— Чуеш, дзеду?! Здаю бюст за пяць тысяч баксаў! І ні цэнта меней…
— Эгэ-э… Міколка… Каму ён патрэбны? — азываўся з тапчана стары Трахім, — у людзей грошай на хлеб не стае, а яны табе будуць нейкія бюсты купляць.
— Гэта ў цябе не стае, а ў «крутых» грошай як гразі…— Мікола ўкінуў у рот цыгарэціну, пстрыкнуў запальнічкай і прыслухаўся: нападворку хтосьці зусім па-дурному загарлаў:
— Сталин — наша слава боевая-а…
Сталин — нашей юности полё-от…
Трахім падхапіўся з ляжанкі, падышоў да акна і незадаволена вылаяўся: на падворку, узяўшы пад руку Юстына Капітонавіча Дуба, былога ваенкама, стаяла і гарлала на ўсе застаўкі Аўгіння Міканораўна Кароткая — актывістка раённага савета ветэранаў вайны і працы.
— Прынёс нячысцік, — буркнуў Трахім і, прычакаўшы, калі Аўгіння праспявае апошні радок: — Наш народ за Сталиным идио-от! — зачыніў акно адразу на дзве аканіцы.
Аўгіння Кароткая ў час вайны мыла порткі партызанскаму камандзіру, а цяпер, начапіўшы медальку, цягалася па горадзе і, сустрэўшы Трахіма, кожны раз апавядала — як яны адбіваліся ад карнікаў, як яе ледзь не забіла асколкам гранаты і, уздыхнуўшы, абавязкова прамаўляла:
— Вам хоць добра было, вы ў тыле сядзелі.
— Пасядзела б ты, карга лупатая, у тыле… пад нямецкімі бомбамі, — суцішна казаў услед актывістцы Трахім і доўга потым хадзіў не ў гуморы.
…Дзве галавы — сівая ваенкамаўская ды чарнявая Аўгінніна — праплылі міма вокнаў, і Трахім, пятым разам згадаўшы нячысціка, патупаў да дзвярэй.
Ён сустрэў гасцей на ганку. Выставіў чэрава, абапёрся рукой на вушак і тым самым даў зразумець, што ў хату нікога не запрашае.
— Ну, Трафім Пятровіч, не ведаю, як табе і дзячыць! — прамовіў былы ваенкам, ціснучы Трахімаву руку. — Гэта, скажу табе, вялікі патрыятычны ўчынак.
— Я нават праслязілася, як Іосіфа Вісарыёнавіча пабачыла, — уставіла слова Аўгіння Кароткая, плаксіва шморгнула носам і палезла ў кішэнь па насоўку.
— Сёння ж патэлефаную ў цэка партыі і пашлю ліст Генадзю Андрэевічу Зюганаву. Пра такую падзею павінен ведаць увесь свет, — Юстын Капітонавіч кашлянуў у жменю, крыху прыцішыў голас. — Вось толькі месца для помніка няўдалае. Трэба яго ў цэнтр перанесці — туды, дзе стаяў…
— Каб дзятва нос адбіла? — весела крыкнуў з кухні Мікола.
Юстына Капітонавіча такая заўвага прыкметна азадачыла. Ён ускудлаціў сівыя валасы на патыліцы, з разважнасцю ў голасе прамармытаў:
— У савеце паставім. А там пабачым.
— Мы, як яго выцягвалі, дзесяць літраў саляркі спалілі, дзве бляшанкі нітрафарбы скарысталі і скульптару за працу трыццаць даляраў заплацілі. Так што задарма не аддамо! — крыкнуў Мікола, і госць, выцягнуўшы шыю, запытаўся:
— Дык колькі вы хочаце?
— Дзве скрыні гарэлкі! —гаркнуў Мікола.
Госць пасля такіх слоў нават хістануўся — задужа высокай падалася цана. Цётка Аўгіння падхапіла яго пад руку, павяла да весніц і на развітанне крыкнула праз плячо:
— Мы ў савеце падумаем.
— Падумайце… добра падумайце… — прасіпеў услед гасцям Трахім і з грукатам — аж парахня пасыпалася са столі — зачыніў дзверы.
— Дык што ж ты… То пяць тысяч хацеў, то на дзве скрыні пагадзіўся, — прамовіў Трахім, забіраючыся на тапчан.
— Ды пажартаваў я… — адказаў унук, стомлена зяхнуўшы ў далонь, — у гэтых сталінскіх пацукоў грошай і на бутэльку не знойдзецца.
Мікола пстрыкнуў выключальнікам і потым доўга мармытаў у цемры, услых прыкідваючы, колькі «бабак» давядзецца даць Гасюту і колькі «кінуць» дзеду.
ІV
Наступнага дня, ад самай раніцы, пачаў сеяць дакучлівы дождж. Трахім, запаліўшы ў печы, з ціхай радасцю падумаў, што гасцей такім часам не будзе, і тут жа ўгледзеў, як у змакрэлым акне мільгануў пакамечаны капялюш. Праз імгненне ў сенях затупалі, і на парозе паўстаў карэспандэнт раённай газеты Аркадзь Нічыпарук. Карэспандэнт зняў капялюш, страсянуў, збіваючы дажджавыя кроплі, і мутнаватымі, яшчэ дарэшты не працверазелымі вачыма агледзеў хату.
Аркашка Нічыпарук даводзіўся Трахіму сваяком: быў жанаты з дзедавай пляменніцай, і хаця пасля таго змяніў яшчэ дзвюх жонак, сваяцкіх сувязяў не цураўся — зрэдзьчасу забягаў у хату, куляў чарку і раз на год — звычайна на Вялікдзень — прывозіў на рэдакцыйным «Масквічы» мех крадзенага камбікорму.
Кіўнуўшы сваяку, Аркашка зазірнуў у святліцу, а ўбачыўшы брудныя Міколавы пяткі, што тырчалі з-пад коўдры, скамандаваў:
— Гвардыя, падйо-ом!
— Інтэрв’ю прыйшоў узяць, — патлумачыў Аркашка, выцягваючы з нутраной кішэні плашча пляшку «чарніла» і зашмальцаваны блакнот.