Выбрать главу

— Чаму я, бацька? — запярэчыў семнаццацігадовы Усяслаў. — Не мая справа з вар’яткамі важдацца!

— Вучыся ўладарыць! Вучыся, гледзячы ў вочы людзей, адгадваць іх самыя патаемныя думкі! Сам вырашы, што з ёю рабіць, а я — пагляджу!

Малады княжыч паклікаў з сабою Алексу і грыдняў.

Алекса быў незадаволены.

— Пашто не княжацкімі справамі займаешся? — спадылба зіркаў ён і са злосцю торгаў каня, бо ў гэты дзень спадзяваўся ўволю пастраляць з лука. Усяслаў даваў яму пабурчаць, бо Алекса адзіны, каго ён лічыў за роўню, а часам і вышэй сябе, па-добраму зайздросцячы воінскаму яго ўмельству. Высокі, прысадзісты, сын каваля нібыта ўрос у сядло і здаваўся Усяславу падобным да магутнага кентаўра, якога ён бачыў у кнігах, праўда, кентаўра маладога і прыгожага. Доўгія русыя валасы пушыліся ў Алексы на плячах, цёмныя бровы былі густыя і надавалі яму выгляд хмурны і дзёрзкі.

— Не адна па табе будзе сохнуць, маладзец, ды нешта ты свае стрэлы любіш болей, — не раз дражніліся жанчыны, але Алекса толькі зняважліва хмыкаў і пераводзіў размову на іншае. І цяпер ён дзяліўся з князем:

— Як зловім дзеўку, за касу яе і на плошчу, і пугу побач. Хто хоча, хай перацягне…

— Баярскую дачку? — насміхаўся Усяслаў.

— Хай сабе і баярскую…

— На плошчу — і пугу побач?

— А што ж — заслужыла!

— Не, — пасур’ёзнеў Усяслаў. — Баярскі сорам хаваць ад простай чадзі трэба за сямю пячаткамі, так, каб ніхто і думаць не адважваўся, нібыта людзей сатварыў бог роўнымі. І біць іх, баярскіх дачок, не на плошчы, а ў цёмным порубе, і так, каб на твары слядоў не было, каб людзі бачылі іх недаступнымі і ў золаце — на тым і княжацкая ўлада трымаецца…

— Ну так, так! — падняў галаву Алекса. — Калі нехта заб’е маю маці, то заплаціць не віру, а так — слёзы. А калі гэтую… дзеўку, то вунь колькі золата з яго возьмуць — ажно дзесяць грыўнаў!

Твар Усяслава пасуровеў.

— Ты мне не пярэч! Сам ведаю, што рабіць. Яе бацька тысячамі такіх, як твая маці, валодае, і калі ён стане мне насуперак… Адзін ён! А колькі такіх яшчэ ёсць! Абапіраючыся на іх жа, іх і разумець трэба.

— Супраць цябе не пойдуць. Ты — з Рагнедавага племені! Веча за цябе будзе. І бацька твой магутны.

— Ведаю. Але і ты ведаеш, што ён не вечны. А тады — тады без Ірвідуба, ды Крыварога, ды іншых людзей імянітых як адзін супраць Кіева пайду?

— Крыварог паможа! Калі ўсе шляхі водныя па Дняпры полацкімі будуць, ён у дзесяць разоў багацейшым стане!

— Што ж! Жывот аддаваць ёсць за што, не тое што іменне… Смаленск і Пскоў — старадаўнія землі крывічоў. Калі іх звесці ў адно княства — не слабейшае будзе за Кіеў, што нас за вотчыннікаў сваіх лічыць…

Коннікі ехалі ўжо па лесе, што рос па абодвух берагах ракі. Яснае неба цёплай, ранняй восені свяцілася ля ног чыстай сінявой Палоты, навакольныя дрэвы былі яшчэ зялёныя, але лёгкая жаўцізна ўжо кранула іх вяршаліны. Плыло на ветры павуцінне, няўлоўным дотыкам час ад часу мільгануўшы па расчырванелых тварах субяседнікаў.

— Баравік! — зарадаваўся, як падлетак, Алекса, угледзеўшы каля магутнай, стромкай сасны цёмна-карычневую, як аксамітную галоўку баравіка. Ён жвава саскочыў з каня, дастаў з торбы, прымацаванай да сядла, сцізорык і праз хвіліну паклаў у торбу тры моцных крамяных грыбы.

— Нашто? — скрывіў вусны Усяслаў, — Накормяць жа цябе, як прыедзеш.

Алекса нічога не адказаў: мусіць, і сам не ведаў, нашто яму баравікі. Але і далей ён не пераставаў абмацваць вачыма кожны куст, кожны пагорак, які ім трапляўся па дарозе.

Непадалёку ад аблюбаванай ім мясціны Усяслаў загадаў прывязаць коней да тоўстай алешыны, і яны пайшлі пехатой, стараючыся не вельмі вытыркацца з-за дрэў.

Малады князь усміхнуўся па-хлапечы задаволена, убачыўшы пад высокім, абрывістым берагам невысокую жаночую постаць у белай, але ўжо запэцканай кашулі і чорным аксамітавым кабаце. Жанчына корпалася ў глебе, час ад часу кладучы нешта ў бліскучыя гліняныя гаршэчкі, што стаялі побач.

Убачыўшы хлопцаў, што выйшлі з лесу, яна ўскрыкнула і, пазнаўшы Усяслава, кінулася бегчы. Алекса, імгненна ўскалыхнуты паляўнічым азартам, рынуўся ўперад. Ён зваліўся зверху прама перад ёю і, не даючы апамятацца, схапіў за доўгую касу, што выбілася з-пад ручнічка, пасля ўсцягнуў наверх. Дзяўчына спрабавала вырвацца, але дружыннік другою рукою заціснуў, як у абцугі, абедзве яе далонькі, якімі яна хацела закрыць твар. Убачыўшы, што ўсё прапала, уцякачка горда выпрасталася і амаль загадала князю:

— Скажы халопу, каб адпусціў мяне!

Усяслаў некаторы час, прыжмурыўшы вочы, стаяў перад ёю, пагойдваючыся. Пасля сказаў уладна: