Выбрать главу

У нядзелю, седзячы на ганку, ён некалькі разоў моцна сьмяяўся. Маці напалохалася ад гэтага, бо ўжо многа гадоў яна ня чула, як ён сьмяецца.

На другі дзень яна яшчэ досьвіткамі пашла будзіць Джоні. Праз увесь тыдзень Джоні спаў, колькі хацеў, і таму лёгка прачнуўся. Ён не пярэчыў і нават ня зьбіраўся затрымаць коўдру, калі маці сьцягнула яе. Джоні ляжаў спакойна на пасьцелі і гэтак-жа спакойна сказаў:

— Дарэмна ты клапоцішся. маці.

— Ты спозьнішся, — сказала яна, думаючы, што сын так гаворыць спрасонку.

— Я прачнуўся, маці, і яшчэ раз скажу: дарэмна турбуеш мяне. Пакінь мяне. Я не хачу ўставаць.

— Дык ты-ж страціш работу! — закрычала маці.

— Я не хачу ўставаць, — сказаў ён другі раз нейкім дзіўным голасам. Маці сама не пашла на работу ў гэты дзень. Гэта была самая страшная хвароба, якую яна ведала. Яна накрыла Джоні коўдраю і паслала па доктара.

Калі прышоў доктар, Джоні спакойна спаў, але зараз-жа прачнуўся і бяз спрэчак працягнуў доктару руку, каб памацаць пульс.

— Нічога няма, — сказаў доктар. — Вялікая слабасьць, вось і ўсё. Зусім няма мяса на касьцях.

— Ён і быў такі,—сказала маці.

— Цяпер адыдзіся, маці, і дай мне выспацца.

Джоні гаварыў спакойна, роўнамерна, а потым гэтак-жа спакойна павярнуўся на бок і заснуў.

А дзесятай гадзіне ён прачнуўся і адзеўся. Ён вышаў у кухню, дзе ўбачыў сваю матку са спалоханым тварам.

— Я іду, маці, і хачу разьвітацца з табою.

— Куды? — запыталася напалоханая маці.

— Ня ведаю… Куды вочы глядзяць.

— А работа? — запыталася яна дрыжачым голасам.

— Я ніколі больш не пайду на работу.

Маці Джоні ня ведала, што рабіць.

— Што гэта з табою? — накрычала яна, стараючыся выявіць сваю строгасьць у голасе.

— Я раскажу табе, — адказаў ён, — я вельмі змарыўся. Я бесьперапынна варушуся з таго часу, як радзіўся на сьвет. Я ад гэтага вельмі змарыўся і больш не хачу варушыцца. Успомні, як я працаваў у гуце. Я звычайна прывязваў 300 тузін коркаў за день, цяпер я вылічыў, што я рабіў на дзень па 36.000 розных рухаў. За дзесяць дзён—360.000 рухаў. За месяц—1.080.000, адкінь 80.000—застанецца мільён рухаў за месяц — дванаццаць мільёнаў рухаў за год!

У ткацкай я рабіў удвая больш. Гэта складае 25 мільёнаў рухаў за год, і мне здаецца, што я знаходжуся ў рухавасьці траха ня мільён гадоў.—На гэтым тыдні я зусім не варушыўся. I мне было вельмі прыемна сядзець так цэлымі гадзінамі, нічога ня робячы. Я ніколі раней ня быў шчасьлівым. Я ніколі ня меў адпачынку. Праз увесь час я варушыўся. Ад такога жыцьця ня будзеш шчасьлівым. I я цяпер ня буду нічога рабіць. Я буду сядзець і сядзець, адпачываць і адпачываць, і потым зноў адпачываць.

— А што-ж будзе з Уілем і з дзецьмі? — запыталася заклапочаная маці.

— Але, Уіль і дзеці…—прагаварыў ён. — Я ведаю, маці, чаго ты спадзявалася Для Уіля. Ты хацела павучыць яго ў школе і зрабіць з яго бухгальтара. Але цяпер гэтага зрабіць нельга — я іду. Яму прыдзецца ісьці на работу.

— I гэта пасьля таго, як я вывела цябе на дарогу, — прагаварыла маці з плачам.

— Ты ніколі ня выводзіла мяне на дарогу, — адказаў Джоні з ласкаван журбою. — Я сам вывеў сябе, і я-ж вывеў і Уіля. Ён большы за мяне, таўсьцейшы і вышэйшы. Я думаю, што, калі я быў яшчэ малым, я кепска харчаваўся. Калі ён быў дзіцем, я ўжо працаваў і зарабляў таксама і на яго. Але гэта скончана. Я змарыўся. Цяпер я іду. Хіба ты ня скажаш мне: бывай?

Маці маўчала. Яна плакала. Джоні пастаяў крыху на парозе, потым вышаў з хаты і пашоў па вуліцы.

— Так, я ня буду нічога рабіць, — сказаў ён спакойным голасам, але рашучым тонам.

Джоні доўга гуляў па вуліцах, чаго ён раней ніколі не рабіў. Калі ён праходзіў міма джутавай фабрыкі, адтуль пачуўся слабы грукат і гул ткацкай, і ён усьміхнуўся. Гэта была спакойная, мірная ўсьмешка. У яго ня было цяпер ніякай злосьці. Ён спакойна адносіўся да ўсіх, нават да машын. У ім было толькі бязьмежнае жаданьне супакою.

Дамы і фабрыкі радзелі ўсё больш, чым бліжэй Джоні падыходзіў да акраіны гораду. Нарэшце, горад застаўся далёка ззаду, і ён пашоў па сьцежцы ўздоўж чыгункі.

Джоні падышоў да маленькай станцыі і лёг на траву пад дрэвам. Ён праляжаў там увесь дзень, наглядаючы за птушкамі і небам, якое прасьвечвалася праз густыя веткі дзерава.

Калі зьмерклася, да станцыі з грукатам падкаціўся таварны поезд. Паравоз пацягнуў вагоны па стрэлцы на другую каляю. Джоні папоўз за поездам. Ён адчыніў бакавыя дзьверы аднаго пустога вагону, сяк-так залез туды і замкнуў за сабою дзьверы. Паравоз сьвіснуў, і поезд крануўся з месца. Джоні ляжаў на падлозе ў цёмным вагоне і ўсьміхаўся.