Канец пытанняў, канец адказаў. Пасьля ў справе падшытае кароткае абвінаваўчае заключэньне:
«Гэтую справу № 32355 па абвінавачаньню Белаўца (меў жонку і шасьцёра дзяцей) накіраваць на разгляд народнага камісара ўнутраных справаў СССР — Генэральнага камісара ГБ тав. Яжова».
Подпіс опэрупаўнаважанага, які вёў допыт — Гушча, адзнака «Згодны» і подпіс начальніка З-га аддзелу Магілёўскага РА НКВД Давыдзенка зацьвердзіў заключэньне начальнік райаддзелу лейтэнант ГБ Шліфенсон.
Далей да архіўнай справы падшыты апошні, як меркавалі арганізатары камуністычнага будаўніцтва, дакумэнт.
«Выпіска з акту:
Пастанова НКВД СССР і Пракурора СССР ад 14 сьнежня 1937 году (пратакол № 2542) аб расстрэле Белаўца Сьцяпана Андрэевіча прыведзеная ў выкананьне 2 студзеня 1938 году ў горадзе Магілёве. Начальнік 8-га аддзелу УГБ НКВД БССР лейтэнант ГБ Розкін».
Тры з паловай месяцы прайшло ад арышту да расстрэлу Сьцяпана Белаўца. Наступны дакумэнт у ягонай справе зьявіўся толькі праз 23 гады.
У лютым 1960 году сын Белаўца Васіль, якому пад час арышту бацькі было 10 гадоў, напісаў у Вярхоўны Суд СССР прашэньне аб ягонай рэабілітацыі. У лісьце ёсьць такія радкі: «У канцы 1937 году маці панесла перадачу і перадачу ўзялі, але пры другім звароце ў канцы 1937 году работнікі Слуцкай турмы паведамілі, што бацька мой памёр. Мая маці памерла ў 1947 годзе ад пароку сэрца і мы, шасьцёра дзяцей, выхоўваліся як даводзілася, бо дапамогі нам ніякай не давалі. Прашу Вярхоўны Суд разгледзець маю просьбу і аднавіць у правах пасьмяротна майго бацьку…»
Ліст сына пераслалі ў тую самую арганізацыю, якая забіла бацьку. Там яго падшылі да справы з допытам, абвінаваўчым заключэньнем і актам расстрэлу. Сын і бацька зноў былі побач, як і ў той верасьнёўскі дзень 1937-га, калі чэкісты ўвайшлі ў іхную хату. Аднак і празь дзесяцігодзьдзі пад грыфам «сакрэтна» дзяржбясьпека працягвала сваю лінію. У красавіку 1960-га сына, які жыў у Пінску, выклікалі ў мясцовы райаддзел КГБ. Пра тое, што там яму сказалі, Васіль Белавец пісаў ужо вайсковаму пракурору Беларусі:
«Работнік КГБ мне паведаміў, што мой бацька Белавец Сьцяпан, асуджаны ў 1937 годзе да 10 гадоў пазбаўлення волі, памёр у тым жа годзе ад грыпозных ускладненняў і што дадзены факт сьмерці зарэгістраваны ў Старобінскім райбюро ЗАГС. За гэтае паведамленне і чульлівыя адносіны да запытаў працоўных я ад душы дзякую. Але я прасіў аб рэабілітацыі бацькі…»
Эпідэмія «грыпу» 1937 году, мяркуючы паводле адказаў у 1960-м, і праз чвэрць стагодзьдзя працягвала выклікаць ускладненьні. Васіль Белавец яшчэ толькі зьбіраўся напісаць у Вайсковую пракуратуру — відавочна, з падказкі КГБ, як органы ўзяліся за работу. 7 красавіка 1960 году зь Менску паляцела аж 13 сакрэтных, з грыфам «Ліцер «А», запытаў з аднолькавым тэкстам:
«Прашу Вас даць указаньне праверыць па ўліках агентуру былой буржуазнай Польшчы (далей у стандартным бланку ішоў прабел) Сьцяпана Белаўца і паведаміць кампраматэрыялы, якія маюцца на яго».
Запыты адрасаваліся ў Цэнтральны дзяржаўны асобы архіў МУС СССР, у аддзел сакрэтных фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіву Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР, у Менскі абласны архіў, у апэратыўна-даведачную картатэку 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у картатэку фонду архіўных сьледчых справаў на асобаў, зьнятых з уліку ў КГБ пры Савеце Міністраў БССР, іншыя арганізацыі. «Ліцер «А»» там, безумоўна, паважалі — адказы паступілі на працягу тыдня. Як і запыты, яны насілі мэханізаваны характар — пячатка з кароткім тэкстам, маўляў, у сьпісах ня значыцца.
У ліпені супрацоўнікі КГБ выехалі ў вёску Чэпелі і апыталі старых. Ніхто ніякіх зьвестак аб супрацоўніцтве старшыні сельсавету з «польразьведорганамі» ня даў. Наадварот. Як заявіў адзін з дапытаных, «Белавец мне запомніўся як актывіст і чыста савецкі чалавек».
