— А што я такога сказаў? — Мішка бяжыць поруч, спрабуючы зазірнуць мне ў вочы. — Ты ж сапраўды марыш патрапіць у цэнтр Зямлі.
— Я не мару, а даследую праблему, — папраўляю сябра: гэты мудрагелісты выраз я пачуў аднойчы з вуснаў Мішкавага бацькі, і ён мне вельмі спадабаўся.
У класе стаўлю глобус на стол і, прыціснуўшы палец да цэнтра Еўропы, пераконваюся, што другі канец шахты губляецца ў бязмежных акіянскіх прасторах. А вось праз полюсы ніякай шахты і капаць не трэба. Зямная куля працятая там бліскучым стрыжнем.
Вакол мяне збіраецца купка аднакласнікаў.
— Чаго, Лёня, глобус торгаеш? — пытаецца Пецька Мацапура. Пецьку я недалюбліваю, бо той задавака і хлус.
— Вывучае праблему падарожжа да цэнтра Зямлі, — тлумачыць Мішка Зыль, але ўжо голасам спакойным і разважлівым.
— Як гэта? — Пецька дробна міргае вачыма.
— А вось так… Пракопваем праз цэнтр Зямлі шахту…
— Чым, рыдлёўкай? — перабівае мяне Мацапура, і я не ведаю, як адказаць задаваку.
— Мы разглядаем не практычны, а тэарэтычны бок праблемы, — прыходзіць на выручку Мішка. Слоў такіх Мішка, вядома, нахапаўся ад бацькі. — Ты вось, Мацапура, адкажы… Калі скочыць у такую шахту — ці вылеціш на другім канцы?
— Вылеціш, — без вагання адказвае Мацапура, — і не проста так, а наперад нагамі.
— Вось гэта нумар! — захоплена выдыхае другагоднік Васька Хвошч. — Скочыў у трубу — і адразу ў Амерыцы!
— Слухайце сюды, — кажа Мішка Зыль і малюе крэйдай на дошцы вялікае кола. — Вось гэта Зямля, вось тут… — Мішка перацінае кола пункцірнай лініяй, — мы прабіваем шахту і скочым у яе наперад нагамі. Дык вось, мы да Амерыкі не даляцім. Будзем лётаць туды-сюды, пакуль не захраснем у цэнтры Зямлі. — Сябрук, няйначай, паўтарае тое, што дачуўся ад бацькі, выкладчыка транспартнага тэхнікума.
Я таксама хапаю крэйду.
— А калі вось тут, на другім баку, — крэйда крышыцца, пакідаючы на дошцы крывую дугу, — выкапаць глыбокую яміну. Даляціш да краю ці не?
Мішка чухае лоб, пэцкаючы крэйдай левае брыво.
— Тады, відаць, даляціш, — няўпэўнена прамаўляе сябрук, і ў клас рашучай хадой уваходзіць геаграфічка.
Ксенія Спірыдонаўна ніколі не падвышае голасу. Вось і цяпер, ні слова не сказаўшы, стаіць ля стала і чакае, пакуль мы сядзем за парты.
— Каролік… чаму дошка не выцертая?
— Сёння Зыль дзяжурны, — паведамляе Галка Патрыкеева, але я іду да дошкі, сціраю мокрай анучкай Мішкавы крамзолі.
— Ксенія Спірыдонаўна, — звяртаюся, выціраючы рукі аб нагавіцы.
— Слухаю цябе, Каролік.
— А якая таўшчыня лёду ў Антарктыдзе?
— У сярэднім таўшчыня лядовага покрыва складае два кіламетры. Аднак пра Антарктыду мы пагаворым пазней. А зараз праверым, ці вывучылі вы тапаграфічныя знакі.
Геаграфічка вядзе тупым канцом асадкі па класным журнале, а я плюхаюся на сваё месца, усведамляючы, што такую тоўшчу ломам не праб’еш. Тут і атамны выбух наўрад ці дапаможа.
На перапынку нікуды не йду. Чытаю «Літаратурку» — выцягнуў з паштовай скрыні, як ішоў у школу. На перадапошняй старонцы артыкул пад назвай «З жыцця “пчол” і “жукоў-гнаевікоў”». Вочы чапляюцца за радкі: «Хто ж гэтыя загадкавыя “жукі”? На жаль, гэта ўсяго толькі ангельскі эстрадны ансамбль “Бітлз”… — Чытаю, соўгаючыся азадкам па лаве: гэта ж пра Юркавых улюбёнцаў! — Цяжка нават уявіць, якія гукі выдаюць гэтыя маладыя людзі, які змест у іхных опусах», — чытаю далей і чую ля вуха гарачае дыханне суседкі.
— Там што, пра «Бітлз» напісалі?
— Можна падумаць, ты іх чула, — гмыкаю, не адрываючыся ад газеты.
— А ты сам хоць чуў?
— Ды ў мяне, каб ты ведала, дома кружэлка ёсць, — я піхаю газету ў партфель, падымаюся на ногі.
— Дай паслухаць! — Галка таксама падхопліваецца, бліскае раскосымі вачыма.
— Не магу… братава.
Ужо на калідоры чую зычны Галчын воклік:
— Усё, Лёнік, скончыліся твае перапісоны.
Такая заява прымушае спыніцца.
— Ладна, — выдыхаю я, перахапіўшы Галку ў дзвярах. — Прынясу для пачатку капэрту з фотаздымкам.
Звініць званок. Па калідоры, узняўшы над галавой разгорнутую мапу Рымскай імперыі, бяжыць Мішка Зыль. Наступны ўрок у нас — гісторыя.
Артыкул пра бітлоў прачытала палова класа. Нават газету пакамячылі. Уяўляю, што што будзе з Юркам, калі ён прачытае такое. І вось, вярнуўшыся са школы, ад парога крычу брату:
— У газеце пра «Бітлз» напісалі!
Юрка выхоплівае з маіх рук «Літаратурку», перагортвае старонкі, а я іду на кухню, ляпаю створкамі кухоннай шафкі і, не знайшоўшы нічога спажыўнага, цягну са слоіка маласольны гурок.