Выбрать главу

— Вядзі, дзе твая бярлога. Сам найду — усё разнясу!

Яна, падумаўшы, пакарылася. Гнеўна бліснула на Алексу чорнымі вачыма (ён, глянуўшы на князя, выпусціў яе) і. пайшла ўперад, з балючай грымасай расціраючы рукі.

Зямлянка, дах якой быў пакрыты чаротам, хавалася сярод елак. На лаве, выразанай з зямлі, былі насцелены яловыя галіны; паверх ляжала аўчына. Скрозь дзіркі ў даху бачны былі загрунтаваныя дошкі, што ляжалі на падлозе, гаршкі, шалупінне ад яек. Пахла фарбамі і дрэвам. На лаве, прыслоненая да сцяны, стаяла дошка. Усяслаў узяў яе ў рукі, паднёс да святла, што падала з адчыненых дзвярэй. Алекса падышоў бліжэй.

Отрак трымаў меч. Суровы, нахмураны ягоны твар быў светлым і адначасова нейкім задуменным. Цёмна-сіні хітон з залатымі ўзорамі атуляў шырокія плечы. Асляпляльна чысты чырвоны ўсход палыхаў за ім, водсветам кладучыся на светла-шэрае жалеза, на цёмныя валасы, што віліся над ілбом, на доўгія магутныя крылы, якія, здавалася, вось-вось паднімуць отрака ў бязмежную нябесную вышыню.

— О-о-о! — як выдыхнуў нарэшце Усяслаў. Твар яго разгарэўся, шэрыя вочы глядзелі на дошку з захапленнем. — Хто гэта?

— Архангел Міхаіл, — склаўшы рукі на грудзях, Нялюба стаяла ля ўвахода.

Усяслаў раздумваў. Гордае сямейства Ірвідуба нізавошта не дапусціць такой ганьбы: дзяўчына — а малюе нібыта які рамеснік! Самім богам ёй назначана нараджаць дзяцей ды хадзіць за мужам! Нялюба добра разумела гэта, таму і рашылася жыць, як звер, у глушы. Але відаць, што і яна ад свайго не адступіцца. Дзве сілы сутыкнуцца — і загіне слабейшая… Яна і цяпер зблажэлая, зямлістая, ці вытрымае далей уласнае раздваенне?

— Збірайся, — сказаў ён нарэшце. — Будзем чорта з цябе выганяць…

Яна глянула на яго. З прытоеным шкадаваннем і сумам глядзеў Усяслаў: адкуль падае на плечы такім вось маладым неспадзяваны і, можа, непатрэбны ім дар?

— Прыгожа! — сказаў нарэшце.

Алекса дзівіўся — чаму княжыч не карае непакорную. Чаму стаіць перад іконай моўчкі, думаючы пра нешта светлае?

Ён, Алекса, не такі. Ён не будзе ўкленчваць перад дошкай, няхай нават на ёй намаляваны сам архангел! Усім сваё месца. Гэтай, распешчанай баярыні — замуж ісці, дзяцей нараджаць. Хаця хто яе, сапсаваную бесам, возьме?!

Па Полацаку папаўзлі чуткі, што Усяслаў — князь мацнейшы за епіскапа: іменна ён выгнаў быццам бы чорта з унучкі славутага Ірвідуба. Праўда, дзяўчына калі-некалі з'язджае ад княгіні, але кіруе заўсёды ў сялецкі манастыр. Там ёсць для яе келля, ключ ад якой у яе адной. Кажуць яшчэ, што, ратуючы душу сваю, адкупіла Нялюба ў візантыйскіх купцоў некалькі іконаў, роўных якім няма нават у кафедральнай царкве, і падарыла манастыру.

Падслухаў нехта з чалядзінцаў, як шчыравала перад сынам княгіня, дапытваючыся, якімі чарамі ён вылечыў дзяўчыну, і як рагатаў стары князь, дазнаўшыся ісціну. Куплены ў Іерусаліме кавалак дрэва — нібыта з самой труны гасподняй — ён наказаў аддаць Нялюбе, а ўсцешаная княгіня аж да раніцы любавалася іконай, прывезенай з манастыра. Сыну ж і яго аружаносцу падарыў Брачыслаў па хітоне, толькі ў Алексы быў плашч той не з аксаміту, а з валянай воўны, дый каўнер з лісіцы, а не з собаля.

І так і не зразумеў Алекса, чаму і навошта дазволілі дзеўцы-вар'ятцы маляваць іконы? І шкадаваў яе, і пагарджаў. Ды ў кожнага свой лёс — чакаў ён і Алексу, пільнаваў, не спускаючы вачэй…

Восенню быў паход, а ў тым паходзе загінуў яго старэйшы брат, Пуцята. Пасівела маці. Сагнуўся каваль Таміла.

Радаваўся бацька, калі прыходзіў дадому Алекса.

— Адзіны сын ты цяпер у мяне… — сказаў аднойчы, і вочы заслязіліся. Паўтарыў раздумліва:

— Адзіны… І той у воях. Хай бы зямлю абрабляў. Ці жалеза. Ці гліну. Чаму ж мне такое?

І ўпаў на калені перад Сварогам:

— За што?! Божа, за што ты караеш гэтую зямлю. Ёсць жа, відаць, месца, дзе няма вайны — дзе шукаць яго.

— Бацька, без вайны мужчыны парахнеюць і робяцца рыхлымі, як порхаўкі! — трохі зняважліва пачаў супакойваць яго Алекса. Але, калі перад ім на калені ўпала маці, пасур’ёзнеў:

— Што гэта вы?

Пачаў паднімаць маці, а тая, абдымаючы яго ногі, прасіла:

— Ты ж хоць беражы сябе… Прападзе наш род… Дзеўкі замуж пырснуць — і ўсё, лаві іх.

І дадала з нечаканай сілай:

— Жаніся ты, ці што?!

І зноў паблажліва выгаварыў Алекса:

— Паход будзе восенню, вось што!

І паспяшаўся да выхада. Бо толькі зрэдзь, калі-нікалі, удавалася Алексу ўпотай ад княжацкіх чалядзінаў пабываць на сваёй Вадзяной вуліцы, у бацькоў. Кожны раз, калі бачыў сваю хату, нібы ўрослую ў зямлю, бярозу, што цягнулася ўвысь ля невысокага ганка, бачыў ля бажніцы счарнелых ад дыму Рода і парадзіх — шчымела сэрца.