Выбрать главу

Мікалай ЧАРГІНЕЦ

ЗА СЕКУНДУ ДА ВЫСТРАЛУ

Раман

Раздзел І

1 Славін

Цягнік, рассякаючы начную імглу, гучна грукаючы коламі, імчаўся наперад. Стары абшарпаны вагон быў поўны людзей. Здавалася, каго тут ні ўбачыш. Дзядок з калматай барадой; побач, ашчаперыўшы рукамі аграмадны вузел, драмала бабулька ў вялікай вязанай хустцы. У куце прымасцілася з грудным дзіцем маладая жанчына. Дзіця часта плакала, і маці даводзілася, чырванеючы, пры ўсіх карміць яго грудзьмі. А тут, як на ліха, амаль насупраць, сядзіць маладзенькі афіцэр — лейтэнант міліцыі. Спачатку ён, разумеючы, што бянтэжыць жанчыну, кожны раз, калі яна рыхтавалася да кармлення, уставаў і сыходзіў у тамбур, але жанчыне, каб дзіця менш турбавала пасажыраў, даводзілася часта супакойваць яго, і хаджэнне афіцэра надакучыла пасажырам. Барадаты стары не вытрымаў і прыкрыкнуў на лейтэнанта, калі той чарговы раз прайшоў міма яго:

— І чаго ты мітусішся, хлопец?

— Дык жанчыну не хачу бянтэжыць, — чырванеючы, напаўголаса адказаў той.

Сярэдніх гадоў мужчына ў шынялі, які сядзеў побач з жанчынай, запытаўся:

— Куды шлях трымаеш, лейтэнант?

— Далёка, — адказаў афіцэр і пачаў глядзець у акно, за якім была адна цемра. Ён з трывогай падумаў: «Дзе гэта Сасноўка? Нават на карце не знайшоў! Не праспаць бы. Праваднік сказаў, што на палове першай...»

Паступова пасажыры засыналі. Яны сядзелі, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго, пагойдваючыся ў такт руху вагона. Пачаў драмаць і лейтэнант. Нават сон убачыў, але хтосьці крануў яго за плячо і сказаў:

— Таварыш лейтэнант! Праз дзесяць мінут Сасноўка.

Славін намацаў пад сядзеннем фанерны чамадан, падняў яго і асцярожна, стараючыся не турбаваць спячых, пачаў праціскацца ўслед за правадніком да выхаду. У тамбуры шум колаў і ляск буфераў быў чутны мацней, але пасля душнага пракуранага вагона дыхалася лягчэй.

Праваднік вярнуўся ў вагон, а лейтэнант зняў фуражку і прыціснуўся тварам да шкла. «Што чакае мяне ў гэтай Сібіры? Ну што ж рабіць, калі загад ёсць загад».

Уладзімір успомніў, як ён спрабаваў пераканаць начальства накіраваць яго ў Мінск, але ніхто не пагадзіўся з яго довадамі. Начальнік школы так і сказаў:

— Едзь, Славін, у Сібір, ты цяпер там больш патрэбны. Папрацуеш пару гадоў, а потым відаць будзе.

Таварышы жартавалі: «Табе, Славін, як партызану і работу падабралі па характары. Накіроўваюць у лес, глядзі толькі па старой звычцы цягнік пад адхон не пускай!»

Мацней загрукалі буферы, і цягнік пачаў запавольваць ход. Міма вагона павольна праплыў невялікі адзінокі будынак. Праваднік, які зноў з’явіўся ў тамбуры, моўчкі адхіліў Славіна ад дзвярэй і адкрыў іх. Лейтэнант вычакаў, пакуль цягнік спыніцца, і саскочыў на зямлю.

Амаль адразу ж паравоз даў кароткі гудок, і цягнік крануўся. Калі міма пранёсся апошні вагон, Славін накіраваўся да будынка вакзала. Ля ўвахода з лямпай у руцэ стаяў чыгуначнік. Ён заўважыў адзінокую постаць, якая набліжалася да вакзала, і ўважліва ўзіраўся ў яе ў надзеі ўбачыць каго-небудзь са знаёмых.

— Дзень добры! Гляджу, акрамя мяне, ніхто і не сышоў з цягніка.

— Дабры дзень! А я думаю, хто ж гэта начным цягніком да нас завітаў? — сказаў чыгуначнік і, асвятліўшы Славіна лямпай, дадаў: — А тут сама ўлада прыехала.

Славін усміхнуўся:

— А што, да майго прыезду ў вас тут безуладдзе было?

Стары збянтэжыўся:

— Ды не, я не ў тым сэнсе. Вы да нас па службе ці ў госці да каго?

— Служыць сюды прыехаў. Як у Мар’янск мне дабрацца?

Дзяжурны па вакзале замітусіўся:

— Пойдзем хутчэй, таварыш лейтэнант! Тут машына павінна быць, прыязджаў паштар да цягніка. — І ён пашыбаваў вакол будынка. Славін рушыў следам. Яны абышлі будынак і ўбачылі крыты грузавік. У кабіне сядзелі двое. Чыгуначнік падышоў да машыны і адкрыў дзверцы:

— Вы ў Мар’янск?

— Так,— адказаў, прыпальваючы, кіроўца.

— Падкіньце ў міліцыю папаўненне, а то да раніцы транспарту ніякага не будзе.

Вадзіцель паглядзеў у бок лейтэнанта і сказаў:

— А, міліцыя! Вядома, падкінем. — Ён павярнуўся да мужчыны, які сядзеў у кабіне. — Іван, лезь у кузаў.

Той, нічога не кажучы, вылез з кабіны і накіраваўся да задняга борта машыны. Славін падзякаваў дзяжурнаму, сеў у кабіну і паклаў сабе на калені чамадан. Вадзіцель завёў матор, і неўзабаве грузавік, набіраючы хуткасць, панёсся па прасёлкавай дарозе. Лейтэнант спытаў:

— Доўга ехаць?

— Калі матор не забарахліць, за дзве гадзіны даедзем.

Славін хацеў пагаварыць з вадзіцелем, але ў кабіне стаяў такі шум, што цяжка было разабраць словы. Ён уладкаваўся ямчэй і з цікавасцю назіраў, як у святле фар сплывае назад у цемру тайга.