Выбрать главу

Трахіму часцяком мроілася тая страшная бамбёжка, мроілася ахопленая полымем станцыя Вязьма, да вушэй даляталі крыкі раненых, і нос казытаў саладжавы пах печанага людскога мяса, і ў свядомасці кожнага разу мільгацеў невыразны твар нямецкага лётчыка, якога ён угледзеў за імгненне да выбуху. І вось нарэшце ён убачыў, хто кінуў бомбу.

З вохканнем Трахім узняўся на ватных нагах, пайшоў, хістаючыся, да Гасютавага трактара, з цяжкасцю расчыніў непадатныя дзверцы. Млявая рука пашнарыла пад сядзеннем, намацала ліпучае дзяржальна кувалды. З апошніх сіл Трахім узваліў кувалду на плячук, стоена прашаптаў:

— Толькі б дайсці! — і рушыў па дарозе, у канцы якой — за дваццаць крокаў ад трактара — яго чакалі боская цішыня і вечны спакой душы.

Cветлай ноччу

Ноч была надзіва светлай. Злавесна-барвовая поўня, што ўзнялася звечара па-над Дабранскай гарой, неўзабаве праяснела, зрабілася малочна-белаю і, павіснуўшы на голлі дрымотнай таполі, заліла наваколле туманным святлом. Адбіткі гэтага святла ляжалі на чорных люстрах лужын, на абмытым начной расой таполевым лісці, на дахах вясковых хат і на гладкай шэрстцы ката Барыса — аграмаднага сібірака, які сядзеў на шуле весніц і, лена варушачы канцом цяжкога, з руку таўшчынёй, хваста, мружыўся на поўню.

Панавала цішыня і толькі чуйнае Барысава вуха ўлоўлівала сярод гэтай цішы кволыя гукі: цвырканне конікаў, падзенне яблыкаў у садзе, храпенне гаспадара ў хаце і скавытанне шчанюка Дуроніка ў канцы агарода. На прамінулым тыдні сканаў у сваёй будцы стары Палкан, і ўзамен яму гаспадар прынёс аднекуль блазнаватага шчанюка, якога назваў Дуронікам. Шчанюк гэты дзень да ночы лётаў па двары, дзяўкаў на карову, ганяўся за курамі, ад якіх набраўся скочак і цяпер несупынна скавытаў і чухаў лапамі адвіслыя вушы.

Ката адольвала дрымота.

Ад самага ранку гаспадар стагаваў на Дабранскай гары сена — звозіў зляжалыя капешкі ды клаў вялікі стог. З-пад капешак, калі конь сцягваў іх з месца, уроссып разбягаліся палёўкі: Барыс цэлы дзень іх душыў і так захапіўся гэтай справай, што нават не прыходзіў у абед дахаты паласавацца сырадоем. Іншая кацяра пасля такой беганіны даўно б ужо дзе-небудзь прыкархнула, скруціўшыся абаранкам, але Барыс быў катом прынцыповым. Пад кустом ніколі не спаў. Упадабаў адно месца — толькі там і ўкладваўся. І месца гэтае было не абы-дзе, а на гарышчы хаты, ля цёплага коміна.

На гарышчы, апрача Барыса, спала на духмянай канюшыне і гаспадарава дачка Люська. Люська тая мела звычку цягацца ў суседнюю вёску на танцы, і Барысу даводзілася падоўгу чакаць дзяўчыну, бо самому яму адчыніць паддашкавыя дзверы не выпадала.

Паволі цішэлі зыкі: карова ў хляве пакінула сапці і толькі зрэдзьчасу ўздыхала; Дуронік больш не варушыўся ў бульбяніку, а снегавая поўня заблыталася ў таполевым вецці, і падворак апусціўся ў цемру. Цемра лёгкім цяжарам лягла на Барысавы павекі, кот на кароткае імгненне прыснуў, нават прыдушыў у сне пару палёвак, але варта было ўдалечыні чхнуць матацыклу, як ён абудзіўся, размежыў зіркатыя вочы і, з нецярплівасцю пераступіўшы з лапкі на лапку, ударыў нягнуткім хвастом па шуле.

Матацыклы, як заўсёды, спыніліся на ўскрайку вёскі. Хлопцы, што прывезлі дзевак, у іншых месцах насіліся на сваіх «Паноніях» аж да рання, будзячы пры гэтым нават глухаватых дзядоў. А вось па Гатаве гойсаць сярод ночы не асмельваліся. У Гатаве жыла загадчыца крамы, якую яны вельмі паважалі і таму бераглі яе сон. Да таго ж хлопцам і без матацыклетнага ляскату даводзілася часцяком будзіць магазіншчыцу, стукаючыся да яе сярод ночы ды здушана прамаўляючы:

— Міронаўна… выруч… брат прыехаў…

Ля крайняй хаты заглух, а потым зноў завёўся матацыкл, пачуўся дзявочы віск, хлапечы рогат, і кот, задаволена прагнуў­шы спіну, пайшоў па паркане насустрач людскім галасам.

Ён ужо стаміўся ісці, і лапы забалелі ад вострых штыкецін, калі з цемры выплылі дзявочыя постаці. Дзевак было тры: Люська, яе сяброўка Манька Цыкіна і яшчэ адна, кірпатая і круглатварая, імя якой Барыс не ведаў і якая прыехала ў Гатава ў госці — ці то з Ленінграда, ці то яшчэ з якога вялікага места. Колькі часу дзяўчаты няспешна ішлі па вуліцы, спрытна пераскокваючы праз лужыны, а параўняўшыся з Барысам, разам азірнуліся і, пырснуўшы здушаным смехам, пабеглі навыперадкі, смешна раскідваючы цыбатыя ногі. Кот хацеў быў сігануць за імі ўслед, але перадумаў: сцежка была мокраю ад расы, дый бегчы не было сэнсу, бо «начныя бадзягі», як называла дзевак гаспадыня, адразу дахаты ніколі не ішлі — сядалі на бярвенне перад Маньчынай хатай і распавядалі адна адной розныя глупствы.