Выбрать главу

У адным з адкрытых для наведнікаў менскіх архіваў захоўваецца таўсценны фаліянт, які невядома як туды патрапіў. У яго доўгая назва: «Настольны рэестар сеткі асобага аддзелу ўправы дзяржбясьпекі НКВД БССР за 1939 год. Экзэмпляр № 447. Зусім сакрэтна. Захоўваць нароўні з шыфрам». Нароўні з шыфрам захоўвалі сьпіс даносчыкаў асобага аддзелу НКВД СССР пры 15-м пагранатрадзе НКВД БССР. Такім чынам, даносчыкі, якія «працавалі» ў войсках НКВД, падпарадкоўваліся Маскве, а не мясцовым чэкістам. Друкарскім спосабам выдадзеная кніга мела стадыяльныя табліцы з разьдзеламі, куды ўпісваліся мянушкі даносчыкаў, іх службовае становішча і пасада. Сапраўдныя прозьвішчы не пазначаліся, але іх пры жаданьні лёгка знайсьці, калі падняць дакумэнты асабовага складу і паглядзець пасады.

Падбор мянушак сакрэтных памочнікаў органаў, якія слухалі і запісвалі любое неасцярожнае слова сваіх саслужыўцаў, сведчыць пра густы і схільнасьці іх куратара. У 15-м пагранатрадзе юдаву працу выконвалі асобы зь мянушкамі «Сурыкаў», «Жукаў», «Пушкін», «Волгін», «Лермантаў», «Чайкоўскі», «Чалюскін», «Фурманаў». Відаць, даносы, падпісаныя імёнамі паэтаў, гучалі больш прыемна для вытанчанага вуха энкавэдыста. Мянушка даносчыка, які працаваў у гаражы, «Руль», — выключэнне з гэтай юдавай партытуры, складзенай аматарам высокага мастацтва з НКВД.

Сьпіс пасадаў, якія займалі даносчыкі, сведчыць пра некаторыя прынцыпы арганізацыі працы зь імі. Сярод іх ёсьць шавец гаспадарчай каманды, памочнік загадчыка праменаду, кухар, шафёр, камандзір аддзялення, штабны пісар, намесьнік палітрука, памочнік начальніка штаба. Гэта пасады, якія даюць шмат магчымасцяў для нефармальных кантактаў з саслужыўцамі, дазваляюць сачыць за паводзінамі начальства. Апроч таго, даносчыкі кантактавалі паміж сабой і даносілі адзін на аднаго, такім чынам, НКВД мог надзейна кантраляваць усю сетку.

(Невялікае адступленне: у 1989 годзе, пасьля краху ўлады КПСС у Літве, у Вільні апублікавалі некаторыя сакрэтныя дакумэнты КГБ, у іх ліку інструкцыі, фармуляры, анкеты. Стандартная анкета агента-асьведамляльніка складалася з 29 графаў. Апроч біяграфічных зьвестак, афіцэр-вярбоўшчык, які запаўняў анкету, мусіў напісаць адказы на шэраг пытанняў, у тым ліку падрабязна выкласьці мэту вярбоўкі. Аднак, паколькі справа была пастаўленая на паток, дык для зручнасьці ў падрадкоўніку дробным шрыфтам прыводзіліся тыповыя адказы. Графа нумар 23 «Завербаваны» прадугледжвала наступныя варыянты працягу: «на патрыятычнай глебе, з выкарыстаньнем кампраматэрыялаў, з варожага асяродку». Пытаньне нумар 24 «Супрацоўнічаць пагадзіўся» мела такія верагодныя адказы: «ахвотна, хістаўся, пасьля доўгага перакананьня, паставіў умовы і г. д.» У наступнай графе адзначаліся «Каштоўныя асабістыя якасьці» агента: «памяць, назіральнасьць, аналітычныя здольнасьці, здольнасьць уваходзіць у давер, фізычная сіла, валявыя якасьці, здольнасьць да пераўвасабленьня і г.д.» Далей у анкеце ішло пытаньне «Якія мае спэцыфічныя магчымасці». Падрадкоўнік прыводзіў некаторыя зь іх: «выезды ў іншыя раёны, наведваньне прыватных кватэраў паводле характару працы, мае дачу, уласную аўтамашыну, умее вадзіць аўтатранспарт і інш.» Пытаньне нумар 27 фіксавала «Асабістыя інтарэсы, зацікаўленьні і схільнасці», сярод іх «спорт, паляваньне, музыка, мастацтва, зьбіраньне калекцыяў, турызм, радыёаматар, кінафотааматар, аматар гульні ў карты і іншых азартных забаваў». Перадапошняе пытаньне ацэньвала «Надзейнасць агента». Трэба было адзначыць, ці агент «спраўджаны праз агентуру, з выкарыстаньнем апэратыўна-тэхнічных сродкаў і інш.» Завяршала анкету агента новая анкета: «Зьвесткі пра асабістыя сувязі, якія маюць апэратыўны інтарэс». Сюды заносіліся імёны, адрасы, прафэсіі знаёмых новасьпечанага агента і зьвесткі пра іх, якія «заслугоўваюць апэратыўнай увагі». Такім чынам, зь якіх бы меркаваньняў ні пачынаў супрацоўнічаць чалавек з органамі, як бы ні пераконваў сябе і іншых у намеры выкарыстаць свае магчымасці выключна ў высакародных мэтах, ня ён кантраляваў сітуацыю. Органы кантралявалі ня толькі яго, але і ягоных сяброў, знаёмых, калег. Завяз кагаток — усёй птушцы пагібель.)

