1937. «Удзельнік Слуцкага паўстання»
Ордэр на арышт і вобыск № 231 Макар Гарбачэўскі мог выпісваць з асаблівым задавальненнем. У сакрэтнай даведцы, якую ён склаў на падставе даносу на 42-гадовага Міхаіла Сямёнавіча Бунцэвіча, беларуса, пісьменнага, ахоўніка Старобінскага дзяржбанку, гаварылася:
«У 1920 годзе, пры арганізацыі Беларускай Рады, выступаў супраць Савецкай улады і змагаўся супраць Чырвонай Арміі. Каля мястэчка Семежава, пад націскам чырвоных частак крычаў паўстанцам не адступаць, а змагацца да апошняга, і калі іх атрад быў разьбіты, Бунцэвіч Міхаіл пасьпеў схапіць сьцяг Беларускай Рады, які цяпер захоўваецца ў яго альбо яго брата Піліпа, арыштаванага органамі НКВД».
Сьцяг у Бунцэвіча не знайшлі. Яго допыт Гарбачэўскі, загружаны іншымі справамі, даручыў правесьці свайму намесьніку Казлову. Бунцэвіч адмовіў усе абвінавачаньні. Тады Казлоў узяўся за сьведкаў.
Дапытаны работнік банку Ісак Голуб заявіў, што Бунцэвіч браў удзел у Слуцкім паўстаньні і падтрымліваў контррэвалюцыйную сувязь са сваім братам Піліпам, арыштаваным НКВД. Праўда, сам Голуб нічога напэўна ня ведаў і спаслаўся на двух чалавек, якія гэта яму расказвалі. Адзін з тых двух, Кандрат Караба, пацьвердзіў, што бачыў, як Бунцэвіч ехаў на кані ў бок Семежава, а таксама дадаў, што Бунцэвіч агітаваў яго не падпісвацца на заём, бо карысьці ад яго ніякай няма. Пацьвердзіў удзел Бунцэвіча ў Слуцкім паўстаньні і яшчэ адзін сьведка, Шлома Левітан. Прынамсі, менавіта так былі запісаныя іх паказаньні ў пратаколах допытаў.
Невядома, як праходзілі вочныя стаўкі і ці праводзіліся яны наогул, але сьледчы так і ня змог выбіць з арыштаванага прызнання. Пра тое, чаго гэта каштавала Бунцэвічу, можна толькі здагадвацца. Але факт застаецца фактам: памочнік опэрупаўнаважанага Казлоў мусіў запісаць у пратакол катэгарычнае адмаўленне арыштаваным усіх абвінавачанняў.
Справу без «царыцы доказаў» — уласнаручнага прызнання — старобінскія чэкісты перасылаць наркаму Яжову (што азначала верную сьмерць) не рызыкнулі, а накіравалі на разгляд «Асобай тройкі НКВД БССР». «Тройка» прызнала Бунцэвіча вінаватым толькі ў тым, што ён вёў контррэвалюцыйную агітацыю супраць мерапрыемстваў партыі і ўраду і даказваў непазьбежнасьць гібелі савецкай улады. Пра ўдзел у Слуцкім паўстаньні ня згадвалася.
Згодна з выпіскай з пратаколу № 66 ад З лістапада 1937 году, «тройка» пастанавіла адправіць Бунцэвіча ў папраўча-працоўны лягер тэрмінам на 10 гадоў. Яго нават не пазбавілі права перапіскі.
Пасьля 1937-га ішоў 1938 год. Сталін зьмяніў непатрэбнага больш Яжова на Берыю, і пасьля партыйнага пленуму на пачатку 1938-га адныя каты пачалі душыць іншых — цяпер ужо каралі за парушэньні «сацыялістычнай законнасьці». Пачалі мяняць кадры НКВД у рэспубліках: у Менск замест Бермана прыехаў Наседкін, якога неўзабаве зьмяніў Цанава. Ратацыя ішла на ўсіх узроўнях, партыйныя, савецкія і чэкісцкія кадры перакідваліся з аднаго раёну ў іншы — каб не «зрасталіся» зь мясцовымі насельнікамі, праводзілі лінію жорстка і рашуча, без сэнтымэнтаў.
Макара Гарбачэўскага пасьля году пасьпяховай працы ў Старобіне перавялі на пасаду начальніка райаддзелу НКВД у Шклоў.
Пакуль Гарбачэўскі выкараняў ворагаў на Магілёўшчыне, зьняволены Тайшэцкага лягеру Бунцэвіч пісаў лісты, якія акуратна падшываліся да ягонай справы. Першым зь іх стаў ліст пракурору БССР. На 12-ці старонках Бунцэвіч апісваў сваё жыцьцё, сваякоў, і даводзіў, што сьведкі ў ягонай справе гаварылі супрацьлеглае таму, што запісана сьледчым. Да архіўнай справы падшыты і ліст сына Бунцэвіча Кастуся, вучня 7-е клясы, адрасаваны Сталіну.
Малы бацькаў заступнік пісаў кату: «Мой бацька ніколі нідзе ня быў, ні за мяжой, ні ў белых. Усе грамадзяне мястэчка Старобіна са зьдзіўленьнем гавораць: «За што Бунцэвіча Міхаіла арыштавалі, здаецца, ён быў сумленны чалавек?» Таварыш Іосіф Вісарыёнавіч! Пераканаўча прашу разглядзець маю прапанову. Цераз людзей-паклёпнікаў яму давялося несьці незаслужанае пакаранне».
