Выбрать главу

— Не кажыце,— хацеў патрапіць Сідорчыку хлопец.

— Дык што, можа, падыбаем у тыя Зачэпічы? — перабіў гутарку Андрэй. — Далёка яны адсюль?

— Кіламетр які, не больш. Вунь там, — і хлопец паказаў на хмызняк, куды з шашы зварочвала добра ўжо ўезджаная санная дарога.

Да вёскі было не так і блізка, дарога здоўжылася. Хлопец болей маўчаў, не знаходзіў, з чаго зноў пачаць гутарку і Сідорчык.

Дарога вяла парадзелым маладнячком. Прысадзістыя хвойкі неяк далікатна трымалі на жаўтавата-зялёных лапках чысцюткі, белы снег. Весела выглядаў густы ядловец, сумаваў голы, шэры алешнік. Адзінота, перамешаная з трапяткой зацішнасцю, панавала над хвойнікам.

Лес скончыўся, і душу весяліла шырыня і бель поля.

На спадзе грудка было відаць недагледжанае, з голымі латамі гумянцо. Воддаль стаяла новая, пад нямецкі вугал хата. Заўважыўшы людзей і нарабіўшы брэху, з-пад хаты выбег пярэсты цыбаты сабака.

— Нешта тут не ссяляюцца з хутароў? — першы азваўся Сідорчык.

— А тут усяго і хутароў, што гэтая хата. У нас дык летась ссялілі,— адказаў хлопец.

— А вы што, не з гэтай вёскі? — Андрэй глядзеў, як хлопец, падаўшыся грудзьмі ўперад, ківаў галавою ў такт хадзе і неяк смешна целяпаў доўгімі рукамі.

— Я аж з Прылук. А тут да арміі на трактары рабіў. Тры гады. Кожны патайнік ведаю на зачэпіцкім полі. Зямля камяністая, хай яе... — прыпыніўся хлопец, чакаючы Сідорчыка. — Але калгас не кепскі. Людзі жывуць добра. Хочаце верце, хочаце не, але ад старшыні яно многа залежыць. Яшчэ за маю памяць быу тут Лябецкі. Вунь які дом у мястэчку паставіў. Калгаса не глядзеў. Потым з райкома Цагельскага прыслалі, то гэты, нябось, за людзей стаіць. Вельмі разумны чалавек. Вы то, пэўна, не заўважылі, каля самай кабіны сядзела дзяўчына — то гэта ж, кажуць, яго дачка кантралёрам аўтобусаў тут.

Сідорчык адчуў, як пахаладзела за плячыма.

— Замужам яна? — спытаў ён і паглядзеў, здзівіць гэта хлопца ці не.

Той нічога не адказаў, паціснуў толькі плячыма.

Дайшлі да гумянца. Пярэсты сабака, скачучы па снезе, кінуўся пад хату. I там ужо, асмялеўшы, зайшоўся ад густога брэху.

Гаўкаў доўга, пакуль Сідорчык з хлопцам не выйшлі на бязлесы ўзгорак, за якім пачыналася доўгая ў адну вуліцу вёска.

Ад калодзежа без хусткі, мільгаючы белымі нагамі і разліваючы з поўных вёдзер ваду, на другі бок вуліцы спяшалася маладзіца. Прыпынілася за веснічкамі і, паставіўшы вёдры, нібы перадыхнуць, доўга прыглядалася да чужых людзей.

«Незнаёмы чалавек у вёсцы, як дрэва ў полі,— заўсёды на віду», — усміхнуўся сам сабе Андрэй і, абводзячы вачыма хаты, спытаў у хлопца:

— А праўленне далёка дзе?

— Ды вунь за школай, — махнуў той рукою ў бок доўгага ашаляванага будынка з цёмна-сінімі вокнамі, што стаяў уздоўж вуліцы, за высокім плотам.

Развітаўшыся з хлопцам, Андрэй Сідорчык звярнуў у вулачку і натрапіў на сцежку да белага цаглянага доміка ў старых прысадах.

У праўленні было людна. Убачыўшы ля парога незнаёмага мужчыну, усе, нібы змовіўшыся, сціхлі і з інтарэсам змералі яго з ног да талавы.

— Дык што, Лазарук, едзеш ці не? — з покуця, яшчэ ўсё не заўважаючы Андрэя Сідорчыка, пытаўся гладка паголены чалавек.

— Ну, еду, чаго там! — нехта злосна азваўся з-за грубкі.

— Даўно сказаў бы так, — вочы голенага пабеглі ў другі бок, натрапілі на Андрэя і — спачатку прыжмурыліся, потым заплюшчыліся: — Вы да мяне?

— Калі вы старшыня, то да вас, — збянтэжыўся Сідорчык, не ведаючы, што рабіць: ці то стаяць ля парога, ці то падысці да стала.

— Я зараз, — нагнуў круглую галаву старшыня. — Пачакайце хвіліначку.

У хаце стаяла духата ад мноства людзей і гарката ад густога тытунёвага дыму. Андрэй успомніў пра дзяўчыну, і яму захацелася волі, прастору, адзіноты, і ён выйшаў на ганак.

