Замест цёплай вады ў кране глухое сіпенне. Даводзіцца плюснуць на твар халадзёнкі.
— Мыешся, як той Маркіз, адной лапай, — кажа братан, ідучы ў кухню.
У кухні пахне гарачымі сардэлькамі: маці ўчора адстаяла чаргу і ўзяла пару кіло. Юрка абдзірае сардэльку, кідае скурку Маркізу, і кот, падчапіўшы яе кіпцюром, падкідвае ўгору. Для ката скурка задужа гарачая.
Сядаю за стол, моўчкі гляджу на брата. Юрка злёгку змарнеў. Нават мяшкі з’явіліся пад вачыма. Дзіва што! Учора (дакладней, ужо сёння) прыцёгся дахаты а другой гадзіне ночы, а як развіднела — піхнуў нос у падручнік.
— Пакуль ты дрыхнуў, я і сардэлькі зварыў, і гарбату запарыў, — ратуючыся ад пякельнай гарчыцы, Юрка хапае ротам паветра. — Еш, а то стынуць.
Мне чамусьці зусім не хочацца есці.
— А што, у цэнтры Зямлі вялікая тэмпература?
— Не менш як пяць тысяч па Цэльсію, — Юрка налівае шклянку моцнай гарбаты. — Але ты да цэнтра не даляціш. Згарыш ад кантакту з паветрам. Я ўжо не кажу пра перагрузкі. Зрэшты, да перагрузкі, спадзяюся, справа не дойдзе: ужо на першай сотні метраў цябе пачне біць аб сценкі.
Гарчыца і сапраўды пякучая. Аж духі займае. Кот Маркіз нават выбег з кухні. Калісьці Юрка мазануў яму пад хвост, дык цяпер небарака нават паху гарчычнага не трывае.
Дзіўна, аднак… Чалавек можа згарэць ад кантакту з паветрам. А калі паветра адпампаваць?
З калідора далятае здушаны голас Мішкі Зыля:
— Лёнь, выходзім!
У калідоры, у нішы, вісіць электралічыльнік, такі ж лічыльнік вісіць у суседскай кватэры, і калі сусед у нішу крыкне, голас чутны нават на кухні.
Толькі цяпер згадваю, што сёння ў нас, аб адзінаццатай гадзіне, піянерскі сход, і, на хаду жуючы неаблупленую сардэльку, бягу апранацца.
Мішка чакае мяне на лесвічнай пляцоўцы, з нецярплівасцю стукаючы каленам па партфелі.
— Кніжку тваю да ночы чытаў, таму і праспаў, — мармычу, збягаючы па прыступках.
— «Прыгоды капітана Гатэраса» чытаў ці «Вандроўку да цэнтра Зямлі»? — Мішка абганяе мяне, з’язджаючы на азадку па парэнчы.
— «Вандроўку». На самым цікавым месцы спыніўся: калі Аксель заблудзіў у цёмным лабірынце. Маці святло выключыла, а так бы яшчэ ўчора дачытаў.
У Мішкі ў хаце поўны збор твораў Жуля Верна. Усе дванаццаць, шызага колеру тамоў стаяць на паліцы.
Мы выходзім з пад’езда, мружымся на сонца.
— Во жылі людзі… на паветраных балонах лёталі, на Паўночны полюс вандравалі. Ты вось, напрыклад, куды б хацеў з’ездзіць? — пытаецца Мішка.
— У Вентспілс, да бацькі, — адказваю пасля кароткага роздуму.
— Вось яшчэ вандроўка. Сеў у цягнік — і там. А я кажу пра сапраўднае вандраванне. Куды-небудзь на край свету.
Сонца адбірае вочы, і я нацягваю на бровы брылёк кепуркі.
— У Амерыку мару злятаць… праз цэнтр Зямлі.
Мішка на імгненне спыняецца:
— Як гэта?
— А вось так: пракопваем праз цэнтр Зямлі скразную шахту, скочым у яе і вылятаем на тым баку, у Амерыцы.
Сябрук шморгае носам — ёсць у яго такая звычка, — азадачана чухае скронь.
— Разганяцца, відаць, будзеш толькі да цэнтра Зямлі, а потым хуткасць будзе згасаць, — Мішка мружыцца на сонца, голасна чхае. — Думаю, метраў сто не даляціш. Назад абрынешся.
Уяўляю, як русічка Марковіч, не даляцеўшы ста метраў да краю ямы, ляціць назад у чорную пройму, і стоена ўздыхаю. А калі выкапаць у тым месцы катлаван? І калі русічка падляціць — схапіць яе за лыткі!
Нінэль Іванаўна Марковіч — мой галоўны школьны вораг. Другую чвэрць запар ставіць трайбаны. Кажа: аніводнага правіла не ведаеш. А я, між іншым, дыктанты на чацвёркі пішу.
Звычайна дарогу ад школы дадому адольваем за шэсць хвілін. У Мішкі на руцэ гадзіннік, і ён любіць, выходзячы з пад’езда, засякаць час. У нашым 5-м «А» гадзіннік ёсць толькі ў яго ды ў маёй суседкі па парце Галкі Патрыкеевай. Дзесьці прыканцы ўрока толькі і чутны шэпт: «Міш, колькі засталося?» А мне і шаптаць не даводзіцца. Бяру суседку за руку, падцягваю рукаво і гляджу — колькі там націкала. І, што дзіўна, суседцы гэта падабаецца. Галка, дарэчы, законная дзеўка. Як і Мішка, вучыцца на адны пяцёркі і часцяком дае спісаць хатнія заданні.
Мы яшчэ толькі на сярэдзіне дарогі — пераходзім бульвар, — а ўжо звініць званок на перапынак, і школьны будынак — гэта чутна нават тут, на бульвары, дрыжыць ад галасу і тупаніны. Клас наш займаецца ў другую змену, таму Чыпаліна — так мы называем старшую піянерважатую — дадумалася збіраць савет дружыны перад заняткамі. Нас з Мішкам ад гэтых сходак цягне на ваніты. Але мусім на іх хадзіць, бо Мішка старшыня савета атрада, а я звеннявы і, да таго ж, адказны за збор металалому.