— Чорны — хай ён там счарнее, дзе ён чарнее…
Потым цэлая група, узгадваў Янкоўскі, шнырыла па інстытуце, шукала аўтара крамольнага пытаньня.
Пашанцавала чалавеку, сярод мноства завочнікаў яго почырк не ўстанавілі. Ужо ў 80-х, калі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» паводле прапановы Інстытуту літаратуры спрабавалі перавыдаць творы Барысенкі, Янкоўскі, як член рэдкалегіі зборніка, рэзка выступіў супраць перавыданьня. Праз два тыдні пасьля нашай тэлефоннай размовы яго не стала…
Сьведкаў амаль не засталося. Ці ня гэтая акалічнасць сёньня падштурхоўвае некаторых супрацоўнікаў Інстытуту літаратуры аберагаць асобу акадэміка. Зразумелая настойлівасьць дачкі (не забудземся толькі, што і ў ахвяраў былі дзеці). Можна вытлумачыць, зрэшты, і ўдзячнасьць былых падначаленых, якім В. Барысенка асабіста не зрабіў нічога дрэннага, дапамагаў (будзем памятаць, аднак, што так склалася далёка не ва ўсіх). Немагчыма, і я пісаў пра гэта, амаль 40 гадоў узначальваць установу і не зрабіць нічога карыснага для людзей і для справы.
Але няўжо ж Барысенка мала быў аддзячаны за сваё служэньне — пасадай, кватэрамі, званьнем акадэміка, элегантнымі фармулёўкамі ў энцыкляпэдыях, спакойным жыцьцём сваёй сям'і (калі адкінуць арыштаванага брата, ад якога адрокся, нават зьмяніў сваё прозьвішча)?..
Аказваецца — мала. Аказваецца, трэба яшчэ нешта — добрую памяць.
І гэта самы галоўны і абнадзейваючы вывад з нашай шматгадовай палемікі. Ніхто не забароніць блізкім і знаёмым памятаць пра добрае, што было ў чалавеку. Але ня ўдасца выкрасліць зь людзкой памяці і зло, якое ён нёс і якое засталося беспакараным.
Не магу не пагадзіцца з думкай, якой пачынае свой артыкул У. Казбярук: «Балюча адбываецца ў нас працэс пераасэнсаваньня і пераацэнкі мінуўшчыны. І добра, калі бяруцца за гэтую справу людзі кампэтэнтныя і сумленныя. А калі не хапае ці адной, ці другой якасьці? Мы тады становімся сьведкамі розных маніпуляцыяў». Далібог, сапраўды так. Асабліва, калі не хапае адразу абедзьвюх згаданых якасьцяў.
Аляксандар Лукашук
«ЛІМ», 9 верасьня 1994 г.
Заўчасны постскрыптум
На момант друкаваньня гэтай кнігі ў беларускіх газэтах і часопісах, якія выдаюцца нацыянальнымі творчымі саюзамі, працягваюць зьяўляцца — за аўтарытэтнымі подпісамі — чарговыя публікацыі ў абарону «дырэктара літаратуры». Я ня маю што дадаць да ўжо сказанага, хоць мог бы прывесьці новыя архіўныя факты. Выглядае, рэч зусім ня ў фактах.
…А мы яшчэ пытаемся, што з намі адбываецца.
5. ЦУД УСТАВАНЬНЯ З КАЛЕНАЎ
(замест эпілёгу)
Ніколі не апраўдвайся, вучыць старажытная мудрасьць: сябрам гэта не патрэбна, ворагі ўсё роўна не павераць. Пасьля адной публікацыі мне пазваніла маці і сказала: «Кінь, хопіць ужо з гэтых… А калі б гэта быў твой бацька?..» «А калі б я быў сынам «ворага народа»?..» Потым я працягваў дыялёг сам, узгадваючы папрокі і аргумэнты, якія чуў, якія мог уявіць.
Тэма патрабавала калі не апраўданняў, дык тлумачэньняў, не для сяброў альбо ворагаў — для сябе.
— Сказана: не судзіце і вас не асудзяць. А калі тваю пісаніну падняць пра розныя юбілеі савецкай улады?..
— Я за тое, каб судзілі і каб кожны атрымаў паводле грахоў сваіх. І я — таксама. Сярод маёй пісаніны была лухта, але няма даносаў. На мяне даносы былі, а ў мяне даносаў няма.
— Чаму ты ня выступіў супраць вайны ў Афганістане, хоць ўжо скончыў інстытут, меў 24 гады?
— Што я разумеў тады…
— Ты хочаш сказаць, што ўсе так сябе паводзілі? Чаму ж для Барысенкі адна мерка, а для цябе іншая?
— На сумленьні Барысенкі — жыцьці людзей. А пра сябе я хачу сказаць, што ня ўдзельнічаў у пратэстах супраць Афганістану, няважна, былі яны ў Беларусі ці не, і мне за гэта, як і за шмат што іншае, сорамна.
Вельмі цяжкае пытаньне — зь якога моманту наступае грамадзянская адказнасць? Дзе праходзіць мяжа паміж прыватным жыцьцём і саўдзелам у злачынствах, якія робяцца і ад твайго імя?.. Існуе меркаваньне, што ў таталітарнай дзяржаве маральным і сумленным можна заставацца толькі ў турме. Любая твая самая бяскрыўдная праца ўмацоўвае дзяржаву і аб'ектыўна спрыяе злу. Гісторык Юры Афанасьеў на зводлівае пытаньне, дзе ж ён быў раней, адказаў: там, дзе і ўсе — у дзярме. Супрацьлеглы падыход — немагчымасьць паўплываць на дзяржаўныя рашэньні быццам аўтаматычна здымае з грамадзянаў усю віну.
