— Ляжалі ў кукурузе, а тут ён як джвагне з мінамёта, дык мяне нават з акопа выкінула, — слухаў Трахім суседаў аповед і з уздыхам прыгадваў, як і яго аднойчы, у час бамбёжкі, выкінула з паравоза. І ўваччу на кароткае імгненне паўстаў развернуты бомбаю тэндар, ахопленыя полымем цяплушкі санітарнага цягніка і перакошаная шыльда з надпісам «Вязьма» на будынку вакзала. Трахім спахмурнеў, кульнуў чарку, закашляўся — наліўка патрапіла ў нос — і Сяргейчык задаволена паляпаў яго па спіне.
Калі стары вярнуўся дахаты, тэлевізійнікаў пад вокнамі ўжо не было, але затое ўпоперак вуліцы — адзнака таго, што кіроўца быў не ў гуморы, — стаяў Гасютаў «Беларус».
Зрэшты, не ў гуморы быў і ўнук Мікола: з адчыненай форткі вырываўся на прасцяг ягоны гарачлівы голас:
— Цэлы месяц важдаліся… і дасталі… выспятка пад зад…
Адчыніўшы дзверы і пабачыўшы прымлелы Міколаў твар і панылага Гасюту, стары зразумеў: нешта здарылася.
— А можа, дадуць якую кампенсацыю? — нясмела перапытаў Гасюта: трактарыст сядзеў за кухонным сталом, утаропіўшы вочы ў нейкую паперчыну.
— Як жа… дадуць! Дручком спаміж вушэй, — азваўся са святліцы ўнук і вылаяўся.
Трахім моўчкі кіўнуў Гасюту, і той, у сваю чаргу, кіўнуў на паперчыну, што трымаў у руках.
— Во… прыслалі заказным лістом… «Бюст І. В. Сталіна работы скульптара Леапольда Кангалевіча з’яўляецца ўласнасцю дзяржавы і мусіць быць перададзены ў фонд Дзяржаўнага мастацкага музея…»
— Не, ну якія казлы… Сорак гадоў у рацэ адваляўся… — выгукнуў Мікола, але фразы не скончыў — выбег на кухню і зацкавана прамармытаў:
— Юстын Пітонавіч…
— Што — Пітонавіч? — не зразумеў Гасюта.
— Што-што… Сплавім ветэранам за дзве скрыні гарэлкі, а там хай разбіраюцца, чыя гэта ўласнасць.
Яшчэ імгненне — і Гасюта з Міколам, нібыта падхопленыя віхурай, кінуліся да дзвярэй і, піхаючы адзін аднаго, вылецелі на падворак.
V
І вось наспеў той хвалюючы момант, калі Мікола ўнёс у хату скрыню гарэлкі, паставіў яе на табурэт і з удумлівай разважнасцю аддыхаўся. Следам за ім, цягнучы другую скрыню, увайшоў Гасюта, а за хвілю, з трыма пляшкамі мінеральнай вады, — Данік Крываблоцкі.
— Карацей, тры дні да яго з Міколам хадзілі — грошай так і не выбілі, — прамаўляў, звяртаючыся да Крываблоцкага, Гасюта. — А сёння, бляха, заходжу з кувалдай у руках, маўляў, іду трушчыць правадыра, Пітонавіч і ўсхваляваўся. «Прыязджай па абедзе, — кажа, — атрымаеш грошы пад распіску».
— А хто той бюст да ветэранаў зацягнуў? — запытаўся Данік дрыжачым ад захаплення голасам.
— Мальцы з пільні падрадзіліся. Толькі дарма будуць пупы рваць, — уключыўся ў размову Мікола, — у Пітонавіча грошай больш няма ні капейкі. — Мікола задаволена крэкнуў і, нібыта той цыркач, падкінуў на далоні пляшку гарэлкі.
Дзед Трахім выйшаў з хаты, падышоў да весніц, і, аблашчыўшы поглядам кола свежай зямлі — месца, дзе стаяў правадыр, — зморана ўздыхнуў. Стары мерыўся пайсці да Сяргейчыка — трэба ж было недзе пераседзець п’янку, ды яшчэ хацеў пазычыць грошай, бо не было за што купіць ні хлеба, ні папяросаў, — але ногі зусім не ішлі, і Трахім прысеў на лаўку.
Ён доўга сядзеў з заплюшчанымі вачыма і слухаў няўцямную гаману, якая лілася з адчыненых вокнаў хаты. Час ад часу гамонка перарывалася бразгатам шклянак, задаволенай керханінай, Данік Крываблоцкі раз за разам спрабаваў зацягнуць нейкую песню, нарэшце зацягнуў — ды так гучна, што на двары сярдзіта заенчыў певень, і нечакана дзесьці непадалёку абудзіліся сутаргавыя ўсхліпы.
Трахім размежыў вочы і ўбачыў русявага Пецьку. Падшыванец ішоў па вуліцы і надрыўна плакаў.
— Гэй, пакрыўдзіў хто? — крыкнуў дзед Трахім, але падшыванец не азваўся.
— Пакрыўдзіў хто? — давялося паўтарыць старому, і Пецька скрозь слёзы праенчыў:
— Татку… прыціснула… у бальніцу адвезлі.
— Як прыціснула?! Чым?! — выдыхнуў Трахім, паспрабаваў устаць, але тут жа ізноў плюхнуўся на лаўку.
— Бацька твой на пільні робіць? — крыкнуў стары ўслед падшыванцу, але той не адказаў — пайшоў, пацепваючы ад плачу худымі плечукамі.
«Божухна, усё з-за мяне», — бязгучна прашаптаў Трахім. Галава закружылася, твар апаліла задушлівая гарачыня. Полымя вырывалася з паравознай топкі і краналася русявых валасоў качагара. Пецька ляжаў на спіне, і зыркія вогнікі мітусіліся ў шырока расплюшчаных вачах.
— Пеця, ты што?! — гукнуў ён, не пазнаўшы ўласнага галасу.
Ён адцягнуў качагара ад топкі, павіс на парэнчах, збіраючыся клікнуць санітара, ды не клікнуў, бо з вышыні, са страшным гудам, на яго падаў нямецкі самалёт. Ад самалётнага чэрава адарвалася штосьці прадаўгаватае, і ў апошняе імгненне перад выбухам ён убачыў за самалётным штурвалам бетонную галаву бацькі-Сталіна.