Выбрать главу
  СНЫ ПА-БЕЛАРУСКУ
Мне сьняцца сны па-беларуску, Каб абудзіць ва мне этруску Ці расамаху (гэта зьвер З чырвонай кнігі Сэсэсэр), Ці трылябіта (ёсьць такое, Зьвярку гадоў мільёнаў пяць). Калі прачнуся ў мэзазоі, Мне будзе з кім паразмаўляць.
  KLIPMAKING
У лістападзе здымалі Кінакліп пра Купальле. Я здымалася ў кліпе І праз вогнішча скокала. Я праз вогнішча скокала Ды згубіла спадніцу. Я згубіла спадніцу І ў вогнішча кінула. І яны гэта выразалі. А я б пакінула.
  З АКЦЭНТАМ
За тое, што я размаўляю з акцэнтам, Мяне — ха! — адораць падробленым цэнтам, А мент забярэ за падробку ў мянтоўку, Гумовым дубцом зь мяне зробіць цыноўку. За тое, што я размаўляю з акцэнтам, Мяне забяруць і - пінцэтам, пінцэтам! Разрэжуць ланцэтам, пакажуць студэнтам, Каб ведалі, як размаўляць З акцэнтам! І нехта мяне, зь яшчэ горшым акцэнтам, Напоіць абсэнтам, абдыхае кентам, Задурыць размовай аб пентым-дзясентым І потым пацягне да апартамэнтаў. І там без размоваў (таму без акцэнту) Зь мяне па чарзе будуць зьдзеквацца розна. Я ўспомню мянта, і пінцэт, і студэнтаў, Як блізкіх, як родных, як лепшых... Ды позна!
  НА ШЛЯХУ МАЙГО ЦЯГНІКА
Сэмафоры блішчаць, як зоры, На шляху майго цягніка, З-пад зямлі ўзышлі мухаморы На шляху майго цягніка, Нехта кінуў скрыню Пандоры На шляху майго цягніка, Антыкропка антыпрасторы На шляху майго цягніка. Партызаны паклалі бомбу На шляху майго цягніка Камікадзэ танчылі румбу На шляху майго цягніка Папуасы трэскалі манга На шляху майго цягніка Псыхіятры чыталі Юнга На шляху майго цягніка Ды ці мала чагосьці дзесьці! Я гляджу з усьмешкай у змрок, Бо цягнік мой стаіць на месцы І паедзе ў іншы бок.
  ПАЎСТАНЬНЕ ВОШАЙ
Аднойчы ў вошай скончыліся грошы, І вошы паўзьнялі паўстаньне вошай. Схапілі транспаранты і шампуры, Патрабавалі перхаці і скуры. Мітынгавалі нават інваліды: "Канаем мы, хварэюць нашы гніды!" Чакалі, што аднекуль з Антарктыды Іх прыйдуць падтрымаць арыбатыды. Але ніхто не падтрымаў паўстанцаў, І выжыць ім не засталося шанцаў. Яны паслалі SOS на доўгай хвалі. Іх не пачулі. І яны сканалі. Такім быў сумны вынік інцыдэнта На малакроўных валасох студэнта.
  ДАЙГРАЛАСЯ
Сказалі: паграй нам, бо граць мы ня ўмеем, А клявішы шчодра намазалі клеем, І доўга ліюцца чароўныя гукі: Шкада мне адрэзаць уласныя рукі.
  ***
У мяне памёр стол. Ад самоты, бо доўгі час За яго не сядаў ніхто з нас. Мы яго пафарбавалі, Прыклеілі ножку. Але атрымалася мумія, А стол не ўваскрос. Ці ёсьць іншы сьвет Зь іншым жыцьцём Для нежывых істотаў? Мы пахавалі стол на сьметніку, Стаялі і выціралі вочы насоўкамі, А насы рукавамі. Ці ёсьць іншы сьвет Зь іншым жыцьцём Для нежывых істотаў? Калі ёсьць, Няхай ён там будзе шчасьлівы.