Выбрать главу

У кухні стаяла акуратная руская печ, якая адным бокам выходзіла ў пакой і ў зімовы час абагравала яго.

— Ну як? — спытаў Лагута.

— Парадак!

— Рыхтаваць абед можаш улетку на керагазе, а можна паесці і ў сталовай: кормяць нядрэнна.

Славін пераапрануўся, і яны адразу ж накіраваліся ў пасёлак. Аказалася, што гэта даволі вялікае паселішча, дзе былі паліклініка, школа. Па вуліцах часта праязджалі гружаныя лесам машыны. Калі праходзілі міма школы, Славін спытаў:

— Сірот шмат?

— Круглых — толькі адзін Сярожа Мангулаў. І маці, і бацька на фронце загінулі. Цяпер яго выхоўвае бабуля. У васьмярых дзяцей бацькі з вайны не вярнуліся, — Лагута неяк абвяў і з гаркатой прагаварыў: — А вось мяне, колькі ні прасіўся, колькі рапартаў ні пісаў, так на фронт і не пусцілі. Сорамна было ў вочы людзям глядзець. Здаровы мужык, а ў глыбокім тыле з бабамі ды старымі сядзіць!

— Ну, гэты ты дарма. Здаровыя мужыкі і ў тыле былі патрэбны. Бо камусьці і тут парадак падтрымліваць трэба было. А ў гэтай справе адны старыя ды бабы — сіла слабая. Так што не перажывай, і хай як у той песні спяваецца: «И что положено кому, пусть каждый совершит».

— Так, ужо, вядома, нічога не зробіш. Паглядзі, па тым боку ідзе мужчына. Бачыш?

Славін убачыў мужчыну, які перавальваючыся, ішоў ім насустрач.

— Гэта Лёнька Мартаў. Не мірыцца з жонкай і асабліва з цешчай. Як нап’ецца, так і наладжвае канцэрты. Участковы ўжо не ведае, што з ім рабіць. Жонка ў яго дзіўная нейкая: пачынае муж яе лупцаваць — міліцыю кліча, прыбудзе міліцыя — на калені валіцца: не забірайце родненькага. Але ён здольны і на іншае. Асабіста я падазраю яго ў крадзяжы з магазіна. Пяць скрынь гарэлкі ўкралі і каля дзясятка гарнітураў шавіётавых. Вось ужо амаль месяц як рыба аб лёд б’юся, а раскрыць не магу. Глядзі, як Лёнька закруціўся, убачыў нас, значыць.

І сапраўды, Мартаў, пазнаўшы Лагуту, спыніўся і зрабіў выгляд, што зацікавіўся чымсьці ў гародзе за плотам.

— Мартаў, ты што не вітаешся?

Мартаў вымушаны быў падысці.

— А, Іван Епіфанавіч, здравія жадаю! А я загледзеўся на гарод і вас не ўбачыў.

Славін заўважыў, як насцярожана абмацалі яго маленькія вочкі Мартава. «Глядзі, артыст які! — падумаў Уладзімір. — На твары ўсмешка ялейная, а ў вачах насцярожанасць і злосць».

Лагута спытаў:

— А ты чаму не на рабоце?

— Я сёння ўначы працаваў, далі адгул.

— У гонар адгулу жонку не пабіў ці цешчу пад лаўку не загнаў?

— Не, што вы! Я ўжо і забыўся, калі ў нас скандалы былі.

— Гэта таму, што ў цябе памяць слабая, а не то ўспомніў бы, што пасля апошняга скандалу, калі за цешчай з паяльнай лямпай па вуліцы ганяўся, і тыдня не прайшло. Як там яна, апамяталася хоць трохі?

— А што з ёй, з гэтым старым возам будзе? Жыве, здаровая.

— Памірыўся ты з ёй ужо?

— З кім?

— Ды з цешчай. Мог бы яе і маці клікаць. Бо, акрамя тваёй жонкі і цябе, у яе нікога няма.

— Вядома, памірыліся... адразу ж. Самі ведаеце, у каго ў сям’і дробнай спрэчкі не бывае? А цешчай я яе і так не заву.

— А як жа ты яе завеш?

— Яе маці,— сціпла апусціў вочы Мартаў.

— Сам ты «яе маці», хоць бы старую пашкадаваў. Май на ўвазе, яшчэ адзін скандал і — арыштуем, хопіць з табой важдацца. Так я ўчастковаму і сказаў.

Метраў сто Славін з Лагутам ішлі моўчкі, затым Славін спытаў:

— Кім ён працуе?

— Шафёрам. Лес возіць, хітрыць, чорт. Не веру я яму. А вось і сталовая, тут можаш абедаць. Есці не хочаш? А то можам зайсці.

— Не, не, дзякуй. Я добра паснедаў.

Яны прайшлі па пасёлку ў самы канец і павярнулі назад.

У аддзяленні Славін адразу ж стаў знаёміцца са справамі і не заўважыў, як наступіў канец працоўнага дня.

Паступова разыходзіліся супрацоўнікі, сышоў і Лагута. Славін дачытаў матэрыялы крымінальнай справы і пайшоў да сябе. «Ну, што, таварыш оперупаўнаважаны, якія вашы ўражанні пра новае месца службы? — спытаў ён сябе і акінуў позіркам пакой, прывыкаючы да яго абстаноўкі. — Ці спадабаецца тут Рыце? Ці паедзе яна сюды?» Калі расставаліся, абяцала прыехаць да яго хоць на край свету, калі пакліча. «Я дык паклічу, а ці адгукнешся ты?»

Славін усміхнуўся, успомніўшы, як яны пазнаёміліся з Маргарыткай. Спяшаючыся на заняткі, ён неспадзявана пхнуў дзяўчыну, якая ад нечаканасці выпусціла сумачку. Уладзімір хацеў папрасіць прабачэння і зазірнуў ёй у твар. На яго, хітра прыжмурыўшыся, глядзелі вялікія цёмна-карыя вочы. Уладзімір разгубіўся і прамармытаў штосьці няскладнае. Дзяўчына ўсміхнулася і, нагадаўшы, што ён спазняецца на заняткі, пайшла. Славін, вядома, у той дзень спазніўся, але і седзячы на занятках, нічога не чуў і не бачыў. Перад вачыма быў яе твар, у вушах звінеў яе голас. Ён праклінаў сябе за непаваротлівасць і кожны дзень ламаў галаву, як знайсці дзяўчыну. Цэлы тыдзень хадзіў на заняткі гэтай жа дарагой, нават спазняўся, каб абавязкова ў той жа час быць на тым месцы, дзе неспадзявана пхнуў дзяўчыну, але ўсё было безвынікова. І вось аднойчы іх роту строем прывялі ў паліклініку на прышчэпку. Славін баяўся ўколаў і, хвалюючыся, увайшоў у працэдурны кабінет, а там. яна. У Славіна мову адняло, а яна пачырванела і камандуе: «Кашулю зняць!» Уладзімір так засаромеўся, што сеў на крэсла і чамусьці стаў здымаць боты. А дзяўчына засмяялася і кажа: