Выбрать главу

На будоўлі працавалі па 12 гадзін у суткі не толькі зняволеныя, але і вольнанаёмныя. А калі трэба было, дык заставаліся і на другую змену. За грошы яны здабывалі і прыносілі зэкам сяго-таго з прадуктаў і курэння, толькі з кожным днём такой магчымасці было ўсё менш і менш. У горадзе знікалі прадукты харчавання, а таксама махорка. Сталыя жыхары яго скардзіліся:

— Прыехалі з нарабаванымі грашыма. Прыхапілі з сабою цэлыя чамаданы грошай з банкаў і магазінаў пакінутых гарадоў,— гаварылі яны, — паднялі цэны, што нідзе нічога не дакупіцца. За адну курыцу даюць столькі, што нам трэба цэлы месяц працаваць! Мы празвалі іх «французамі», а ім усё роўна.

Можа быць, жанчыны і перабольшвалі ў сваіх расказах, але ж доля праўды была ў іх горкіх словах. Канечне, і сярод эвакуіраваных былі розныя людзі — і сумленныя, і хапугі.

Разам з гэтымі салдаткамі-гаротніцамі і «забраніраванымі» мужчынамі Міхась працаваў дзень у дзень без перапынкаў на працягу амаль што двух месяцаў. Усяго хапіла, толькі вось радасці не даводзілася дзяліць з імі, таму што яе ў той суровы час не было. Кожны дзень гэтыя людзі прыносілі сумныя весткі пра адступленне часцей Чырвонай Арміі і аб здачы гарадоў і цэлых абласцей. Горка было на душы. Разам гаравалі і часам плакалі, разам працавалі да знямогі. І за гэта ні на кога не крыўдавалі. Ведалі, што інакш у той час нельга было.

І ў гэты цяжкі для краіны момант Міхась вырашыў напісаць заяву з просьбай адправіць яго на фронт. Напісаў і паслаў, але адказу не дачакаўся. Адрасат — Дзяржаўны Камітэт Абароны — маўчаў.

Праца на будоўлі часам даводзіла да знямогі. А тут яшчэ не было ніякага ратунку ад жулля. Яны, жулікі, як кажуць, на хаду рвалі падноскі. Для іх што мірны час, што вайна — аднолькава. Нават цяпер яны яшчэ больш разгарнуліся.

У пачатку верасня, калі ўжо ў паветры пачалі лятаць павуціны, а раніцай чуваць было, як ляцелі жураўлі і гусі ў цёплыя краі, насельнікаў лагернага пункта пастроілі ў шарэнгі па чатыры і з сабакамі пагналі праз увесь горад да чыгуначнай станцыі, дзе іх чакаў таварны састаў з вагонамі-цяплушкамі. Бывай, Омск! Да новых сустрэч на сібірскай зямлі! Толькі, браце, каб як-небудзь без ганебных «наморднікаў»!

Зноў на берагі магутнай ракі

На гэты раз цягнік узяў кірунак ужо не на захад, а на ўсход — туды, адкуль два месяцы таму назад прывёз гэтых «камсамольцаў-энтузіястаў». Зноў міналі Татарск, Барабінск, Новасібірск.

Чыгуначны маршрут закончыўся ў Краснаярску, а там перасадка на параход і ўніз па Енісеі да былога купецкага горада, які атрымаў сваю назву ад гэтай магутнай ракі,— да Енісейска. Плылі нядоўга, значна менш, чым ехалі на цягніку, — усяго адны суткі з гакам.

Ужо па дарозе з Краснаярска ў Енісейск, седзячы ў труме парахода, Міхась пачуў па радыё жахлівую вестку. Гаварыў акружаны ворагамі Кіеў: «Слухай нас, дарагая Масква, слухай нас, гераічны Ленінград, слухай нас, сонечная Адэса! Слухайце ўсе нашы суайчыннікі! Мы з усіх бакоў акружаны заклятым, лютым ворагам — нямецкімі фашыстамі, але мы не здадзімся! Да апошняй кроплі крыві будзем абараняць наш цудоўны, старажытны горад — сталіцу старажытнай Русі, прамаці рускіх гарадоў, сталіцу Савецкай Украіны! Мы будзем змагацца на яго ўскраінах, на вуліцах, у дамах! Мы не здадзімся і не пакарымся звар’яцеламу фюрэру! Смерць нямецкаму фашызму!»

Гэта былі цяжкія дні не толькі для Кіева і яго жыхароў-абаронцаў. Цяжкія дні для народаў усёй нашай краіны, у тым ліку Масквы, Ленінграда, Адэсы…

Міхась у кутку параходнага трума слухаў і думаў: «Вось бы дзе мне зараз быць, а не ў гэтай пагібельнай клетцы. І няўжо не здагадаюцца тыя, ад каго зараз залежыць лёс не толькі мой, але і ўсіх людзей неабсяжнай краіны, што яны зрабілі непапраўную памылку, загнаўшы такіх, як я, у гэтую бездань, схавалі нас ад усяго: і свабоды, і вольнай працы, і абароны краіны?»

Енісейск — адзін са старэйшых гарадоў Сібіры. Калісьці праз яго пралягаў Вялікі сібірскі шлях. Ён, як і Табольск, славіўся сваім катаржным астрогам на магутнай рацэ, якая ўмоўна раздзяляе Заходнюю і Усходнюю Сібір. У свой час Енісейск быў і цэнтрам золатаздабычы. Як і ў незабыўным 1941 годзе, ён з’яўляецца раённым цэнтрам Краснаярскага краю, ад якога знаходзіцца за 500 кіламетраў на поўнач. Ёсць у ім дрэваапрацоўчыя і рыбныя прадпрыемствы і, як у кожным райцэнтры, быткамбінат і свая аўтабаза. І, канечне ж, царква, якая размясцілася на пагорку. Цяпер там ёсць нават і педінстытут, чаго і ў паміне не было ў 1941 годзе. Але ж галоўнае, што ажыўляе горад, — гэта рачная прыстань, якая разраслася ў цэлы порт. Там, як і ў іншых партах, дзень і ноч працуюць без адпачынку партовыя краны. Тады, у 1941 годзе, іх амаль што зусім не было, усе работы па пагрузцы і выгрузцы, а таксама і перагрузцы параходаў і барж выконваліся рукамі.