(Паэт расказваў, калі на стол дырэктара незаўважна паклалі зборнік з эпіграмай, той разадраў кніжку і шпурнуў у кут…)
У манаграфіі Барысенкі можна знайсьці спасылку нават на Бэндэ. На Гарэцкага — няма. Няма асобнага разьдзела пра Гарэцкага ў акадэмічнай «Истории белорусской советской литературы». Барысенка не дапусьціў выдатнага мастака слова ні ў адно з 19-ці перавыданьняў школьнага падручніка беларускай літаратуры, аўтарам якога, разам з В. Івашыным, зьяўляўся…
У артыкуле «Дзе віна, дзе бяда…» пазыцыя ў абарону Барысенкі грунтуецца на двух пунктах апоры: абстаноўка 30-х гадоў, якая прымушала ўсіх быць як «многія іншыя», і асабістая перабудова пасьля XX зьезду. Для ўстойлівасьці патрабуецца заўсёды трэці пункт апоры, у дадзеным выпадку — ў рэальным жыцьці. Яго няма. Не было ў 30-я гады адных толькі «многіх іншых», не было годных грамадзянскіх паводзін пасьля XX зьезду. Вядома, за дзесяцігодзьдзі дырэктарства немагчыма не зрабіць нешта карыснае для Інстытуту і супрацоўнікаў. Але хіба ня быў акадэмік больш чым шчодра аддзячаны за гэта — уладай, акладам, ганарарамі, ляўрэацтвам, хвалебнымі артыкуламі ў друку і энцыкляпэдыях?
Ня так даўно ў Інстытуце літаратуры рабілі захады, каб перавыдаць доктарскую працу Барысенкі. Што ж, відаць сотні твораў рэпрэсаванай беларускай літаратуры могуць пачакаць, як чакалі паўстагодзьдзя і больш. Пачакаем — не прывыкаць — і мы. Але калі так неабходна перавыдаць акадэміка Барысенку, дык гэта павінна быць сапраўды акадэмічнае выданьне. З усімі без выключэньня працамі, з дакладнымі зьвесткамі пра лёс паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў, якія патрапілі на вастрыё ягонага пяра. Пажадана было б хоць пералічыць рэпрасаваныя творы, якія, дзякуючы акадэміку, ня ўбачылі сьвет альбо былі пушчаны пад нож цэнзара. Варта прывезці цэлыя вершы і асобныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, якія, пад кіраўніцтвам дырэктара, былі выкінутыя з акадэмічных выданьняў народных паэтаў, а сьляды вівісэкцыі замецены — ні спасылкі, ні шматкроп'я. А ў навуковым камэнтары да акадэмічнага выданьня Барысенкі хацелася б прачытаць не юбілейныя абстракцыі накшталт «мэтанакіраванай і актыўнай працы ў духу новага часу», а аргумэнтаваны разбор таго, што ў інстытуце было зроблена дзякуючы, а што — насуперак намэнклятурнаму рэкардсмэну, які ўзначальваў установу з 1937 па 1973 гады.
Ёмістае, відаць, атрымаецца выданьне. Але навуковая спадчына «старэйшыны беларускага літаратуразнаўства», як велічалі Барысенку некаторыя вучні, зойме там няшмат месца. Ступень доктара навук, званьні прафэсара, членкара і акадэміка фактычна прысвоеныя — унікальны выпадак — за адну адзіную самастойную працу, да таго ж пабудаваную на чужой канцэпцыі. Творчы архіў Барысенкі, перададзены на захаваньне ў акадэмічную бібліятэку, складаюць ня рукапісы, планы, перапіска і да таго падобныя матэрыялы навуковай альбо асьветніцкай дзейнасьці, а… ганаровыя граматы.
Дзеля паўнаты ў акадэмічнае выданьне Барысенкі варта ўключыць лісткі з апошняй анкеты асабістай справы, якую акадэмік запаўняў незадоўга да сьмерці. У графу «сямейнае становішча» дрыготкай рукой упершыню за паўстагодзьдзя ўпісана: «брат Мікалай, жыве і працуе ў Нарыльску…»
Запазьніўся запіс ці не — вырашаць брату. А чытачы пасьля знаёмства з усімі матэрыяламі разьбяруцца: дзе віна, дзе бяда, а дзе — сам колішні дырэктар літаратуры.
І дзе мы самі?…
Аляксандар Лукашук
«Звязда», 26 верасьня 1989 г.
Ад аўтара
Дзе мы самі — пытаньне да самога сябе… Для адказу на яго амаль непрыдатны чужы досьвед, трэба самому абдзіраць калені, каб падняцца зь іх.
У 1990 годзе мяне абралі членам Камісіі пры Вярхоўным Савеце, якая займалася правамі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта аблегчыла здабыванне матэрыялаў у архівах, зьявілася больш магчымасьцяў дапамагаць ахвярам і іх дзецям у рэабілітацыі, вяртаньні маёмасьці, знаёмстве са справамі іх закатаваных бацькоў. З падтрымкай дэпутатаў апазыцыі БНФ Сяргея Навумчыка, Галіны Сямдзянавай, удалося паскорыць рэабілітацыю праваабаронцы зь Беларусі Міхаіла Кукабакі, які ў 60–80 гады правёў 17 гадоў у турмах, лагерах, вар'ятнях. Праўда, амаль нічога не ўдавалася зрабіць у дачыненні да катаў — сыстэма абараняла іх насьмерць.
