Выбрать главу

Наступнай раніцы мы стаім з Мішкам насупраць дырэктар­скага кабінета: глядзім на падлогу, стоена ўздыхаем.

— Што, салагі, дастукаліся? — гукаюць хлопцы-старшакласнікі, якія гаманкой чарадой праходзяць міма.

А восьмай гадзіне гучыць званок, і няўцямны гул ды лямант, якімі поўняцца калідоры, паволі аціхаюць. Дзесьці на доле яшчэ тупаюць, голасна смяюцца, потым бразгаюць дзвярыма, і ўсё змаўкае.

Я апускаюся на калені, прыпадаю вухам да замочнай шчыліны. Чутны толькі асобныя фразы.

— Наталля Леанідаўна, я сапраўды заклікала збіраць металалом. Але ж пры гэтым не заклікала выкарчоўваць крыжы з магілаў, — сакоча Чыпаліна.

На лесвіцы чуюцца нечыя крокі, і мы адскокваем ад дзвярэй. Па калідоры, спінай да нас, тупае школьная прыбіральшчыца з вядром і швабрай у руках, і я ізноў прыпадаю да шчыліны.

Гэтым разам прамаўляе дырэктарка:

— Думаю, у гэтым ёсць і наша віна. Бо мы, педагогі, не прышчапілі вучням… — чаго там нам не прышчапілі, я не дачуўся: Мішка адцягнуў мяне ад дзвярной шчыліны і сам прыхінуўся да яе скронню.

— Ну, што там? — шапчу я. Сябар, прыклаўшы палец да вуснаў, утрапёна лыпае вачыма.

— Дырэктарка кажа — трэба крыж некуды вывезці. І арганізаваць суботнік на могілках, — шапоча нарэшце сябрук і адскоквае ад дзвярэй.

Адскочыў Мішка своечасова, бо ў той жа міг дзверы адчыніліся і ў пройме паўстала дырэктарка школы Наталля Леанідаўна.

— Зыль і Каролік? Пяты «А»?

Мы ківаем галовамі.

— Які ў вас зараз урок?

— У другую змену вучымся, — адказвае Мішка.

Дырэктарка дакорліва ківае галавой, і я не магу ўцяміць: у чым яна нас дакарае. У тым, што мы прыцягнулі крыж з могілак ці таму, што вучымся ў другую змену.

— Добра, — з уздыхам прамаўляе дырэктарка. — Ідзіце, рыхтуйцеся да заняткаў. Я з вамі пагаманю пазней.

Дзверы прычыняюцца, і я, счакаўшы хвіліну, ізноў прыпадаю да замочнай шчыліны.

— Мы нічога не павінны пускаць на самацёк, — кажа Наталля Леанідаўна, стукаючы абцасамі па падлозе. — Вы чулі, што надарылася ў 19-й школе? Вучні сцягнулі на металалом накрыўку каналізацыйнага люка, і туды ўпаў мужчына. Сківіцу зламаў, ляжаў у рэанімацыі… — Мішка цягне мяне за рукаво, і за спінай адзываецца школьная прыбіральшчыца.

— Ай-я-яй! Падслухоўваюць чужыя размовы! Як не сорамна! — прыбіральшчыца ідзе па калідоры, піхаючы перад сабой швабру з мокрай анучай.

Прыбіральшчыца штосьці абурана прамаўляе нам услед, але мы не чуем: бяжым з Мішкам па лесвіцы, ляпаючы па парэнчах вільготнымі далонямі.

— Як ты думаеш, бацькам паведамяць? — ужо на ганку пытаецца сябар.

Я торгаю плечукамі.

— Табе добра. Бацька ў моры. Забыўся ўжо, калі цябе луп­цавалі, — гугніць сябар, ды, злавіўшы мой незадаволены позірк, аціхае.

Мой бацька — рыбак. Ужо трэці год плавае на сейнеры. Летась цэлае лета быў з намі, а сёлета не прыехаў. Адно прыслаў поштай на братава імя дзевяцьсот рублёў. Маці хацела грошы назад адаслаць, ды Юрка не даў. Наогул маці на бацьку страшэнна злая. Як пабачыць ліст з Вентспілса, так адразу рве, не чытаючы. Так што, ідучы ў школу, я заўсёды зазіраю ў паштовую скрыню — а раптам пісьмо ад бацькі?

На гадзінніку палова на дзявятую. Гэтым часам маці збіраецца на працу. Зрэшты, цяпер яна не адна: з кухні даносіцца голас цёткі Акуліны — Мішкавай маці.

— Там, у портах, столькі сучак круціцца… Ты сабе і ўявіць не можаш. Так што любога абкруцяць…

Маці з суседкай грукаюць услонамі, выходзяць з кухні.

— Што, ужо скончыўся ваш збор? — пытаецца цётка Акуліна, і я, сцягваючы кеды, няўцямна мармычу:

— На заўтра перанеслі.

Сябрук, як ішоў у школу, наплёў пра збор. Не казаць жа, што нас ад самай раніцы выклікалі да дырэктаркі.

— Пайду Мішку пакармлю, — ад парога азываецца суседка і, сцішыўшы голас, дадае: — Так што, Фруза, не перажывай. Пагуляе ды вернецца.

Праз пяць хвілін маці ідзе на працу, і я сядаю за стол. Сёння серада. Першы ўрок — батаніка. Трэба штосьці пачытаць. Перагортваю падручнік, тупа гляджу на кветку канюшыны ў разрэзе і пераводжу позірк на братаў прайгравальнік. Прайгравальнік — навачасны, маркі «Камета» — Юрку падараваў бацька. А нядаўна, замоўленай бандэроллю, прыслаў замежную кружэлку з дзвюма песнямі «Бітлз». Як толькі яна з’явілася, у нашай кватэры не зачыняліся дзверы: кружэлку пераслухаў ледзь не ўвесь Юркаў чацвёрты курс. Пару чалавек прыцягвалі магнітафоны, а акулярысты бамбіза з суседняга пад’езда — Юрка кажа, што ён фотамастак, — прыходзіў з вялізным фотаапаратам і пераздымаў капэрту, у якую ўкладзена кружэлка. Капэрту таксама ўсе перагледзелі-перамацалі. Цяпер стаіць у серванце, за шклом, і Юрка не дазваляе яе адтуль выцягваць.