— Памятаеш, ты мне расказвала пра паліцая Грышку?
— Ну як жа, Мірэйчык, вядома, памятаю. Яго ж партызаны забілі.
— Так, так, я памятаю гэта. А дзе другі паліцай, Юшэвіч? Ён жа быў тады, калі фашысты спалілі жыхароў нашай вёскі?
— Быў, звер.
— Я хачу высветліць, а раптам ён выжыў і цяпер вольна ходзіць па зямлі? Бо з жыхароў вёскі паведаміць уладам пра яго, лічы, ніхто не змог. Ты з дзецьмі па свеце бадзялася. Дзе цяпер Міша Лукашэвіч, які выратаваўся з вамі, таксама невядома. Цалкам магчыма, што Юшэвіч мог выжыць. Дарэчы, як яго імя, не памятаеш?
— Яшка, Якаў, а па-бацьку — Часлававіч.
— Раскажы мне пра яго яшчэ раз.
Пётр слухаў, і перад яго вачамі зноў праходзілі цяжкія гады вайны, перажытыя жонкай, дзецьмі, той страшны дзень, калі іх жыццё, як кажуць, ліпела на павуцінцы. Калі Таццяна Андрэеўна скончыла свой расказ, яны доўга сядзелі моўчкі. Вывеў са здранцвення прыход Юлі, за якой адразу ж у кухню ўвайшоў лейтэнант міліцыі. Ён казырнуў і далажыў начальніку аддзялення, што здарылася ЧП. Невядомыя напалі на адзінокіх старых, якія пражывалі ў сваім доме, забілі гаспадара і абрабавалі кватэру.
Пётр Пятровіч хутка сабраўся і выйшаў у цемру, дзе хвастаў дождж, дзе было ветрана і холадна.
4 Лейтэнант Славін
Прайшло два месяцы. Славін паступова прывыкаў да работы. Оперупаўнаважаны з раніцы да вечара быў у клопатах. З’ездзіў на далёкія лесараспрацоўкі, пабываў у вёсках, пасёлках, пазнаёміўся з многімі людзьмі. За гэты час яму з дапамогай Лагуты ўдалося раскрыць крадзеж з крамы, чаму Славін быў асабліва рады. Праўда, да крадзяжу, як падазраваў Лагута, Мартаў дачынення не меў. Але дома ён амаль кожны тыдзень скандаліў, нярэдка пускаў у ход і кулакі, прымушаў жонку і цешчу хавацца ад яго ў суседзяў. Славін сам сустрэўся з Мартавым, доўга гутарыў з ім і папярэдзіў, што ніводнай бойкі яму не даруюць, і той пакуль трымаецца, не хуліганіць
Славін сядзеў у сваёй халасцяцкай кватэры і пры святле настольнай лямпы яшчэ і яшчэ раз перачытваў ліст Маргарыты. Дзяўчына абяцала хутка прыехаць да яго.
Уладзімір паклаў ліст на стол і прайшоўся па пакоі. Ён уявіў сабе, як ён зменіцца, калі прыедзе Рыта. «А што, — думаў Уладзімір, — тут у мяне не так ужо і дрэнна. За акном вецер скуголіць, дождж хвошча, а ў пакоі цёпла, чыста, утульна, асабліва зараз, калі з’явілася электрычнасць».
Славін зірнуў на гадзіннік. «Ого, першая ўжо гадзіна, пара спаць». Ён падышоў да ложка, які чамусьці празваў бранякацерам, і пачаў рассцілаць пасцель. Раптам пастукалі ў акно. Славін адсунуў фіранку і пазнаў сяржанта Сімоху: у дні дзяжурства ён часам адвячоркам забягаў выпіць шклянку чаю ці проста пагаварыць. Яны пасябравалі, і Славін заўсёды быў рады яму. Але калі адчыніў дзверы, то зразумеў, што зараз Сімоха прыйшоў не проста так. Ён, не здымаючы плашч-накідкі, заклапочана паведаміў:
— Збірайся. ЧП!
— Што здарылася?
— Патэлефанавалі з трэцяга лесапільнага завода. Туды прыехаў на сваім грузавіку шафёр Мартаў, падагнаў машыну на пагрузку, а ў кузаве — прыкрыты саломай труп.
Славін нацягнуў боты, надзеў ватоўку, сунуў у кішэнь ліхтарык і, сарваўшы з цвіка плашч-накідку, выключыў святло. Яны зайшлі ў дзяжурны пакой, дзе Уладзімір атрымаў зброю. Лейтэнант Хрулеў, які дзяжурыў у гэту ноч, сказаў:
— Начальнік захварэў і паехаць не можа. Сказаў, каб ты заехаў за Лагутам і разам накіроўваліся на месца здарэння. Конь ужо запрэжаны ў двухколку. Калі прыедзеце на месца, патэлефануеце.
Славін моўчкі кіўнуў галавой і выйшаў у двор. Конь паслухмяна рушыў з месца. Лагута жыў у пасёлку, і неўзабаве Уладзімір быў каля яго дома. Доўга стукаў у дзверы. Моцным быў сон у гаспадароў. Нарэшце за дзвярамі пачуўся шум, і Уладзімір пачуў голас Лагуты:
— Хто там?
— Гэта я, Іван Епіфанавіч, Славін.
Дзверы адчыніліся, і перад Славіным у святле ліхтарыка паўстаў Лагута. Ён быў у трусах, майцы і ботах. Лейтэнант сцісла паведаміў яму пра здарэнне, Лагута сказаў:
— Зайдзі, пачакай, пакуль я апрануся.
— Дзякуй, я буду ў двары. Ты збірайся.
Неўзабаве яны, шчыльна ахінуўшыся ў плашч-накідкі, трэсліся ў двухколцы, што павольна рухалася ў цемры па лясной дарозе. Да лесапілкі было чатыры кіламетры, ехалі цэлую гадзіну.
Вялікая тэрыторыя лесапільнага завода асвятлялася трыма цьмянымі электрычнымі лямпачкамі, якія боўталіся на ветры. Ля варот работнікаў міліцыі чакаў дырэктар завода. Ён усхвалявана расказваў:
— Разумееце, усё гэта на маіх вачах было. Прыехаў Мартаў, у яго апошні рэйс застаўся, развярнуўся і падаў машыну пад пагрузку. Залез адзін з рабочых у кузаў, каб дошкі прымаць, ды як закрычыць і на зямлю ледзь не кулём скаціўся. Падскочылі мы да яго, а ён змяніўся з твару, адкрывае рот, хоча штосьці сказаць і не можа, толькі мыкае і паказвае рукой на кузаў. Зірнулі мы туды — чалавек забіты ляжыць, галава пабіта, твар абязвечаны, глядзець жудасна. Аказалася, што ён быў саломай прысыпаны, а рабочы вырашыў гэту салому скінуць.