Выбрать главу
  ПРАДМОВА
Пішу я прадмову, Прадмову да працы, Да працы маёй навуковай Пра іншы сусьвет, Дзе палова ўстановаў Ня мае для працы ўмоваў. У гэтым сусьвеце Палова словаў Ня мае сваіх паловаў Адначасова Палова паловаў Ня мае сваіх галоваў. Палова з галоваў Належыць да соваў, Палова - Да рыбаловаў, І тыя, якія Належаць да соваў, Наогул ва ўлік Не прымаюцца. Ня дзіва, што гэтай Краінай шызовай У навуцы ніхто Не займаецца.
  СОН КРЭЙСЭРА
Крэйсэр Аўрору Зрабілі ахвярай тэрору. Водзяць па ім турыстаў, Нібы тэрарыстаў. Водзяць па ім тэрарыстаў, Нібы турыстаў. А насамрэч гэта скрынка, Пафарбаваная звонку. Сьпіць ён і чуе катрынку. І бачыць у сьне Конку.
  МІНУЛАЕ
Састарэлыя лекі Ненадзейныя сродкі Бестурботныя твары Вершаваныя словы На ружовых шпалерах Шэра-шэрыя ружы У дзіцячым пакоі Залатыя сабачкі А якія размовы А якое маўчаньне А якія ўсьмешкі А якія хваробы У дзіцячым пакоі Састарэлыя лекі Ненадзейныя сродкі На ружовых шпалерах.
  ПОШТА
Вісіць на прыбіральні надпіс “Пошта”. Ня ведаю, навошта. Магчыма, тых, каго паслалі ў зад, У ёй чакае адрасат. А можа, сапраўды Там пошта, толькі брудная, Выходная заўжды І жудасна марудная.
  ЯНКУ КУПАЛУ
Аўтар і вершы аўтара - Гэта рэчы вельмі розныя, Адна ад адной адрозныя. Вершы надрукаваныя на паперы, А аўтар размазаны па сьцяне, Па столі і па падлозе І наогул па ўсёй кватэры. А я ў позе нэкрафілічнай гетэры Сяджу і чытаю вершы, Надрукаваныя на сьцяне, А потым размазваюся па паперы, І побач зь вершамі аўтара Атрымліваецца пляма. І, спрачаемся, ніводная мама Не пазнае ў ёй мяне.
  Я-НІХТО ТУТ СТАІЦЬ
Я-ніхто тут стаіць, я-ніхто тут стаіць, З маленькай нейкай самоты. — Гатэнтоты. Я-нішто мяне кінула пад тлустыя лыткі, Пад мытыя ногі, пад галовы ў каронах. — Чужы гонар. Я-нікуды мяне кінуў гэты гонар часткова, Я-нікуды кідаю таемна чужы. — З кавалка цемры. Я-ніхто ды тое мяне адзін мікрон Гонар кідаць адвучыў, усыпіў маю
бадзёрасьць.
— Шчасьце, радасьць. Я-нічога, і нічога не расхацелася мне, Вокамгненна ўзьнесенай мне,
з добрым зрокам, з добрым слыхам.
— Быць безыменнай малпай.
  КАБ ПАЎСЮЛЬ ДОБРА
Дзе я, там паўсюль. А дзе мяне няма, там добра. Як бы гэта зрабіць, Каб паўсюль было добра, І пры гэтым мяне не забіць?
  ЗАНАДТА ВЯСЁЛАЯ
Я вясёлая занадта дзеўка. Пры занадта сумным існаваньні Я — бы недарэчная прыпеўка На грамадзка значным пахаваньні. Я - нібы агністая вавёрка На застыла-чорным мёртвым дрэве. І, запнуўшыся на ўласным сьпеве, Я сяджу і плачу горка-горка.
  ЛЮДЗІ Ў ПАДЗЕМЦЫ
Людзі ў падземцы губляюцца. Станцыі зачыняюцца. Ніхто ні пра што не пытаецца. Усе аб усім здагадваюцца.
  АГЕНЬЧЫК
У адзіноце я сяджу
на тонкім кноце.
На сіні сподачак
сьцякае жоўты воск.
Сьцячэ дашчэнту ён, і