Мне здаецца, што адказ кожны павінен даваць сабе перш за ўсё сам. Формулу разьвітаньня з рабствам прапанаваў Чэхаў, які сам прад'яўляў сабе такія патрабаванні, што знаходзіў нейкія кроплі несвабоды.
І яшчэ адно практычнае назіраньне: патрабуецца час, каб з раба стаць свабодным. Гэта працэс быццам і просты, але і невытлумачальны цалкам. Што залежыць ад асяродку, што ад характару, ад генаў — ня ведаю. Андрэй Сахараў спачатку зрабіў для камуністычнага рэжыму тэрмаядзерную бомбу, якая магла ўвогуле скончыць з цывілізацыяй, а пасьля стаў адным з галоўных апанэнтаў сыстэмы. Аляксандар Салжаніцын назваў фэномэн Сахарава цудам. А як растлумачыць цуд? Больш менш цьвёрда можна гаварыць хіба пра накірунак руху: ад зла ці абыякавасці — да дабра і справядлівасці для сябе і іншых.
— І гэты шлях прывёў цябе ў КПСС у 1988-м?
— Неспазнаныя шляхі нашыя… Мой сябар, адзін з заснавальнікаў БНФ, неяк на сустрэчы з выбаршчыкамі заявіў: «Я ўступіў у дзьве арганізацыі, у якія ня мог не ўступіць: Мартыралёг Беларусі і КПСС!»
З пачатку 80-х я запісваў для сябе ўспаміны вязьняў ГУЛАГу, і ў іх расказах мінулы жах быў выразна зьмяшаны з жахам цяперашнім: а раптам усё зноў паўторыцца?..
Памятаю, як мяне скаланула першае пасьля абраньня генсекам публічнае выступленне М. Гарбачова. На ўрачыстасцях да 40-годзьдзя Перамогі ён сказаў тое, што не гаварылі ні Хрушчоў, ні Брэжнеў, ні Андропаў з Чарненкам — адзначыў выдатную ролю «Генэральнага сакратара ЦК партыі Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна». Зала сустрэла гэтыя словы авацыяй.
І калі раптам гарбачоўская галоснасць прачыніла дзьверы гістарычнай праўдзе, публічныя прызнанні злачынстваў мінулага загучалі як пакаяньне і ачышчэнне, як аднаўленьне справядлівасьці, як гарантыя — не паўторыцца. І ў заяве ў партыю я напісаў тады: «хачу актыўна ўдзельнічаць у рэвалюцыйнай перабудове»…
— Ну і як удзельнічаў, актыўна?
— Партбілет адчыніў дзьверы ў архівы, і я акунуўся ў дакумэнты 30-х з галавой. Гэтую тэму тагачаснае кіраўніцтва «Звязды» падтрымлівала, і хаця за публікацыі пад рубрыкай «Гісторыя бязь белых плям» газэце часта ўлятала, але чытачы прызналі. Адным словам, працэс ішоў. Ішоў ён і па-за рамкамі газэтнай паласы.
Разам зь Зянонам Пазьняком, Маяй Кляшторнай, Віктарам Крукоўскім, Яўгенам Куліком, Міхасём Чарняўскім, Валянцінай Вяргей, Міколам Крывальцэвічам, Юрам Дракахрустам ды іншымі мы збіраліся ў пакоях Інстытуту гісторыі ці маім рэдакцыйным кабінэце і пісалі статут «Камітэта 58», які потым стаў называцца «Мартыралёг Беларусі». Нашыя дэклярацыі пра «садзеяньне палітыцы партыі», «адраджэнне ленінскіх прынцыпаў» ды «грунт XIX Усезаюзнай партканфэрэнцыі» можна знайсьці і ў дакумэнтах «Мартыралёгу», і ў першай праграме БНФ, поўная назва якога тады гучала так: «Беларускі Народны Фронт за перабудову «Адраджэнне»».
— Працьвярэзілі вас «чаромхай» на Дзяды на ўсходніх могілках!
— Каго як… Зянон і так усё разумеў, толькі ўжываў тэрмін «бюракратыя» замест «камуністы». А ў іншых яшчэ жыла вера ў парыў Гарбачова. Я пазбавіўся партбілету толькі ў 1990-м. Калегі ў газэце наладзілі нейкую пародыю на суд, шкадую, што ўвогуле пайшоў туды — і сорамна за іх, і шкада…
— А самому ня сорамна за ўступленне?
— Сорамна. Хоць і ведаю, што бяз гэтага пропуску не патрапіў бы ў архівы, ня змог бы напісаць, апублікаваць, зьняць кіно пра ахвяраў камунізму. Таксама весялей было ў пракуратуры, міліцыі ды судах, куды мяне клікалі падсудныя як сябра, а ўлады дапускалі як карэспандэнта партыйнай газэты. І ўсё ж, усё ж… Не геройскі крок, мякка кажучы. Сытуацыя даволі тыповая для пераходнага пэрыяду і для тых, хто толькі пачынаў уздымацца з каленяў.
А наконт веры — тады для мяне сорамна было б яе ня мець, не адгукнуцца на жывы голас, які ўпершыню загучаў з арэапагу мерцьвякоў і павёў да свабоды. Ахматава не саромелася называць сябе «хрушчоўкай». Калі Андрэй Сахараў гаварыў, што альтэрнатывы Гарбачову няма, гэта значыла, што няма гуманнай альтэрнатывы. Лігачовых было колькі заўгодна. Я згодны з Алесем Адамовічам: без Гарбачова кроў пры распадзе ядзернай імпэрыі была б шматкроць памножаная і хто ведае, ці ня стаў бы сам распад ядзерным…