— Ну, як вам сказаць... Нічога асаблівага, але пазнаў бы.
— Пачакайце, Бандарчук. У сваёй заяве ў пракуратуру вы пісалі, што страцілі прытомнасць. Дык як жа вы маглі заўважыць у твар чалавека, які вас абрабаваў?
Бандарчук уважліва паглядзеў на следчага і праз хвіліну адказаў:
— Я страціў прытомнасць адразу, як толькі ён мяне ўдарыў. А пакуль ён выграбаў з маіх кішэняў грошы, апрытомнеў.
Допыт пацярпеўшага і шматлікія допыты сведак нічога станоўчага для расследавання справы не далі. Сведкі пацвярджалі, што, калі прыбеглі на крык, Ціт намагаўся стаць на ногі, але не мог, усякі раз зноў падаў. Галава яго была ў крыві. Больш ніхто нічога не бачыў. У дадатак да таго, што Бандарчук расказаў пракурору, следчаму ён паказаў, што таксама бачыў грузавік, які выскачыў з-за кустоў. Пракурору ён не расказваў пра гэта таму, што забыўся. Галава трашчала ад болю. Эпізод з грузавіком вельмі зацікавіў Сцяпана. Калі рабаўнік перабягаў дарогу ў пералесак, дык шафёр, напэўна, яго заўважыў і мог бы даць каштоўныя для расследавання справы звесткі. А калі ён уцёк на грузавіку, дык зноў жа, ведаючы нумар машыны, можна было хутчэй разблытаць гэты клубок і знайсці злачынцу. I следчы шукаў загадкавы грузавік. Але натрапіць на яго след не ўдалося.
Сцяпан зноў — у каторы раз — пачаў праглядаць справу. У судова-медыцынскім пасведчанні гаварылася, што на галаве ў пацярпеўшага была невялікая ранка на скуры. Гэта было лёгкае раненне. Чамусьці раней Сцяпан не звярнуў на такую акалічнасць асаблівай увагі, а цяпер вырашыў назначыць медыцынскую экспертызу. Яго цікавіла пытанне, ці можна пры такім раненні страціць прытомнасць. Абласны судова-медыцынскі эксперт дэталёва пазнаёміўся з медыцынскім заключэннем, выданым раённай бальніцай, з усімі паказаннямі Бандарчука. Так, пашкоджанні, нанесеныя Бандарчуку, адносіліся да катэгорыі лёгкіх. Але ж галоўнае было не ў гэтым. Hi адзін эпізод, звязаны з абрабаваннем, не выпаў з бандарчуковай памяці. I эксперт даў катэгарычнае заключэнне, што страты прытомнасці не было.
Следчы азнаёміў Бандарчука з заключэннем эксперта. Бандарчук прачытаў заключэнне, паклаў яго на стол і спакойна адказаў:
— Як жа не страціў? Страціў. Мне лепш вядома, чым эксперту?
— Але ж ён сцвярджае, што гэта немагчыма!
— А што, эксперт не можа памыліцца? Можа.
«I то праўда»,— зазначыў у думках следчы.
На другі дзень да Сцяпана ў пракуратуру зайшоў Іван Чарнагуз. Сцяпан зірнуў на яго ўвежліва, спытаў:
— Пра сустрэчу з аўтаінспектарам ты, відаць, ужо забыўся?
— 3 якім аўтаінспектарам? A-а, вось ты аб чым,— усміхнуўся Іван.— Дык я ж адных толькі сто грам... I то таму, што адмовіць не мог, характар слабы. — І ўжо сур’ёзна дадаў: — Я да цябе па справе. Падвозіў я да мястэчка аднаго грамадзяніна, здаецца, Бандарчук яго прозвішча. Ехалі, разгаварыліся. Ён мне расказаў, што ў Селішчы яго абрабавалі, галаву разбілі. А я тады якраз быў там...
— Быў там? — жыва перапытаў Сцяпан.— У колькі гадзін, прыкладна?
— Ды ўжо ўвечары... Ага, дык ведаеш, як ён узрадаваўся!
— А чаго ты ездзіў у Селішча? — зноў перабіў следчы.
— У МТС па запасныя часткі для трактара. Дык слухай далей. У мястэчку ён мне грошы даваў. Я думаў, за тое, што падвёз яго.
— А завошта ж?
— Ды паслухай ты,— зазлаваў Іван.— Пасля распытаеш. Дык вось... Калі я адмовіўся ад грошай, дык ён прычапіўся: «Пойдзем, кажа, па бутэльцы піва вып’ем». А тады гляджу — поўлітэрку выцягвае з кішэні. Ну, выпілі мы патроху. Ён мне і гаворыць: «Схадзі ты да следчага і раскажы яму аб гэтым». «Аб чым?» — пытаюся. «Ну, што быў там. Скажы, што бачыў, як з кустоў праз дарогу бег чалавек». I ўсё падлівае ў маю шклянку. «Дык я ж не бачыў», — кажу. А ён мне: «Давай, браце, вып’ем»,— і суне шклянку ў руку. — «Ды гэта,— кажа,— нічога, што не бачыў. Тады злачынцу мо смялей будуць шукаць». Дык вось я і прышоў перадаць яго просьбу,— закончыў Іван.
— Цікава,— Сцяпан устаў з-за стала, пачаў хадзіць па кабінеце.
Іван таксама ўстаў,
— Ну, я паеду, няма часу.
— Пачакай, дзе гэта ты гузікі свае пагубляў?
— Якія гузікі? А, вось гэта? Знайшоў аб чым гаварыць...
— А гэта не твой?
Сцяпан дастаў з канверта, падшытага ў справу па абрабаванню Бандарчука, якраз такі, якога не хапала на пінжаку ў Івана, шэры з светлай хвалістай палоскай гузік.
— Ды падобны да маіх. Ну, бывай здароу, я паехаў,— і Іван вышаў.
«Якое супадзенне! — здзівіўся следчы.— Быў там, гузік яго... I зноў жа Бандарчук прасіў... Чорт ведае, як усё гэта разумець».
Усё, што гаварыў Іван, Ціт Бандарчук на допыце адмаўляў. Сцяпан зрабіў ім вочную стаўку. Як толькі Іван зайшоў у кабінет, Бандарчук усхапіўся з крэсла, утаропіўся ў шафёра.