Выбрать главу
  ЗЛАМЫСЬНІЦЫ
Улетку бярозы рабілі даляры фальшывыя. Увосень бярозы рабілі фальшывае золата. Узімку бярозы стаяць нерухомыя, голыя. Задумалі нешта. Напэўна, вясёлае.
  ЖЫВІ
Я вышчэрваюся насустрач сонцу. Яно мяне любіць. Калі мяне доўга няма, Яно плача. І таму, калі я гляджу на сьцяну, На якой напісана “Нежын”, Я чытаю на ёй: “Жыві”.
  ШЧАСЬЛІВАЯ ДУША
Шчасьлівая душа маўклівая. Скажы, душа, ці ты шчасьлівая? “Так, - кажа, - так, яшчэ якая!” Шчасьлівая і гаваркая.
  МУМІЯ
Нэннэка і яго сям’я заўсёды сьнедалі ў вялікім пакоі і заўсёды ў гэты час да іх прыходзіла мумія яна была вельмі прыгожая забальзамаваная па найвышэйшай клясе некаторыя нават думалі што гэта ня мумія а жывы чалавек яна разам з усімі сядала за стол працягвала рукі да ежы размаўляла і ўсьміхалася ела піла і потым часова зьнікала на заднім двары але гэта была сапраўдная мумія яе толькі дрэнна забінтавалі яна ня ведала што і навошта яна робіць і кажа да каго і куды прыходзіць і што такое яна сама дакладней ведала але гэта яе не цікавіла Нэннэка і яго сям’я таксама ведалі ўсю ейную падпазногціцу і галоўнае што яна сапраўдная мумія але нікому пра гэта не казалі
  ЁН МОЙ
Аднойчы ўлетку нехта ржаваю пілой На дубе выразаў: “Ён мой”. Цяпер, у выніку дзівоснага здарэньня, Пад гэтым дубам ён ляжыць, Яго аплецены карэньнем. Вось так, амаль што выпадкова, Да дрэў прыходзіць наша мова, Каб недзе год праз тысяч пяць Нам моўчкі сьвечкамі стаяць, А ім хадзіць і размаўляць.
  ЗОРАЧКА
Прывітаньне, зорачка, Што падае зь неба
чарнавокага,
У якога дзьве зрэнкі, І абедзьве гасяць адразу ўсе колеры І запальваюць
сьвятло або цемру.
Прывітаньне! Мінуў сьветлавы год З таго часу, як мы разьвіталіся, Паміж намі колькі парсэкаў? Прывітаньне! Шалёны сабачка Падвалоквае ножкі,
мішка палярны
мые рыбак у студні.
Прывітаньне! З таго часу,
як мы разьвіталіся,
Колькі зорных кароў Падаілі сябе на шляху салёным? Прывітаньне! Колькі часу Я ня бачыла зораў? З пазаўчора, напэўна. Прывітаньне, зоранька,
прывітаньне!
  ЛІСТ ТАЦЯНЫ
Пішу да Вас. “Пішу” - дый годзе. І не адняць, і не дадаць. Вы можаце пры ўсім народзе Мяне зьнявагай пакараць. Але ці ў вашай то прыродзе? Ня дзеля шкадаваньня, не! - Вы так - ня кінеце мяне! Спачатку я маўчаць хацела. Маўчала б я, як бервяно, Калі б ня енчыла ЯНО. Каб не пацела, не карцела Яго чырвоненькае цела. Хіба б я бачыць Вас хацела, Каб я ад Вас не заляцела? Казалі: “Пазьбягай студэнтаў. Яны ня плацяць алімэнтаў. Яны ня думаюць жаніцца.” А я ня слухала, дурніца. І вось сяджу адна з малечам. Вучу яго нядобрым рэчам. Кажу: “Твой татка - іракез, Жыве ў Нью-Ёрку, п’е шартрэз. Як надакучыў наш экстрым - Адразу зьбег за свой Гальфстрым. Кажу: твой татка не герой, Каб яму ў дупу гемарой, Ня лётчык ён выпрабавальнік, А дробны хлус і гвалтавальнік. Ён зьбег - драўляная нага - Мне не пакінуў ні фіга, Ды толькі я яго прымушу, Я абтрасу яго, як грушу, Я адсуджу ў судзе, каб ён Плаціў штотыдня мне мільён (мільён даляраў, безумоўна, і не прыблізна так, а роўна!)”. Тут не шантаж і не тэрор. Мой татка - обэр-пракурор. Ён Вас прыцягне (не шкада!) Да Найвышэйшага Суда!