На аркушы, вырваным са школьнага сшытку, стаіць дата: 9 кастрычніка 1939 году. Ліст хутчэй за ўсё напісаны пад дыктоўку кагосьці са старэйшых, якія спрабавалі надаць яму «афіцыйны» стыль. Аўтар дакладна называе непасрэдную прычыну зьняволеньня Бунцэвіча: «людзі-паклёпнікі», хоць, безумоўна, ніколі ня бачыў кардоннай папкі са справай НКВД. Яшчэ шэсьць лістоў у абарону мужа напісала жонка арыштаванага Клаўдзія Бунцэвіч.
Далейшыя матэрыялы архіўнай справы Бунцэвіча сьведчылі пра нараджэне цуду, які набываў ўсё больш выразныя формы з кожным новым перагорнутым дакумэнтам. Згодна з загадам НКВД СССР № 00116, які патрабаваў у выпадку пратэсту перагледзець і дасьледаваць справу на працягу 10-ці дзён, управа Тайшэцкага лагеру накіравала заяву Бунцэвіча пракурору БССР. У сакавіку 1940-га сьведку Ісака Голуба зноў выклікалі ў Старобінскі райадцзел НКВД. Там ужо сядзелі іншыя людзі.
У пратаколе допыту Голуба зьявіўся зусім новы запіс: «Аб правядзеньні контррэвалюцыйнай агітацыі Бунцэвічам Міхаілам я нічога не магу паказаць, бо я за ім гэтага ніколі не заўважаў, за выняткам таго, што ў прыватных размовах Караба Кандрат у 1937 годзе летам гаварыў, што Бунцэвіч прыняў удзел у Беларускай Радзе. Але чамусьці да лета 1937 году ён аб гэтым нічога не гаварыў». Канец сьведчаньня. У адзін дзень з Голубам быў зноў дапытаны Шлома Левітан, які ўвогуле заявіў, што ніякіх паказаньняў аб удзеле Бунцэвіча ў Слуцкім паўстаньні не даваў.
У Старобінскім райаддзеле падрыхтавалі пастанову на імя новага наркама Лаўрэнція Цанавы, у якой гаварылася: «Рашэньне асобай тройкі НКВД БССР ад З сьнежня 1937 году адмяніць, Бунцэвіча Міхаіла Сямёнавіча з-пад варты вызваліць. Гэтую пастанову для выкананьня праз І спэцаддзел НКВД БССР накіраваць у Тайшэцкі лагер НКВД СССР, 2-гі агульналягерны пункт «Ударны» па месцы знаходжання». І — подпісы новых работнікаў Старобінскага райаддзелу і Менскай абласной управы НКВД — Герасімаў, Васілеўскі, Масквічоў. 6 красавіка 1939 году Цанава ўласнаручна зацьвердзіў пастанову.
Як вынікае з датаў на дакумэнтах, яшчэ за два дні да подпісу Цанавы старшы опэрупаўнаважаны сяржант ГБ Пракоф'еў, які працаваў у І спэцаддзеле НКВД БССР, накіраваў дэпешу пад грыфам «Вельмі тэрмінова. Вызваленьне. Зусім сакрэтна» ў Тайшэцкі лагер і копію ў І спэцаддзел НКВД СССР у Маскву. Пастанова аб адмене рашэньня «тройкі» і вызваленні Бунцэвіча паляцела ў Сібір.
З кожным дакумэнтам, які знаходзіўся ў архіўнай справе Міхаіла Бунцэвіча, усё больш рэальным рабіўся цуд, амаль мітычны выпадак вызвалення. Сваёй выключнасцю ён быў абавязаны і стойкасьці самога Бунцэвіча, і клопатам сям'і, якая не адраклася ад бацькі, але, у першую чаргу, страху Сталіна перад сваімі памагатымі. Любы дыктатар жыве ў пастаянным страху перад занадта актыўнымі паплечнікамі і час ад часу робіць папераджальную рубку галоў — калі паспявае. Сталін заўсёды паспяваў, і палітычная кан'юнктура ў справе Бунцэвіча, такім чынам, склалася выключна спрыяльна. Трэба было не прапусьціць момант.
Аднак кароткі адказ з Тайшэту ў Менск прыйшоў толькі ў лістападзе 1940-га. Паведамлялася, што Бунцэвіч этапаваны з Тайшэтлагу ў Карлаг і запыт НКВД БССР перапраўлены туды. Сем месяцаў маўчаньня ў адказ на патрабаваньне «вельмі тэрміновага вызваленьня» выклікалі недаўменьне: ці гэта была норма? Ці Бунцэвічу перастала шанцаваць? Ці, можа, зноў мяняліся часы?..
Чаму і дзе блукала папера аб вызваленьні Бунцэвіча? Адну зь верагодных вэрсіяў падказаў сам архіўны дакумэнт. Яго мусілі былі падпісаць дзьве службовыя асобы: непасрэдны выканаўца сяржант ГБ Пракоф'еў, і ягоны подпіс стаіць, і начальнік І спэцаддзелу НКВД БССР — гэтага подпісу няма.
Імя начальніка, які проста мог пакласьці пастанову аб вызваленьні пад сукно — Макар Гарбачэўскі. Пасьля сямі месяцаў службы ў Шклове ён быў пераведзены на працу ў Менск і заняў пасаду спачатку начальніка аддзялення, а празь пяць месяцаў узначаліў І спэцаддзел. Усе дакумэнты на вызваленне Бунцэвіча клаліся яму на стол. Адмена прысуду і зьняцьце абвінавачанняў маглі падарваць імклівую кар'еру маладога пэрспэктыўнага супрацоўніка…