Даносчыкаў бераглі, і яны прыцягваліся для дачы паказаньняў у ролі сьведкаў у рэдкіх выпадках. Зрэшты, патрэбных сьведкаў НКВД заўсёды знаходзіла. У чорны панядзелак Гарбачэўскага, 18 верасьня 1937 году, на падставе даносу асьведамляльніка Ігнаценкі ў вёсцы Саковічы Старобінскага раёну быў арыштаваны чарговы «польскі шпіён» — лясьнік Лістападаўскага лясьніцтва Аляксандар Мацьвеевіч Аліноўскі, 1887 году нараджэньня, беларус, беспартыйны, бацька двух дзяцей. Апроч даносу, падставай для абвінавачаньня сталі паказаньні сьведкі — Марка Ціханавіча Мікалаевіча, лесьніка таго ж лясьніцтва.

Нікалаевіч заявіў, што Аліноўскі, з аднаго боку, эксплюатаваў і няшчадна штрафаваў сялян, а з другога, — разбазарваў дзяржаўную маёмасьць і раздаваў людзям сенакос, а таксама ў 1919 годзе ўдзельнічаў у бандзе. Лёгікі ў паказаньнях сьведкі не было, але Гарбачэўскі дапоўніў іх выбітым у арыштаванага прызнаньнем: маўляў, штрафаваў сялян па заданьню польскіх шпіёнаў. Пасьля гэтага справа была накіраваная на «разгляд» Яжову. Пастанова НКВД ад 27 сьнежня 1937 году, пратакол 646, была прыведзеная ў выкананьне 24 лютага 1938 году ў Слуцку.

Праз дваццаць два гады, у студзені 1960-га, калі страх крыху адпусьціў, удава расстралянага зьвярнулася з просьбай паведаміць, што з мужам: жывы ці памёр, вінаваты ці не, і даць ягоны адрас. «Кампэтэнтныя органы» пачалі разьбірацца, ці правільна яны расстралялі лесьніка з Саковічаў. Знайшлі і зноў дапыталі адзінага сьведку Марка Мікалаевіча. Вось тэкст таго паўторнага дыялёгу:

«Пытаньне: Якія ўзаемаадносіны былі ў вас з Аліноўскім?

Адказ: Дрэнныя. Я зь ім працаваў у адным лясьніцтве і ён на мяне скардзіўся начальству. За гэта я меў на яго злобу і мы не размаўлялі.

Пытаньне: Што вам вядома аб прычынах арышту Аліноўскага?

Адказ: Аб прычынах мне нічога не вядома. Я толькі ведаю, што ён быў благі чалавек, бо скардзіўся на мяне начальству.

Пытаньне: Ці быў у бандзе Аліноўскі ў пэрыяд грамадзянскай вайны?

Адказ: Не, ня быў. Жыў у Саковічах.

Пытаньне: Вам зачытваліся вашыя паказаньні ад 12 лістапада 1937 году. Ці давалі вы такія паказаньні сьледзтву?

Адказ: Я тады казаў, што Аліноўскі благі чалавек. Што ён быў у бандзе, не гаварыў. Магчыма, і гаварыў. Але ў бандзе Аліноўскі ня быў. Ці рабіў ён што-небудзь дрэннае для савецкай улады, я ня ведаў і ня ведаю».

Вайсковы трыбунал пасьмяротна рэабілітаваў А. Аліноўскага. Жонцы і дзецям абвясьцілі радасную навіну і паведамілі, што іх муж і бацька ні ў чым перад савецкай уладай не вінаваты, а памёр сам, ад прастуды ці грыпу; апошні адрас нябожчыка — безыменую яму пад Слуцкам — не ўказалі. Сям'я ніколі ня ўведала і прозьвішча «сьведкі» Марка Нікалаевіча…

У Старобіне мясцовая жыхарка, былая настаўніца, бацька якой згінуў у сібірскіх лягерах пасьля даносу асьведаміцеля «Ігнаценкі», на маё пытаньне, што б яна зрабіла, калі б ведала, хто загубіў бацьку, раптам заплакала бязгучнымі сьлязьмі, а потым, як даўно вырашанае, ціха, але цьвёрда сказала: «Я хацела б, каб ІМ было тое самае, што і людзям, якіх яны прадалі».

Там, у Старобіне, я адшукаў дом, дзе жыў адзін з сакрэтных памочнікаў НКВД. Гаспадар ляжаў на ложку. На мае спробы распытаць пра падзеі 30-х гадоў ён захрыпеў і пачаў паказваць пальцам на сырту.

— Хварэе, — сказала дачка. — Вы б раней прыйшлі, ён добра расказваў пра савецкую ўладу, заўсёды ў прэзыдыюме сядзеў. Ганаровым піянэрам абралі…

Побач з фатакарткамі на сьцяне вісеў чырвоны гальштук і стаяў барабан бяз палачак. Вочы старога глядзелі некуды ўбок, па твары блукала дзікаватая ўсьмешка. Ён пераваліў на дзявяты дзясятак…

1961. Перамога справядлівасьці

Гарбачэўскі сьпісваў старонку за старонкай, асабіста адносіў заявы, тлумачэньні і скаргі ў гаркам, потым у абкам партыі, слаў заказныя лісты ў ЦК. Ён адчуваў, што яго ня чуюць, чамусьці ня хочуць чуць, і гэтая несправядлівасьць балюча крыўдзіла.