Выбрать главу

Цэментавая падлога была халоднай, таму паэт увесь час пераступаў, як той смаргонскі мядзведзь, з нагі на нагу, адчуўшы раптам, што яму не проста млосна ў гэтым цёмным катуху, але і млосна жыць на белым свеце. І невясёлыя думкі віравалі ў галаве.

«Вось уліп дык уліп. Добра яшчэ, калі Лёха ачомаецца. А як памрэ? Завядуць крымінальную справу, пачнуць выклікаць на допыты. І добра яшчэ, каб у якасці сведкі. Не-э, пара завязваць з той паэзіяй, бо хутка за беларускую мову пачнуць збіваць нагамі. Гэта раней мы, беларусы, былі бэнээфаўцамі, цяпер вось ператварыліся ў бандэраўцаў. А з бандэрай, казаў той пляшак, размова кароткая — могуць і на той свет выправіць».

Фае ізноў абудзілася. Пачуліся кароткія воклічы, катаржны шоргат падэшваў. Ні жывы ні ўмерлы Макар прачыніў дзверы, зірнуў у вузкую пройму і ўбачыў двух міліцыянтаў, якія вялі пад рукі кучаравага маладзёна. Маладзён пры гэтым зацкавана азіраўся і, наглытаўшыся вады з хлёркай, голасна ікаў. На дне душы Макаравай абудзілася і пачало дымна тлець адчуванне віны перад хлопцам, і дрыготкія вусны з няўклюдным спачуваннем прашапталі:

— Згарэў ні за што.

Макар чакаў, што зараз з прымыльніка вывядуць лысага ды вынесуць Лёху, але нікога больш не выводзілі і не выносілі. Замест таго лазню скалануў жаночы лямант:

— Іх чацвёра было!..

Голас падаўся Макару знаёмым, і ён прыпаў да шчыліны. Ну вядома, гэта вірлавокая балбатуха выкулілася з жаночага аддзялення. Кабеціна была спавіта ў прасціну, а на галаве быў накручаны турбан з махровага ручніка.

— Адзін невялічкага расточку… за мной стаяў. Потым яшчэ падышоў… здаровы такі, лысы… і выгляд бандзюкаваты. І завяліся з двума другімі. Адзін быў у вайсковай адзежыне, а другі ў сіняй куртцы, і венік трымаў пад пахай… Мне яшчэ падалося, што ў яго крыху не хапае…

— Балаболка лупатая, — уголас прашаптаў Макар, спужаўшыся ўласнага голасу.

— Ну а за што яны завяліся? — запытаўся міліцыянт, які стаяў поруч і штосьці пісаў у нататніку.

— Ды той, дурнаваты, крыкнуў штосьці па-хахляцку, а маленькаму… ну, задрыпу таму, што за мной стаяў, гэта не спадабалася…

— А што ён крыкнуў? Пастарайцеся згадаць. Гэта вельмі важна. Можа, што пра майдан ці пра выбары?

— Ды не… я якраз з сястрой размаўляла, і сказала, што пасля парыльні кілаграм вагі скінула. А той хахол загарлаў, што гэта пот з арганізму выйшаў.

— Усё абшукаў — нідзе няма, — гукнулі знянацку з прымыльніка.

— Аббяжы вакол лазні, можа, дзе, голыя, у кустах сядзяць, — загадаў міліцыянт, піхнуўшы ў кішэнь нататнік, — і ў «хуткую» патэлефануй. Хай прыедуць, паглядзяць таго… кантужанага.

Макар вылез са спрату і на цырлах, сабраўшы ў прыгаршчы машонку, заляцеў у прымыльнік. Недаростак, дзякаваць богу, ачуняў: сядзеў на лаве, а перад ім, прыпаўшы на калена, завіхаўся лазеншчык з медычнай пляшачкай у руках. У паветры да свербу ў носе пахла нашатырам.

Шафка была расчынена, і вопратка валялася на падлозе. Няйначай, кучаравы небарака раскідаў, як збіраўся ў пастарунак.

Макар з цяжкасцю нацягнуў штаны, нахіліўся, каб падняць кашулю, ды так і замёр нерухомы. За тры метры ад яго стаяў пляшак і дрогкімі рукамі спрабаваў надзець трусы. На плешака было страшна глядзець: ён быў мокры ад макаўкі да пятак, дарэшты ссінелы, і яго ўсяго калаціла. І дрыжыкі былі нейкія дзіўныя: лыткі, чэрава, лысая галава і ліловы азадак тузаліся, дрыжэлі, пульсавалі ў нейкім дзікім разнабоі, а з расквашанага носа і пабітай макаўкі ценькімі струменьчыкамі збягала юха. Пляшак, відаць, хаваўся ў кантраснай ванне. Вада там ледзяная, таму і скарчанеў, як цуцык.

Макар падышоў да акалелага небаракі, дапамог насунуць кашулю. Кроў з пабітай макаўкі пайшла як мае быць, таму давялося адарваць кавалак газеты, што ляжала, прыціснутая мокрымі нагамі, на падлозе, прыляпіць да раны.

… Міліцэйскай машыны каля лазні ўжо не было. Зірнуўшы на «хуткую дапамогу», што калывалася на выбоінах, Макар паляпаў па сцёгнах, шукаючы цыгарэты, і толькі тады заўважыў, што надзеў чужыя порткі. Ён дастаў пачак, працягнуў скалеламу гаротніку. Той памкнуўся вылушчыць цыгарэту, але пальцы зусім не гнуліся, і Макар сам уставіў цыгарэціну ў пасінелыя вусны, пстрыкнуў перад разбітым носам запальнічкай. Змагаючыся з дрыжыкамі, гаротнік зацягнуўся цыгарэтным дымам, і на змарнелым твары ягоным нарадзілася журботная ўсмешка.