— Не, якую лухту пішуць! — абураецца за сценкай братан. — «Давядзецца жабраваць па шынках…» І хто піша: Мікіта Багаслоўскі! «Як на шахце вугальнай х… знайшлі адрублены». Ды гэты ёлупень іх ніколі не чуў!
Я задаволена пасміхаюся, надкусваю гурок і йду да серванта. Капэрта з «Бітламі», на шчасце, стаіць на сваім месцы. Да свайго сораму, з усіх чатырох музыкаў ведаю толькі двух. Імёны ў іх мудрагелістыя, нават не ведаю — ці правільна прамаўляю. Вось гэтага, што скраю, завуць Джоленан, а вунь таго, напалову прыхаванага вялізным бубнам, — Рынгастар. Перад Галкай трэба бліснуць дасведчанасцю.
— Слу… хай, — бубню, тыцкаючы пальцам у шкло, — а як завуць вось гэтага, з гітарай-скрыпкай?
— Пражуй, — незадаволена адзываецца братан. Юрка нервовымі рукамі складвае газету ў столку, падаецца ў калідор і, ужо адчыніўшы дзверы, крычыць:
— Поль Макартны!
Братан пабег да сябра — фотамастака, што жыве ў суседнім пад’ездзе. Трымайся, Мікіта Багаслоўскі! Зараз табе Юрка з фатографам дадуць дыхту!
Каб не забыцца, выцягваю з партфеля падручнік расейскай мовы і на адваротным баку вокладкі запісваю прозвішчы бітлоў: Джоленан, Рынгастар, Поль Макартны. Трэба будзе спытацца, як завуць чацвёртага, які стаіць паміж Джоленанам і Макартным. Ён мне, дарэчы, найбольш падабаецца. Вырасту, абавязкова пашыю сабе такія ж скураныя порткі, як у таго, чацвёртага, і адгадую такія ж даўгія валасы.
На першы ўрок, на ненавісную мне расейскую мову, мы з Мішкам, як заўсёды, познімся. Марковіч ужо і дзверы адчыніла, а тут мы бяжым па калідоры. Русічка, з грымасай на твары, запускае нас у клас, з грукатам зачыняе дзверы.
Саджуся за парту, спрабую перавесці дых.
— Ну як, прынёс? — шэпча суседка.
Моўчкі ківаю галавой.
— Так… усе прыйшлі, хворых няма? — пытаецца русічка, штосьці пазначаючы ў класным журнале.
Я лезу ў партфель, цягну капэрту за ражок, і тая, выслізнуўшы з рукі, падае на падлогу. Прыціскаю капэрту нагой.
— Каролік, што там у цябе? — русічка надта порстка падхопліваецца. — Ану-ка, дай сюды…
Пальцы — доўгія, з наманікюранымі пазногцямі — ушчаперваюцца ў капэрту, адрываюць левы ражок.
— Што вы робіце? Гэта ж «Бітлз»! — крычу я, хапаю Марковіч за руку, і пакамечаны ражок ляціць на падлогу.
Дагэтуль, відаць, ніхто з вучняў за рукі Марковіч не хапаў. Разявіўшы рот, настаўніца глядзіць спачатку на руку, потым на мяне і страшным голасам выдыхае:
— Каролік… Зараз жа выйдзі з класа!
Я нікуды не йду: падхопліваю адарваны ражок, выпростваю гарачымі далонямі.
— Ну тады давядзецца выйсці мне.
Русічка бярэ са стала журнал, вылятае з класа, а праз хвіліну, падхапіўшы партфель і азірнуўшыся на Галку Панцялееву, выходжу і я. Каля дырэктарскага кабінета прыцішваю крок.
— …Сёння прынёс нейкіх кудлатых фашыстаў, а заўтра прынясе ў школу парнаграфію! — вырываецца з проймы няшчыльна зачыненых дзвярэй звяглівы русічкін голас.
Я бягу па лесвіцы, і чую за спінай голас:
— Куды ты? Сёння ж кантрольная па матэматыцы!
Мішка даганяе мяне, спрабуе схапіць за пінжак.
— У Вентспілс еду! — выдыхаю я, не азіраючыся.
Мішка спыняецца, крычыць штосьці, але я не слухаю, бо думкі мае занятыя іншым. Я ліхаманкава падлічваю: колькі патрэбна грошай, каб даехаць да Вентспілса. У маці, у шуфлядзе трумо, прыхавана пяцьдзясят рублёў. Усе браць не буду. Хопіць і трыццаткі.
Мой цягнік ідзе праз тры гадзіны. Седзячы ў вакзальнай пачакальні, са схаладнелым сэрцам выглядаю — каго б папрасіць узяць квіток да Рыгі.
Ля бліжняй касы тры студэнты — з партфелямі і тубусамі ў руках. Можа, іх папрасіць? Студэнты, як мне здаецца, глядзяць на мяне, дружна рагочуць, і я ўцягваю галаву у плечы. Тым часам чаргу ў крайнюю касу займае дзядок у зацяганым плашчы. Гэты з мяне рагатаць не будзе. Ну, спытае, куды еду. Скажу: да бацькі ў Вентспілс. Скажу яшчэ, што маці захварэла, таму выправіла аднаго, а касірка квітка не дае. Я падымаюся з лавы, але тут жа зноў сядаю, бо па праходзе між лаваў сунуцца два міліцыянты. Яны глядзяць па баках, і я пасоўваюся бліжэй да цётухны, якая спіць на другім канцы вакзальнай лавы. Колькі часу сяджу, утаропіўшыся на брудную падлогу, а калі зноў падымаю вочы, бачу сярод людзей Мішку Зыля і Галку Патрыкееву. Галава мая міжволі ўгінаецца, я спрабую неяк прыхавацца, але позна: Галка махае мне рукой.
— Ведалі, што ты тут, — яшчэ здалёк галёкае Мішка, абудзіўшы маю суседку па лаве.
— Ой, што было!… — выдыхае ў сваю чаргу Галка Патрыкеева. — У школу жонка Карпавіча прыбягала… Крыку было-о… — вочы Галчыны круглеюць і далоні ляпаюць на шчоках.