Выбрать главу

— Ну і што ты будзеш рабіць з гэтай халерай? — гукнуў, перабіваючы думкі, дзед Трахім: дзед стаяў ля весніц і пыхкаў беламорынай.

— Як што? Адрэстаўруем. Выставім на продаж, — унук выцяў бетоннага балвана мыском чаравіка. — Думаю, пару тысяч баксаў возьмем.

— Эгэ-э, Міколка… Каму ён патрэбны? — стары папярхнуўся дымам, здушана закашляў. — Вунь і нос адбіты… і ў дзірах увесь…

— Каверны замажам, нос прылепім… пафарбуем. Карацей, будзе правадыр як навюткі… Ты вось што, дзеду… — унук азір­нуўся, увабраў галаву у плечы, — трэба хлопцам… з пільні… пару пляшак паставіць… Пазыч да вечара… Гасюта прыедзе — аддасць.

Стары нічога не сказаў і толькі зварухнуў пальцамі, рахуючы — колькі яшчэ дзён унук прабудзе на пагасцінах.

Па абедзе Трахім прылёг на тапчан, адразу ж заснуў і неўзабаве быў абуджаны лескатаннем Гасютавага трактара. Трактар ехаў па вуліцы, і ззаду за ім, уздымаючы пылюку, валачылася на тросе таўшчэзная калода.

— Божухна, і калі гэта ўсё скончыцца? — прашаптаў стары і з вохканнем выйшаў на ганак.

Ля Трахімавай хаты тым часам ужо збіраўся народ.

— Чаго вылупіліся? — гыркаў Гасюта на цётак, што ішлі да крамы, ды спыніліся паглядзець — што мальцы будуць рабіць з цурбаном ды бетоннай камлыгай. Цёткі паправілі хусткі на галовах, стоена зашапталіся, а Гасюта падхапіў з-пад плота доўгую жардзіну, загнаў тонкі канец пад цурбан, і яны на пару з Міколам пакацілі яловы кругляк да весніц. Усё было б нішто, ды надарылася неспадзеўка: жардзіна з трэскам абламалася, стукнула Міколу па карку, і кампаньён, пачуўшы смех грамады, злосна выдыхнуў:

— Г’анд-доны…

Працаваць у атачэнні натоўпу не выпадала, а таму, падкаціўшы калоду да весніц, Гасюта абабіў перапэцканыя ў яловую жывіцу рукі і голасна, каб чула грамада, абвясціў:

— На сёння ўсё!

«І тузанулі ж мяне за язык,— падумаў Трахім, правёўшы далонню па няголеным падбароддзі, — ляжаў бы сабе на дне, пакуль не спрах, дык не… выцягнулі нячысціка…» — стары уздыхнуў, падаўся ў хату, і следам за ім, заглушыўшы трактар і абмацюкаўшы грамаду, рушылі Мікола з Гасютам.

— Ну што за людзі! З усяго пасёлка збеглася. Нібыта ніхто калоды не бачыў… — ад парога гукнуў знерваваны ўнук, а дзед, пазяхнуўшы ў далонь, лёг на тапчан, змучана перавёў дых.

На кухні рыпнула падлога, і Гасюта — з воклічам «Обана!» — грукнуў аб стол чымсьці цвёрдым.

— Ай, малайца-а! — акрыялым голасам азваўся Мікола.

— Хопіць ім і адной… Летась пілавінне грузіў — ні хера не праставілі…— растлумачыў Гасюта, а Мікола ўдарыў у ладкі і кінуўся ў сені, дзе стаяла газавая пліта.

— Зараз, бляха, яечню згламэздаем.

Пакуль Мікола завіхаўся з патэльняй, Гасюта, падобна, адкаркоўваў пляшку, потым бразнуў шклянкамі і нягучна прамовіў:

— Яму выкапаеш… Сантыметраў на семдзесят, глыбей не трэба. Заўтра ад ранку калоду паставім, а ў абед Сівоха кран падгоніць.

У шклянцы — стоена, але разам з тым упэўнена — зацурчэла гарэлка, і пад тыя чароўныя гукі Трахім заплюшчыў павекі.

На наступны дзень, ад самага ранку, у Трахімавай хаце грукалі дзверы, звінелі шклянкі і лілася п’яная гамонка. Першымі завіталі два хлопцы з піларамы, і Мікола пабег да тутэйшых цыганоў па самагонку. Бліжэй да абеду ў хату ўваліліся Гасюта з вадзілам аўтакрана, усе разам дапілі цыганскую акавіту і, трымаючы пад пахі аднаго з пільшчыкаў, пайшлі ўздымаць правадыра на «п’едэстал».

Дзед Трахім зроду не хрысціўся, а тут, пабачыўшы, як п’яны ўнук убіўся пад бетонную камлыгу, што завісла, як той вісельнік, у паветры, тыцнуў самлелымі пальцамі ў лоб, жывот і ў левае плячо. Схоплены за шыю сталёвай зашмаргай, правадыр крутнуўся спачатку ў адзін бок, потым у другі, нарэшце спыніўся, Мікола абхапіў правадыра ўладнымі рукамі, і той паволі асунуўся на калоду.

Хвілін праз дзесяць, пабачыўшы ў дзвярах унука — цэлага і жывога, стары яшчэ раз перахрысціўся і без шкадавання аддаў Міколу пяцьдзясят тысяч адной паперкай — апошнія грошы, якія былі ў хаце.

Вечарам у хату завітаў яшчэ адзін госць — Данік Крываблоцкі. Данік той, немалады ўжо, сівагаловы мужчына, працаваў у цэху шырспажыву. Вырабляў помнікі з мармуровай крошкі, ляпіў барэльефы памерлых персанальных пенсіянераў і, вядома ж, убачыўшы бюст з адбітым носам, тут жа зайшоў у хату, каб прапанаваць свае паслугі.

…За вокнамі ўжо святлела, а на кухні ўсё яшчэ гаманілі і здушана мацюкаліся.

— Калян… ты хоць ведаеш… з кім маеш справу? — п’яным голасам пытаўся Данік Крываблоцкі і, пасля страшэнна працяглай паўзы, адказваў: — Ты маеш справу з прафесійным скульптарам.