Выбрать главу

Наступнай хвілінай госць з юрлівай асалодай назіраў, як гаспадыня ўкараноўвала стол букетам апырсканых вадою ружаў. Пад сукенкай Зінчынай былі толькі ажурныя трусікі, і Рыгор, пабачыўшы гэта, няўлоўным рухам правёў рукой па тым месцы, дзе паўставаў з небыцця апрэлы дручок.

Ад выпітага кружылася галава і злёгку зыбалася падлога.

— Еўдакея Ферапонтаўна шмат пра вас казала, — гаспадыня кватэры каторым ужо разам наблізіла твар да ружаў.

— А што канкрэтна? — госць у сваю чаргу паднёс да носа фужэр, удыхнуў шакаладны пах каньяку.

Замест адказу жанчына апусціла вочы, прыкусіла ніжнюю губу, і Рыгор зразумеў, што Зіначка забегла сёння на кафедру не выпадкова.

Госць, з адчуваннем лёгкай перавагі (сам ён абараніўся яшчэ пазалетась), змяніў тэму гаворкі:

— Ну, а як кандыдацкая?

— Засталося стылістыку паправіць… — адказала Зіначка, і Рыгор падскочыў у крэсле.

— Стылістыку? Ды я яе ўжо траім правіў! — кандыдат памкнуўся зараз жа ўзяцца за справу, але гаспадыня яго спыніла.

— Ну што вы, Рыгор Мікалаевіч… у нас яшчэ будзе час… — жанчына папоўніла ягоны келіх, — ці не так?

Полымя ўсіх трох свечак гайданулася, твар гаспадыні дзіўным чынам засвяціўся знутры, і душу Рыгораву працяў нервовы халадок.

— Зіначка… у нас наперадзе цэлае… — ён не дагаварыў: захлынуўся ад хмельнага шчасця, якое аж па край напоўніла грудзіну.

Рухавыя вогнікі свечак мільганулі ў жаночых вачах, і Зіначка падхапілася на ногі. Яна відавочна хацела адцягнуць, затрымаць хвіліну галавакружных прызнанняў.

— А вы памятаеце, Рыгор Мікалаевіч, дзеля чаго я вас запрасіла?

Рыгор Мікалаевіч п’янавата таргануў плячыма.

— Хацела пачаставаць каваю. Ды не паспела змалоць, — гаспадыня выйшла на кухню і ўжо адтуль казала госцю, — так што закасвайце рукавы. Цэлы пачак сёння купіла.

Госць кульнуў дзеля смеласці фужэр каньяку, кінуў у рот скрылёк цытрыны і таксама падаўся на кухню.

Зіначка сядзела на кукішках і поркалася ў кухонным буфеце.

— Кавамолка, праўда, дапатопная. Яшчэ ад прадзеда засталася, — Зінчын задок напята пукаціўся, і Рыгор, аблашчыўшы вачыма спакуслівую лагчынку, што падзяляла яго на дзве палавіны, аж застагнаў ад юрлівай змогі. — Каб пачак змалоць, трэба круціць цэлыя суткі.

Кавамолка была і сапраўды дапатопная. Шэрая, з рэшткамі лаку, яна нагадвала мініяцюрную катрынку, і, здавалася, крутні выгінастую корбу — і кавамолка абзавецца зыкамі. Рыгор агледзеў млынок з усіх бакоў і на прыбітай спадыспаду блямбе разабраў зацёрты надпіс: «Заводъ “Везувій”. 1904 годъ».

Гаспадыня засыпала ў кавамолку жменю пахкіх зярнят, і госць з шалёным імпэтам крутнуў корбу.

— Не так шпарка, Рыгор Мікалаевіч. Круціць трэба паволі, каб зерне паспявала патрапіць у жорны.

Рыгор запаволіў хуткасць, і першыя зярняты з лёгкім храбусценнем перацёрліся на мліва. Гукі гэтыя лагодзілі слых. І наогул, малоць каву на старажытным млынку было надзвычай прыемным заняткам, і калі хвілін праз пяць гаспадыня зайшла ў кухню, госць адказаў ёй белазубай, па-дзіцячы наіўнай усмешкай.

У гэтым была нейкая зачараванасць, нейкае насланнё. Рыгор круціў корбу, і разам з корбай круціліся кухонныя сцены, газавая пліта, насценны гадзіннік, двухкамерная лядоўня «Ака», і ўвесь свет раскручваўся навокал, і кружэнне гэтае спынілася толькі тады, калі за спінай бразнулі дзверы і хтосьці голасна вымавіў ягонае імя.

Гэта была Зіначка: яна з нецярплівасцю ляпала па далоні донцам меднай туркі.

— Зіначка… яшчэ крыху, — малітоўна прашаптаў Рыгор і, звёўшы вочы да пераносся, са здзіўленнем адзначыў, што паспеў змалоць толькі жменьку кававага зерня.

Каб не разагнаць, не расплюхаць неасцярожным рухам зачаравання, Рыгор заплюшчыў вочы і шчасна ўсміхнуўся. Ён вырашыў змалоць увесь пачак.

— Рыгор Мікалаевіч… вы паўтары гадзіны круціце… мне заўтра на працу, — пачулася над вухам, але гэтым разам Рыгор нават не азірнуўся. Прыкусіўшы губу, ён малоў каву, і выгінастая корба ў той момант рабіла 1560-ы абарот.

Потым гаспадыня яшчэ пару разоў заходзіла ў кухню. Змучаным голасам казала, што ў яе хворае сэрца, што ёй трэба класціся спаць, тэлефанавала — Рыгор чуў краем вуха — Еўдакеі Ферапонтаўне, нарэшце сунялася, і ў Рыгора застракатала ўваччу. Зярняты ператварыліся ў прусакоў, заварушыліся перад носам; госць страсянуў галавой, і ў гэты момант млынок вырваўся з рук і важка абрынуўся на галаву. Адзінае, што госць паспеў заўважыць, гэта металёвую корбу, якая, мільгануўшы перад носам, гучна ляснулася ў насценны гадзіннік.