехалі!
— А можа, гэта яшчэ і горш, — пачуўся другі голас.
— Так, тут ёсць над чым задумацца, — разважыў трэці.
У ліку трох «шчасліўчыкаў» былі Апанас Анішчанка — раней загадчык аднаго з прадмагаў Омска, Іван Жмыхаў — былы мічман аднаго з параходаў рачнога флоту, Мікалай Кармацкі — былы баяніст Омскага народнага хору. Усе яны загадзя напісалі пісьмы-запіскі, якія праз чыгуначнікаў паслалі дадому. Яны ўжо ведалі наперад, што эшалон будзе доўга стаяць на станцыі.
І вось назаўтра раніцай да акенца вагона падышла ўся сям’я Анішчанкі на чале з жонкай. Яны радаваліся, плакалі, распытвалі пра здароўе ў яго і расказвалі пра сябе. Прынеслі яму такую перадачу, што аднаму і не падняць, прастаялі каля вагона паўдня.
У другой палове дня да Жмыхава прыйшла жонка з малой дачушкай-школьніцай, але з пустымі рукамі. Для парадку жонка пусціла слязу, а пасля спакойна, халодна пачала яго дапытваць, быццам следчы на допыце:
— Дзе ты падзеў сваю андатравую шапку? Цэлая яна ці не? А паліто бобрыкавае з каракулевым каўняром? Пэўна, і гармоню не збярог?
— Ты для гэтага толькі і прыйшла? Што ў мяне магло застацца за чатыры гады такога жыцця? Ты падумала пра гэта?
— З дзеўкамі прагуляў ён усё сваё багацце, не вер яму, маладзіца, — горка пажартаваў нехта з суседзяў па вагоне.
Сам жа Жмыхаў не сказаў ёй больш ні слова. Ён адвярнуўся ад акенца і больш ужо да яго не падыходзіў.
А яна, былая яго сяброўка, пастаяла яшчэ хвіліну, павярнулася і пайшла.
— А ты, Раман, гаварыў, што яму пашэнціла, — сказаў адзін зэк другому. — Вось так, браце! Зразумеў, што яна ўжо яму чужая?
Да Кармацкага ніхто не прыйшоў. Можа, гэта і лепш. А да Жмыхава, калі ўжо эшалон разгрузілі і зняволеных загналі ў зону, за калючы дрот, прыйшоў брат былой жонкі і паведаміў, што яго Ганна ўжо «замужам за другім чалавекам». Ад яе імя ён папрасіў у Жмыхава прабачэння.
Лагерны пункт размясціўся на ўскрайку горада, сярод бярозавага ўзлеску, у часовых бараках-палатках, якія былі ўзведзены на скорую руку. Акрамя жылых памяшканняў там былі і іншыя часовыя збудаванні гаспадарчага тыпу. А непадалёку ад зоны было памяшканне і для аховы, а таксама для службовых, дрэсіраваных сабак, з якімі вадзілі зняволеных штодзень на работу і ў асобныя дні ў гарадскую лазню. На адлегласці 2–3 кіламетраў ад зоны знаходзілася і новабудоўля — шынны завод, які эвакуіравалі з Яраслаўля. Для таго, каб на гэту будоўлю трапіць, не трэба было заходзіць у горад — яна была побач. Усё прадугледжвалася для больш зручнага канваіравання. Толькі для мыцця ў лазні кожная партыя зняволеных павінна была ісці праз увесь горад — да чыгуначнай станцыі.
Што ўяўляў сабой тагачасны Омск? Правінцыяльны, заштатны горад. Цагляныя пабудовы стаялі толькі ў самым цэнтры. Машын у горадзе было вельмі мала, асабліва пасажырскага транспарту.
Расці пачаў Омск з лета, а дакладней, з восені 1941 года. Туды ў той час з цэнтра краіны былі эвакуіраваны дзесяткі прадпрыемстваў.
Адным з такіх прадпрыемстваў і быў Яраслаўскі шынны завод. Утвораны асобны лагпункт з ліку зняволеных павінен быў закласці толькі падмурак, але атрымалася так, што яны і ўзводзілі сцены, і манціравалі станкі. Бо ў горадзе такіх прадпрыемстваў-навасёлаў былі дзесяткі, і ўсе патрабавалі дармовай рабочай сілы.
Працавалі на будоўлі разам і вольнанаёмныя, і зняволеныя. Такое Міхась сустрэў упершыню за ўсе чатыры гады свайго паднявольнага жыцця. Цяжка было адрозніць зэка ад астатніх рабацяг. Толькі па адзенні можна было ўлавіць розніцу паміж гэтымі катэгорыямі людзей ды яшчэ па тым, што сярод зняволеных былі толькі мужчыны, а сярод вольнанаёмных пераважалі жанчыны, таму што мужчыны ваявалі на франтах Айчыннай вайны. Што ж датычыць сытнасці, а пасля ўжо і вопраткі, дык паміж імі можна было паставіць знак роўнасці.