Выбрать главу

— У Гасюты… на гарышчы знайшлі, — патлумачыў унук, а калі дзед з усмешкай спытаў, навошта ён прыпёр гэтае ламачча, безнадзейна махнуў рукой і падаўся з хаты.

Наступным ранкам Мікола спаў даўжэй звычайнага, а прачнуўшыся, працягнуў няскончаную размову.

— Гэта, дзеду, не ламачча, а каляровы метал. Мне за яго тры тваіх пенсіі дадуць, — унук пацягнуўся, вохнуў і пачухаў абедзвюма рукамі свае пакусаныя камарамі і пабітыя аб рачныя карчажыны ногі.

Словы такія пакрыўдзілі дзеда.

— Мне маёй пенсіі хапае. Сорак гадоў адрабіў на чыгунцы. І табе даю… на пляшку, — буркнуў стары, пайшоў да дзвярэй і ўжо з парогу дадаў: — Тут, непадалёку, гэтага металу цэлая тона ляжыць.

Сказаў гэта дзед не падумаўшы, а калі падумаў, унук ужо стаяў на ганку і чухаў голае чэрава.

— Ты што, сапраўды ведаеш, дзе медзь прыхавана?

Стары дастаў беламорыну, скамечыў набойніцу ў гармонік, потым выцягнуў запалкі, і ўнук, перахапіўшы пушку, паднёс запаленую сярнічку да дзедавага носа.

— У рацэ ляжыць, — выдыхнуў, разам з папяросным дымам, дзед Трахім, прысеў на край ганка і пасля глыбокай зацяжкі, ад якой нават пацямнела ўваччу, распавёў унуку гісторыю саракагадовай даўніны.

…Аднойчы, золкай восеньскай ноччу, Трахім пайшоў на раку ставіць донкі, і нечакана з прырэчных кустоў выйшаў міліцыянт у плашч-накідцы. Зыркнуўшы з-пад насунутага на вочы капюшона, міліцыянт загадаў тэрмінова пакінуць бераг, бо тут мусяць адбыцца вайсковыя вучэнні.

«Ці не пантонны мост наводзяць?» — падумаў Трахім, адышоў метраў на дзвесце і залёг за кустом — вырашыў паглядзець, як там усё будзе. Ляжаў доўга, здранцвеў увесь, хацеў быў ужо дахаты падацца, ды тут на бераг — з натужлівым выццём — выехаў самазвал і, даўшы задам, заехаў у ваду. Месца, куды заехаў самазвал, было адметным: там, непадалёку ад берага, круціў хлапякі белай пены глыбокі вір — у віры, адразу па вайне, знайшлі тапельца, а таму тутэйшыя рыбакі ніколі не закідвалі туды вуды.

У цемры пачуліся галасы, мільганулі жарынкі цыгарак, самазвал загуў, цяпер ужо са страшнай натугай, і ў вір, узняўшы нябачныя пырскі, бухнулася штосьці цёмнае і важкае.

Раніцою, як толькі развіднела, Трахім пабег на раку і сустрэў па дарозе Сяргейчыка — аднаногага інваліда, які так­сама быў заўзятым рыбаком і хата якога стаяла на другім баку вуліцы.

— Чуў? — вымавіў Сяргейчык, калі яны парукаліся.

Трахім таргануў галавой, і сусед, секануўшы паветра бамбукавым вудзільнам, прамармытаў:

— Сталіна скінулі.

— Як скінулі? Куды? — гукнуў быў Трахім, прыцішыў крок, а пачуўшы пра бюст, што стаяў у парку, шпарка пайшоў, прыладжваючы крок да мернага рыпення Сяргейчыкавага пратэза…

— І што… сапраўды з бронзы? — запытаўся ўнук, не даслухаўшы дзедавага аповеду.

— Ну так… жоўты такі стаяў, — дзед павёў рукамі, малюючы ў паветры відарыс сталінскага бюста, і Мікола ў чарговы раз пачухаў ніз жывата.

— Гіпс, відаць… Пафарбавалі пад бронзу.

— Ды не-э… Гіпс бы ў вадзе разваліўся, а ён цалюткі, — Трахім вытрымаў паўзу і з разважнасцю патлумачыў: — У семдзесят другім годзе, як рака абмялела, макаўка паказалася. Мальцы яшчэ там нырца давалі…

Стары пацёр далонню санлівыя вочы, а калі зноў зірнуў на свет, унук ужо бег з двара, і на пытанне: «Куды ты паляцеў?» — коратка азваўся: «Да Гасюты!»

ІІ

Зялёная ад твані, спрэс залепленая куклянкамі камлыга не паспела як след прасохнуць, як на яе ўзбіўся гурт мясцовых падшыванцаў. Падшыванцы пры гэтым бязладна гарлалі, спіх­валі адно другога з бетоннай камлыжыны, а неўзабаве пачалі стукаць па ёй нечым жалезным.

— Во йоп…— вылаяўся Мікола, пачуўшы скрозь ранішні сон гучны бразгат. Сёрбнуўшы на хаду збружэлага квасу, ён выйшаў да весніц.

— Ану, малеча, прэч адсюль! — пагрозліва гукнуў Мікола, але голас пасля купання дарэшты асіп, і падшыванцы працягвалі валтузіцца на помніку.

— Каму сказаў… — Мікола выдзер з паркана збуцвелую штыкеціну, і гэта дапамагло: дзятва сыпанула ўбокі, але далёка не адбегла.

— А гэта што — помнік? — запытаўся адзін з падшыванцаў — малец грыз няспелы яблык і пры гэтым гучна чвякаў.

— Помнік… помнік, йоп вашу… — буркнуў Мікола, перакрывіўся і сплюнуў пракіслую сліну.

Ад недасыпу і выпітай гарэлкі галава Міколава балела, настрой быў паганы, а таму з языка зляталі мацюкі і глотку вярэдзілі глухія ўздыхі. Аднак, абышоўшы помнік, Мікола пажвавеў і, маракуючы пра штосьці сваё, павадзіў рукамі ў паветры, нібыта ён — у думках — укараноўваў снежную бабу важкай галавою.