Хвілін праз пяць, глынуўшы віна, Нічыпарук стаў распытваць Міколу — з якіх віроў быў выцягнуты сталінскі бюст, — а дзед Трахім, якому да млосці абрыдлі п’янкі, ціхенька выслізнуў з хаты. Стары сеў на ганку і стаў слухаць — як падаюць з капяжу рэдкія кроплі, як квохча ў хляве, наракаючы на дождж, стары певень і як на кухні, наракаючы на зладзюгу-рэдактара, бубніць Аркашка Нічыпарук:
— Немагчыма стала працаваць — рэжа ўсё пад корань. Пры камуністах і то лягчэй было…
Пазяхнуўшы, стары налёг спінай на дзверы, заплюшчыў вочы, і калі — праз паўгадзіны — сваяк выходзіў з хаты, кульнуўся таму пад ногі. Сваяк ад нечаканасці падскочыў, выпусціў з рота папяросіну і, дапамагаючы Трахіму падняцца, прамармытаў:
— Ну, Пятровіч, у цябе і жарцікі…
Потым карэспандэнт доўга шнарыў рукой па падлозе, шукаючы згубленую папяросіну, нарэшце знайшоў, прыпаліў ад падстаўленай Міколам запальнічкі:
— Карацей, даю два матэрыялы — адзін у сваю газету, другі ў «Праўду». У Маскве такія рэчы любяць.
— І аб’яву…— нясмела заўважыў Мікола.
— За аб’яву не хвалюйся. Сёння ж патэлефаную Хаміцкаму. Надрукуюць у лепшым камерцыйным выданні. Як там напісаць? «Прадаецца бацька-Сталін»?
Сваяк з Міколам яшчэ трохі пагаманілі — Мікола ўсё бедаваў, што помнік надта цяжкі і гэта можа адпудзіць пакупнікоў, — дзед Трахім той парой прыбраў на стале, сасмажыў яечню і з палёгкай уздыхнуў, калі пакамечаны капялюш таргатліва праплыў міма вокнаў. Ля весніц, аднак, капялюш крутнуўся вакол сваёй восі, і Аркашка, увабраўшы галаву ў плечы, пабег у адваротным кірунку.
«Ці не ў прыбіральню пабег?» — падумалася Трахіму; у гэты момант да помніка падкаціла шэрая «Волга», і з яе вылез, цяжка аддзімаючыся, старшыня райвыканкама Ганчарук і яшчэ нейкі, вайсковай выпраўкі чалавек, на носе якога віселі цёмныя акуляры. Агледзеўшы помнік, Ганчарук пачухаў патыліцу, сказаў штосьці напарніку, тыцнуўшы пры гэтым пальцам угору, пасля чаго абодва пайшлі да машыны.
Наступныя два дні выдаліся спакойнымі: у хату ніхто не завітваў, да весніц ніхто не пад’язджаў, і ўзрадаваныя дзедавы куры ізноў пачалі поркацца ў зямлі на сваім улюбёным месцы — пад помнікам правадыру. Але на трэці дзень да хаты пад’ехаў даўжэзны белы фургон, з яго выскачылі маладыя хлопцы ў рознакаляровых кепурках; хлопцы тут жа пачалі раскручваць нейкія шнуры, і ўнук Мікола, зірнуўшы ў акно, каротка патлумачыў:
— Тэлебачанне.
І дзед, і ўнук злёгку захваляваліся — а раптам паклічуць штосьці сказаць на камеру. Але хваляванне было дарэмным. У хату ніхто не заходзіў, а неўзабаве да весніц падруліў «казялок», у запыленай шыбе якога мільгануў азызлы твар Юстына Капітонавіча Дуба.
— А гэты чаго тут? — уразіўся дзед Трахім.
— Эх, дзядуля… На тэлебачанні слова даюць толькі надзейным людзям, — унук адсунуў непадатныя аканіцы, расчыніў акно. — Пазнаеш, дзед, вунь тую стрыжаную сучку? «Панараму» вядзе.
Кабеціна, пра якую казаў Мікола, падвяла былога ваенкама да помніка, махнула нейкаму хлопцу і лагодным голасам праспявала:
— Вы, Юстын Капітонавіч, толькі не хвалюйцеся. І глядзіце не на мяне, а ў аб’ектыў тэлекамеры.
Кабета ізноў махнула рукой, састроіла лагодную ўсмешку, натхнёна загаварыла ў мікрафон на чысцюткай беларускай мове:
— Гісторыя не бывае добрай ці дрэннай. Гісторыя такая, якая яна ёсць — з яе ўзлётамі і падзеннямі, радасцямі і трагедыямі. І як бы ні сілілася сённяшняя апазіцыя даказаць адваротнае, гісторыя нашага народа заўсёды з намі, яна вяртаецца да нас, і яскравы таму прыклад — вось гэты помнік, які стаіць за маёю спінай. Імя Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна і дагэтуль выклікае шмат спрэчак. Але спытаем — як ставяцца да гэтага імя тыя, хто праліваў кроў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, хто з імем Сталіна на вуснах ішоў у смяротны бой…
— У які бой?! — вырвалася з Трахімавай грудзіны. — Знайшлі ваяку… у сорак шостым румынаў вартаваў, а потым нагавіцы ў ваенкамаце праседжваў, — Трахім сказаў яшчэ пару слоў на адрас Дуба, а ўнук, з адчаем зірнуўшы на сонца, чхнуў, ды так гучна, што кабеціна азірнулася і ўжо на чыстай расейшчыне гукнула хлопцу з тэлекамерай:
— Лёша, давай сначала…
Рэшту дня, аж да самага вечара, Трахім праседзеў у Сяргейчыка — аднаногага інваліда, які жыў па суседству. Сяргейчык з-за хваробы ўжо год як не выходзіў з хаты, а таму страшэнна ўзрадаваўся, пабачыўшы суседа. З гэткай нагоды інвалід нават дастаў пляшку самаробнай наліўкі, і хаця Трахім быў чалавекам непітушчым, але гэтым разам прапусціў чарку. Балазе і нагода была адпаведная: гэтым днём, пяцьдзясят пяць гадоў таму, Сяргейчык застаўся без нагі.