Раз-пораз у архіўных дакумэнтах, зь якімі я працаваў, мільгала імя Барысенкі, але пасьля палемікі зь Віктарам Каваленкам мне здавалася, што тэма вычарпаная. Так яно і выглядала, пакуль амаль празь пяць гадоў — цэлую эпоху, калі памянялася нават карта Эўропы! — я не раскрыў «ЛІМ» за 1 красавіка 1994 г. і не пабачыў, што памыляўся… Быццам у адказ на колішнюю разгубленасьць дырэктара Інстытуту літаратуры, які ці то сьцьвярджаў, ці пытаўся «Дзе віна, дзе бяда…» супрацоўнік таго ж інстытуту Уладзімір Казьбярук удакладняў:
І віна, і бяда…
Балюча адбываецца ў нас працэс пераасэнсаваньня і пераацэнкі мінуўшчыны. І добра, калі бяруцца за гэтую справу людзі кампэтэнтныя і сумленныя. А калі не хапае ці адной, ці другой якасьці? Тады мы становімся сьведкамі розных маніпуляцыяў. Так можна сказаць і пра цэлыя этапы або эпохі гісторыі народа наогул, і пра ацэнку дзейнасьці паасобных людзей.
У мінулыя гады зьявіўся шэраг публікацыяў, у якіх без уліку канкрэтных абставін ацэньваліся чалавечыя якасьці і навуковая дзейнасьць былога дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы нацыянальнай Акадэміі Навук Васіля Васілевіча Барысенкі. Думаецца, настала пара спакойна, разважліва зірнуць на колішнія супярэчлівыя падзеі з адлегласьці, з улікам усяго нашага вопыту і па часьці абвінавачанняў, і па часьці апраўданняў. Тут давядзецца аглядвацца на дзьве даўнія публікацыі: на артыкул В. Каваленкі «Дзе віна, дзе бяда…» і разносна-пагромны адказ A. Лукашука «Дырэктар літаратуры». Нагадаю, што B. Каваленка зрабіў спробу пры характарыстыцы В. Барысенкі вельмі ўзважана і пасьлядоўна, з усёй сур'ёзнасьцю ўлічваць незвычайную складанасьць сытуацыі ў 30-я гады. У той жа час А. Лукашук паставіў В. Барысенку побач з Л. Бэндэ і абвінаваціў яго амаль што не ва ўсіх бедах, якія ў 30-я гады наваліліся на нашую літаратуру, на многіх яе прадстаўнікоў. Ён безапэляцыйна адкінуў думку пра неабходнасьць улічваць агульны фон ідэйнага і духоўнага жыцьця 30-х гадоў.
Пад занавес свайго палемічнага выступлення А. Лукашук падагульняе: «У артыкуле «Дзе віна, дзе бяда…» пазыцыя ў абарону Барысенкі грунтуецца на двух пунктах апоры: абстаноўка 30-х гадоў, якая прымушала ўсіх быць як многія іншыя, і асабістая перабудова пасьля XX зьезду. Для ўстойлівасьці патрабуецца заўсёды трэці пункт апоры, у дадзеным выпадку — у рэальным жыцьці. Яго няма. Не было ў 30-я гады адно толькі «многіх іншых», не было грамадзянскіх паводзін пасьля XX зьезду».
Мы ўсё ж такі паспрабуем пашукаць і «многіх іншых» у перадваенныя і нават пасьляваенныя гады, і «пункт апоры» «у рэальным жыцьці» ў пасьлясталінскую эпоху. Яшчэ ў 1930 г., у 11 і 12 нумарах часопіса «Маладняк» быў апублікаваны артыкул Цішкі Гартнага «Нацыянал-дэмакраты за «працай»» (гл. часопіс «Спадчына», 1991, № 4 і 5). Тут няшчадна выкрываліся нацдэмы — тады яшчэ жывыя людзі, якія, як мы сёньня ведаем, верай і праўдай служылі беларускаму народу, разьвівалі і ўзбагачалі нацыянальную культуру, літаратуру, навуку. Такой публікацыяй Ц. Гартны дыскрэдытаваў сябе вельмі моцна.
У пачатку 30-х гадоў у часопісе «Узвышша» малады Пятро Глебка ў артыкуле «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксісцкай фразай» дзяліўся такімі перакананьнямі, за якія сёньня можна было б надзяліць аўтара рознымі ня надта салодкімі эпітэтамі. Тады ўжо набірала сілы тая вакханалія, якая ў сярэдзіне 30-х гадоў пацягнула ў сваё балота ўсе слаі грамадзтва, у тым ліку і інжынэраў чалавечых душ. А калі хто захоча пацікавіцца, што, як і дзе адбывалася, то хай пачытае хаця б справаздачу аб сходзе пісьменьнікаў БССР («ЛІМ», 20 сакавіка 1937) або інфармацыю аб партыйным сходзе ў СП («ЛІМ», 25 сакавіка 1937). Дастаткова багатая інфармацыя зьмешчаная і ў іншых нумарах «Ліма», у «Звяздзе» ды і ў любым пэрыядычным выданьні. І калі б кіравацца крытэрыямі высокай сённяшняй прынцыповасці, то што трэба было б пісаць пра Ц. Гартнага, П. Глебку, П. Броўку, А. Александровіча (якому і ў тыя часы даставалася добра), А. Куляшова, 3. Бядулю, К. Крапіву, А. Астрэйку? І ня толькі прыемнае давялося б гаварыць пра Купалу з Коласам (пра апошняга нават у пасляваенны пэрыяд).