Выбрать главу
  ЧАКАНЬНЕ
Цягнік спазьняецца. Карэніна нэрвуецца. Пэронскі Ўронскі З гімназісткамі цалуецца. А недзе побач Парай чмыхаюць вагоны. Нахабны Ўронскі Адбывае да Вэроны. Цягнік ня едзе. Ганна хрумстае пазногці. Яе сукенка Перапэцканая ў дзёгці. Вэронскі зьехаў, Толькі дым За ім матляецца. Цягнік адменены. Ды Ганна не губляецца. Рашуча крэкнуўшы, Як Ганны папярэднія, Перапаўзае з гэтых рэек На суседнія.
  ФЭМІНІСТКА
Я буду маўчаць, як палонны камрад, Пра тое, што вымерлі кавалеры, Што не прасьпяваюць яны сэрэнад І не патрымаюць дзьверы. І Вас я адпраўлю дадому спаць, Таму што на вуліцы цёмна. Прыпруся дадому і буду ляжаць, Ад роспачы непрытомная, Як пані ў гістэрыцы — не, лепей, як П’янюга: бутэльку намацаю, Вазьму дый насыплю ў гарэлку мыш’як І выклічу рэанімацыю. Глыну дый схаваюся ў чамадан. Няхай мяне хопіць кандрашка Ад злосьці за тое, што Вашым рукам Ад цела майго ня цяжка.
  МАРА ЛЮДАЕДАЎ
Вось людаеды. Я дзяўчына іхнай мары. Мяне зьядуць. Як можна есьці дрэнь такую? Ад гэтай думкі фэерычна ванітую. Яны ў ванітах. Я ў сваім рэпэртуары.
  НІРВАНА
(байка) Адзін знаёмы мой, мудак прасьпіртаваны, Сказаў мне неяк, што няма нірваны. Напэўна, ён хацеў мяне пазьліць. Я адказала: “Не, ня можа быць!” Мы зараўлі: “Яе няма і быць ня можа!” А побач
мі-
лі-
цы-
я-
нэр! —
хадзіў, настроены варожа.
Ён нас забраў за парушэньне цішыні І высьвятляў асобы нашыя тры дні. А праз тры дні мы ўсе ўвайшлі
ў стан нірваны—
І я, і мі-
лі-
цы-
я-
нэр,
і той мудак прасьпіртаваны.
  ТАВАРЫШЫ
Сьмела ў ногу, таварыш Ленін, Сьмела ў сэрца, таварыш Сталін, Бі фашыстаў, таварыш Жукаў, Пі гарэлку, Міхал Сяргеіч. Ві вяроўкі, таварыш Павіч, Фрай таварыш і Тэн таварыш, Хай няблізка таварыш Блікса, Грай на скрыпцы, таварыш Грэй. Таварыш Качалаў, Калчак і Чкалаў. Моцны трактар - таварыш Картэр. Магутны сокал - таварыш Колас. Вожык бяз рожак - таварыш Мрожак. Таварыш Ома - нязгасны Мао. Таварыш Нэо жыве ў Більбао, Таварыш Кастра - ў баку Баку. Таварыш Вумка лезе ў муку. Грэе Сашу красуня Ушас. Сьпі спакойна, таварыш Эрг.
  ЯК ВАН ГОГ ЗРАБІЎСЯ ДЗЕДАМ
(верш у дзьвюх частках) ...В синей робе Дед Ван Гог... Руслан Семенченко Частка 1. Миллион, миллион, миллион и тэ дэ. А. Вознесенский У Ван Гога дзяцей не было. А кватэра была. І карціны. Закахаўся неяк Ван Гог У таемную надта дзяўчыну. Ёй пад вокны прынёс Ван Гог Не гітару, ня скарб, не пірог, А ў тысячы шэрых заплечнікаў Мільён рудатварых сланечнікаў. А дзяўчына глядзела ў акно І крычала: “Ратуйце, людзі!” У Ван Гога дзяцей не было І ніколі ня будзе. І ўнукаў таксама ня будзе. Частка 2. Exegi monument(um) Horatius У Ван Гога дзяцей не было. Але засталіся карціны. Нехта сказаў: прыгожыя. А нехта дадаў: каштоўныя. І вісяць яны ўсе ў музэі І каштуюць вялікія грошы. У тысячы шэрых заплечнікаў Мільён рудатварых сланечнікаў Зьнеслі з музэя злодзеі, Нарабілі пад іх падробак. Карціны - дзеці Ван Гога, А падробкі - дзеці дзяцей, А калі карацей - унукі. Не было ў Ван Гога сыноў. І дачок не было. І вуха. Але дзедам Ван Гог зрабіўся. Безь дзяцей. Намаганьнем духу.