Калян доўга і неразборліва мыкаў, потым чхнуў — ды так гучна, што абудзіў Гасюту; Гасюта, у сваю чаргу, таксама мыкнуў, але тут жа суняўся, і на кухні чарговым разам зазвінелі шклянкі.
— У Гасюты, небаракі, ужо і галава не трымаецца… на стол падае, — прабубніў Крываблоцкі і зычнейшым голасам працягваў: — Карабейнікаву помнік бачыў?.. За дзень зляпіў!.. Зяць Карабейнікаў прыехаў, паглядзеў — даў пяцьсот «зялёных»… Казаў: «Кідай усё, прыязджай да нас у Піцер — табе цаны не будзе…» — на кухні зацурчэла гарэлка, і Мікола прасіпеў: — А но-ос?
— Алебастравы прыляплю… Будзе лепшы за твой…— выгукнуў Крываблоцкі, хлопцы чокнуліся, і ў гэты момант штосьці масіўнае і важкае абрынулася на падлогу.
Дзед Трахім адсунуў фіранку. На падлозе, нязграбна раскінуўшы рукі, ляжаў упіты Гасюта.
— Каб вас парвала ад той гарэлкі, — азваўся стары і з вохканнем кульнуўся на левую бачыну.
Пад самую раніцу хата напоўнілася нялюдскім храпам. На кухні, падклаўшы пад галаву палена, хроп Гасюта, а ў святліцы дзерлі тхара Мікола з Крываблоцкім. Данік з Міколам спалі на канапе ніжнікам, пры гэтым дзедаў унук часцяком падбрыкваў правай нагой, біў Крываблоцкаму пяткай у лоб; скульптар на кароткі міг аціхаў, мыляў вуснамі і пачынаў храпці з яшчэ большай сілай. І вось, калі Данік схрапянуў ужо зусім ашалела, і дзед Трахім апусціў руку пад тапчан, шукаючы — чым кінуць у храпуна, на падворку пачуліся крокі, і нехта дробна пастукаў у шыбу.
— Ці ў вас мой апівуда? — крыкнула Гасютава жонка, і ад таго крыку забрахаў суседскі сабака, а Данік з унукам перасталі храпці і зморана застагналі.
Падняла мужа Гасюціха даволі хутка: плюснула з вядра халоднай вады, а потым, мацюкнуўшыся, агрэла небараку паленам. Удар атрымаўся глухім, але трапным. Дзед Трахім, лежачы за фіранкай, уражана залыпаў вачыма, а Данік з Міколам стаілі дых і з жаласлівым гукам выпусцілі паветра.
Гасючысіны праклёны заціхлі на другім канцы вуліцы, навакольныя сабакі збрахаліся да сіпу, залезлі ў будкі, і змучаную дзедаву душу падхапіў і панёс па сваіх цёмных лабірынтах доўгачаканы, а таму цяжкі сон.
І прыснілася дзеду пахаванне Сталіна. Спачатку ў свядомасці нарадзіліся гукі: гул золкага ветру ў разбітых вокнах дэпо, лясканне жалобных сцягоў над галавою, галасісты, з засопленым прыдыханнем плач начальніцкай жонкі. Трахім страсянуў ува сне галавой і тут жа ўбачыў стрыжаныя патыліцы, чорную зеўру гучнагаварыльніка і заплаканую начальніцкую жонку.
— Міканор… як жа мы цяпер… без яго?.. — здушана галасіла кабеціна, уткнуўшыся лобам у пагон мужавага шыняля.
— Капа, нам усім цяжка… — мармытаў начальнік дэпо, неадрыўна пазіраючы ўгору — туды, дзе завіхаліся ўвішныя вераб’і і дзе вісеў бляшаны рупар гучнагаварыльніка.
Трахім агледзеў краем вока натоўп і знерухомеў ад нечаканасці. Праваруч, у атачэнні паравознікаў, стаялі Мікола з Гасютам. Абодва былі на ладным падпітку, абодва смалілі папяросы і задаволена пасміхаліся, падставіўшы золкаму ветру свае — Мікола малочна-белыя, а Гасюта пракурана-пажоўклыя — зубы.
«Божухна, забяруць!» — мільганула падспудная думка, і ў гэты момант бляшаны рупар крактануў, вераб’і разам узняліся ў паветра, і наваколле напоўніў хрыпучы левітанаўскі голас:
— Пайшоў з жыцця прадаўжальнік вялікай справы Леніна, друг і настаўнік працоўных усяго свету… — Левітан зрабіў паўзу, за спінай раней часу загуў ды асекся паравозны гудок, і чыйсьці знаёмы голас пакутліва выдыхнуў: — Фу, бл…ь, як цяжка…
Стары размежыў павекі. Уваччу паплыло, а потым замёрла на месцы квяцістая фіранка.
— Ой, бля, як цяжка! — застагнаў Данік Крываблоцкі, і Трахім адхінуў фіранку.
Гадзіннік на кухні паказваў палову на дзясятую.
— Паміраю… сэрца спыняецца…— чародным разам выдыхнуў Данік і з вохканнем раскінуў убокі рукі і ногі.
Мікола тым часам ужо ляжаў на падлозе. Сэрца ў скульптара, відаць, і сапраўды спынялася, бо Данік быў белы, як палатно, а ніжняя сківіца безупынку калацілася.
«Каб жа не памёр, халера на яго»,— падумаў стары і, апанаваны трывожнымі думкамі, палез пад тапчан, дзе яшчэ з Калядаў была прыхаваная пляшка «чарніла».
…Данік піў «Водар мяты» нагбом, з рыльца, а выпіўшы паўбутэлькі, задаволена адрыгнуў і гукнуў праз плячук: — Гасюта!
— Сышоў… яшчэ зранку, — азваўся дзед Трахім і, сцішыўшы голас, дадаў: — П’юць, пакуль на падлогу не зваляцца.
ІІІ
Неўзабаве Данік пайшоў з хаты, але праз гадзіну вярнуўся.