Выбрать главу
з сабою сама...
Навошта, навошта прыходзіць зіма?!
11. ЗАГАДКА
Вісіць абвестка над завулкам: “Мак - Лукамор’ю, ром - акулкам!” Надзвычай дзіўная аб’ява! Хто ведае, у чым тут справа?
12. ВУЛІЦА ШЫРОКАЯ
Вы-ха-ва-нчы-кі-дзі-ця-ча-га-са-дку Пе-ра-хо-дзі-дзі-дзі-дзі-дзі-лі-ву-лі-цу Ву-лі-ца-шы-ро-ка-я У-я-е-ня-ма-дру-го-га-бе-ра-га А-па-ву-лі-цы-ма-шы-ны-е-ха-лі Пе-ра-е-ха-ха-ха-ха-лі-вы-ха-ва-нчы-каў Ву-лі-ца-шы-ро-ка-я У-я-е-ня-ма-дру-го-га-бе-ра-га А-на-бе-ра-зе-а-дзі-ным-ма-ма-нькі Вы-ха-ва-нчы-каў-пла-ла-ла-ла-ка-лі Толь-кі-ву-лі-ца-шы-ро-ка-я І-ні-хто-ні-чо-га-не-па-чуў.
13. КАЛЫХАНАЧКА
Сьпі, сынку. Прабег прусак па тынку, Зараўлі дзіравыя трубы. Сьпі, мой любы. Сусед-шызафрэнік Нам у шыбу шпурляе Камяні, Але не трапляе. Сьпі-засьні. У пад’езьдзе нехта страляе. Нехта ломіцца ў нашыя дзьверы. Нехта лез праз акно, Ды нібы ў павучыну, Убіўся ў парцьеры. Гэта вельмі было даўно, Труп там цяпер астылы. Сьпі, мой мілы. Самалёты над гарадамі Круцяць вогненнымі хвастамі. Утыркаюцца крылы ў магілы, А стрэлы - у крылы. Па дарогах лётаюць кулі, Ды ня з рулі, А так - Іх вятры надзьмулі. Люлі-люлі. Чорны вэлюм лёг на зямлю, Зачыніліся крамы. Сьпяць і таты, і мамы. Толькі я, як той слон, ня сплю. Нехта ціха пяе Пра тых, хто п’е Валяр’янку І рыпіць зубамі аб шклянку Табе калыханку. Пацукі зрабілі палац са старых паштовак. Лес замёр у чаканьні буйных лесанарыхтовак. У паветры вісіць і зьвініць залаты званочак. Сьпі, сыночак. Сьпі, дарагуся. Я табе сьнюся.
  ПЕРАЎЗБРАЕНЬНЕ
Да Вэнэры прыйшоў Амур. Кажа: - Маці, я ўжо дарослы. Мой маленькі дзіцячы лук Не стасуецца з доўгім ростам. Дай, матуля, мне лук другі, Звонкі, моцны, важкі, тугі, Каб далёка страляў і трапна, Дай, матуля, мне лук такі. Вось Вэнэра пайшла ў адрынку, Прыцягнула чорную скрынку І сказала: - Мілы мой сынку, За той час, як ты гадаваўся, Сілкаваўся ды мацаваўся, Так далёка зайшоў прагрэс! Што твой лук! Лепш бяры абрэз! Але нехта казаў, я чула, Што яна яму прыцягнула Не абрэз ці штосьці такое, А кантэйнэр ядзернай зброі. Уявеце ж сабе, якое Нас чакае каханьне!..
  КАЛІ Б ТЫ БЫЎ ДАЛЁКІ
Калі б ты быў далёкі, Мой сьпеў рыдаў бы нема, Твае б я чула крокі Паўсюдна, неадменна. Твае б я чула словы І плакала б натхнёна І я была б шчасьлівай У горычы штодзённай. Калі б ты быў далёкі, Я цалавала б кветкі, Твае б лавіла згукі У маркатаньні ветру, Заломваліся б рукі У роспачы маўклівай. Калі б ты быў далёкі - О, я была б шчасьлівай! Калі б ты быў далёкі. А ты жахліва блізкі, Бы зьвер мільёнавокі Ля бэзавай калыскі, Як сонца не за хмуркай, А побач і навокал, Як вока для кузуркі, Што заляцела ў вока. Калі б ты быў далёкі, Бы ў небе касманаўты, Ня пекліся б апёкі Там, дзе мяне кранаў ты. І ты б ня біўся токам, Такі жахліва блізкі, І я б раўла аблокам, Яктала да вятрыскі, Качала б голай лыткай У жалю і ў журбе І неймаверна брыдкай Была б сама сабе.
  КОЦІКІ
Вы чулі, як сьпяваюць коцікі, І асабліва — удваіх? Ім непатрэбныя наркотыкі, Ім дастаткова іх саміх. І сэрца поўніцца пяшчотаю Й красою навакольных зьяў, Імкнецца за кацінай нотаю, І разам зь імі кажа:
МЯЎ!
  БЕРАЖЭЦЕ ЗУБЫ!
Я мыкала ў трубку старанна З усьмешкаю скрыўленых губ, І ты зразумеў, мой каханы, Што сёньня мне вырвалі зуб. І я засталася бяз зуба. Цяпер ён чакае мяне Ў тым месцы, дзе мы з табой, любы, Бываем пакуль толькі ў сьне. А сьніцца нам змрочная сьцежка, І зорачкай зьзяе над ёй Дзявоча-бяззубая ўсьмешка З прыгожай і чыстай душой.