Да канторы пад’ехалі двое: адзін — яшчэ падлетак, у картовай кепцы, у кароткай фуфайцы і без рукавіц, другі — у гадах — вусаты, дзябёлы ў суконнай бурцы з башлыком на галаве.

Падлетак спрытна саскочыў з вазка і, паціраючы чырвоныя, як буракі, рукі, кінуў на спіну каню лейцы ды пабег у праўленне. Вусаты, адкладаючы башлык, прывітаўся з Андрэем. Моўчкі патупаў каля вазка, а потым асмеліўся:

— Скажыце...

Мусіць, хацеў спытаць пра старшыню, але, убачыўшы, што той выходзіць з праўлення, неяк па-жаночаму падняў крыссе буркі і патрухаў да ганка.

— То як, Дарафей Піліпавіч?

— А я ўжо сказаў яму,— старшыня кіўнуў на хлопца,— што трэба ехаць па сена. Цэлы тыдзень прыціскаў марозік, а сёння нават снегу падкінула.

— У чым справа, пад’едзем, — варухнуў шырокімі плячыма вусаты.

— Ты глядзі ў мяне, рак-вусач, — ні то жартам, ні то са злосцю сказаў старшыня, беручы Андрэя Сідорчыка пад руку. — Ось так, падсыплеш перцу — і работа ідзе весялей. А вы хто будзеце? — і заглянуў Андрэю ў вочы.

— Карэспандэнт.

— 3 Гродна?

— Не, з Мінска, — адказаў Андрэй і, успомніўшы пра тое, што надоечы пачуў ад дэмабілізаванага салдата, прыгледзеўся да Цагельскага, шукаючы ў гэтым рухавым, яшчэ моцным чалавеку падабенства з той маладжавай жанчынай.

Але старшыня каліва ў каліва нагадваў загадчыка сельгасаддзела рэдакцыі, які заўсёды, калі браўся пісаць, атрасаў сваю старую, сапраўды вечную ручку, заліваючы сінімі чарнільнымі кроплямі сцены і падлогу.

«Ашукаў хлопец»,— падумаў Андрэй.

Але думкі яго падчас двоіліся і недзе на сподзе душы тлела ўпартае спадзяванне, што стрэчы з дзяўчынай не мінуць, няхай сабе не ў гэтай вёсачцы, няхай сабе не так скора...

...На шарай гадзіне Андрэй сядзеў у хаце Цагельскага. Добра напаленая кафельная грубка дыхала распараным цяплом яму ў плечы, і вейкі яго зводзіў сон.

Раз-пораз, бразгаючы клямкай, у сенцах моцна грукалі дзвярыма, на кухні, чуваць было, упраўляліся нанач.

У вокнах сінеў ціхі марозны надвячорак. Зашлёпаўшы галошамі, з-за перагародкі выйшаў старшыня, уключыў святло: вокны раптам сталі фіялетавыя, неўзабаве пацямнелі, адбіваючы вялікую, як бомба, лямпачку, люстэрка, глінянага сабачку на шафе і кафельную печку.

— Можа даць вам які занятак? — Цагельскі перакінуў на стале канторскія кнігі і газеты, але не знайшоў нічога, паскроб патыліцу і пайшоў за перагародку, услых гаворачы: — I што ж вам цікавае знайсці...

Там недзе спатыкнуўся і нарабіў крыку:

— От, ужо відаць, што дадому з’явілася, заўсёды што-небудзь пад ногі кіне.

— Дык я зараз прыму, татусік,— азвалася недзе аж з кухні ліслівым, тоненькім, не сваім галаском, відаць, дачка.

«Яна, напэўна, яна!..— I крэсла пад Сідорчыкам зарыпела. Ён устаў, пацёр рукі і зноў сеў. — Яна, так і ёсць — яна». — I ўявіў сабе недзе там, за перагародкай, расчырванелую пасля марозу, без хусткі, з яшчэ не прычасанымі валасамі, маладзіцу.

Рыпнулі, мусіць, дзверы шафы, і нешта лёгка ўпала на падлогу.

Андрэй насцярожана стаіўся і ўвесь аддаўся слыху. У хаце ўсталявалася густая цішыня. Сідорчык аж задыхнуўся.

За перагародкай штосьці зашастала і раптам затупалі ногі. Худзенькая белая рука адкінула ў дзвярах занавеску. Раптам у вачах Андрэя і падлога, і шпалеры на сценах, і ўсё начыста ў хаце асвяцілася нейкім іншым, празрыстым святлом і — змянілася, пахарашэла. Ён убачыў той самы дзявочы твар.

Жанчына прывіталася абыякава, не хочучы:

— Добры вечар... — але заўважыўшы ў Андрэю нешта знаёмае, сумелася: — Ой, дык я вас бачыла, — і голас яе падабрэў, палагоднеў.

На ёй быў шэранькі, стракаты, аж да самых пят халацік, туга падпяразаны ў поясе, зялёныя тапкі з залацістымі банцікамі. Густыя, дбайна падабраныя валасы яе адсвечвалі каштанавым колерам. Белая худзенькая рука моцна сціскала атласны каўнерык халата.