Што гэта азначала ў 1937 годзе — «актывіст і чыста савецкі чалавек»? Белавец быў старшынём сельскага савету, у яго абавязкі ўваходзіла ажыцьцяўленьне ўсіх акцыяў савецкай улады, ад барацьбы з Богам да збору падаткаў. Гэта была катавая служба. У дадатак да калгаснай бясплатнай працы праз сыстэму непасільных падаткаў у прорву імпэрскай індустрыялізацыі выціскаліся апошнія кроў і пот вяскоўцаў. Калі мясцовыя ўлады не спраўляліся з плянамі калектывізацыі, выбіваннем паставак, чысткай партыйных шэрагаў, тады «вычышчалі» іх саміх. Раённае начальства ў сярэдзіне 30-х жыло ва ўгары бязьмежнай улады над тымі, хто быў ніжэй, і такога ж бяспраўя перад вышэйшымі. Сярод іх сустракаліся асобы, перакананыя ў непагрэшнасьці партыі і Сталіна, людзі, якія шчыра верылі ў гістарычную справядлівасьць сваёй справы. Аднак нашмат больш характэрнымі рысамі мясцовай улады рабочых і сялян былі малапісьменнасьць, разбэшчанасьць, жорсткасьць, самаўпраўства, п'янства. На месцах, як і ў НКВД, у большасці працавалі не паталагічныя крымінальнікі альбо ідэйныя фанатыкі, а самыя звычайныя, простыя людзі, выхадцы зь бедных сялянскіх і рабочых сем'яў — плоць ад плоці народу…
Яны лёгка маглі быць на месцы сваіх ахвяраў, і тады б іх саміх заганялі ў калгасы, раскулачвалі, высылалі. Аднак ім пашанцавала, і яны так аддана праводзілі партыйную лінію, што час ад часу ў Крамлі пачыналі гаварыць аб «перагібах», «парушэньнях сацзаконнасьці» ды іншых «галавакружэньнях ад поспехаў». Кадры імпэтна распраўляліся з выбранымі «перагібшчыкамі» і займалі іх месцы, а галоўным заставалася тое, што галавакружэньне было ўсё ж такі ад посьпехаў…
З сацыяльна чужымі элемэнтамі — духавенствам, працавітымі заможнымі гаспадарамі, іх блізкімі і далёкімі сваякамі ў Старобінскім раёне пакончылі задоўга да 1937 году. Цяпер улады не цырымоніліся з калгаснікамі, а пра тых, хто ў Старобінскім раёне працягваў трымацца за ўласны падворак, у лютым 1937-га на пленуме райвыканкаму, прысвечаным сталінскай канстытуцыі, было сказана проста і ясна: «аднаасобнік зьяўляецца ворагам працоўнага народу». І гэта была ня новая палітычная ўстаноўка, а канстатацыя даўно заведзенай практыкі, што маглі пацьвердзіць усе старобінскія аднаасобнікі, якія чулі заяву (вялася трансляцыя пленума празь мясцовае радыё). Праўда, такую раскошу, як радыё, маглі дазволіць сабе далёка ня ўсе прыватныя гаспадары, няшчадна абкладзеныя процьмай падаткаў і збораў. Калі яны не спраўляліся з новымі і новымі паборамі, у справу ўступалі сельсаветы.
У архіўнай даведцы НКВД на старшыню Чэпелеўскага сельсавету Белаўца гаварылася, што ён «за няўплату сельгаспадатку распрадаў да рэшты пяць аднаасобных гаспадарак». У НКВД інфармацыю пакінулі без увагі. Гэта была самая звычайная зьява: калі лічыць толькі паводле пісьмовых скаргаў пацярпелых, у 1936 годзе ў Старобінскім раёне сканфіскавалі маёмасьць у 117 аднаасобнікаў. Камісія савецкага кантролю пры СНК БССР, якая ў рамках чарговай кампаніі супраць чарговага «галавакружэння» правярала раён, адзначала: «Як правіла, канфіскаваная маёмасьць прадавалася за бясцэнак і ў выніку многія аднаасобныя гаспадаркі разбураліся. Ускрытыя факты прысваення асобнымі старшынямі сельсаветаў часткі канфіскаванай маёмасьці і грошай ад яе рэалізацыі».
Верагодна, сярод старшыняў сельсаветаў былі розныя людзі. Аднак Сьцяпан Белавец запомніўся людзям даволі пэўна. Яны засведчылі ў 1960 годзе, што старшыня сельсавету «вельмі актыўна праводзіў палітыку ўцягнення сялянаў у калгас і на гэтай глебе часам крыўдзіў асобаў, якія не хацелі ўступаць у калгас. Да асобаў, якія не выконвалі падаткаў, Белавец ставіўся жорстка, часам паводле яго патрабавання ў некаторых аднаасобнікаў канфіскавалася маёмасьць».
Пяць цалкам зьнішчаных гаспадарак, пушчаных голымі ў сьвет сем'яў аднаасобнікаў пацвярджаюць характарыстыку Сьцяпана Белаўца як «чыста савецкага чалавека». Яго паводзіны не адрозьніваліся ад дзеянняў большасці мясцовых уладароў сельсавецкіх пячатак. Вось некаторыя штрыхі ў партрэт старобінскіх сельсаветчыкаў з даведкі Камісіі савецкага кантролю (ад 13 сакавіка 1937 г.):
«Аб скажэньнях дырэктываў партыі і ўраду і парушэньнях рэвалюцыйнай законнасьці ў Старобінскім памежным раёне.
…У савецкіх арганізацыях праводзілася голае адміністраванне, якое суправаджалася зьдзекамі над калгаснікамі і аднаасобнікамі.