Вякнуўшы, Барыс пайшоў па паркане — цяпер ужо ў адваротным кірунку, — а дайшоўшы да Маньчынай хаты, пачуў усхваляваны голас ленінградкі:
— Божухна, які дурань! Які дурань! — парывіста выдыхала ленінградка, ківаючы галавой і летуценна пазіраючы на поўню.
Праваруч ад яе, на камлі таўшчэзнай хвоі, сядзела Манька Цыкіна, а ля іхных ног, на другім бервяне, месцілася Люська.
— Які дурань! — паўтарыла пасля хвіліны маўчання гараджанка, і Манька Цыкіна, тузануўшы сяброўку за спадніцу, запытала: — Што… што ён табе сказаў?
— Што трэба — то і сказаў! — адказала за гараджанку Люська, і ў голасе яе чулася лёгкае хваляванне.
— А ў цябе, Люсечка, ніхто і не пытаецца, — азвалася Манька Цыкіна.
Памаўчаўшы, Манька адламала ад камля кавалак кары, шпурнула ў лужыну, з’едліва дадала:
— Думаеш, ніхто не ведае, як ты з ім за клубам цалавалася?
— Хто? Я?! — голас Люсьчын дрыжэў і зрываўся. Люська падхапілася з бервяна, рванулася, на радасць Барысу, да хаты, але яе схапіла за рукаво збянтэжаная ленінградка.
— Ну, дзяўчынкі… ну чаго вы…
Хвіліну дзеўкі наструнена маўчалі, потым Люська фыркнула, плюхнулася на камель, ленінградка прымасцілася поруч і, уздыхнуўшы, пралепятала:
— Ну, хочаце, будзем хадзіць з клуба пехатою?
Словы гэтыя завіслі ў паветры. Люська з Манькаю прымірэнча пераглянуліся, разам зірнулі на сяброўку.
— Ноччу? Пехатою? Паўз могілкі?!
— Ну і што, што паўз могілкі? — запыталася ў сваю чаргу гараджанка, і ў яе голасе ужо не чуваць было ранейшай бадзёрасці.
— Ты ж, Маша, відаць, не ведаеш… — прашаптала Люська, вытрымала паўзу, збіраючыся распавесці ўсё па парадку, ды яе апярэдзіла Манька Цыкіна.
— Карацей, прыехаў адзін таксіст у Азярышча, стаў там ля базара і чакаў — каго падвесці. І тут падышла нейкая цётка. Высокая такая, прыгожая і ўся ў чорным…
— У белым, а не ў чорным…— паспрабавала была ўдакладніць Люська, але сяброўкі абурана махнулі рукамі, і тая змоўкла.
— Падыходзіць, значыцца, і кажа: «Адвязі мяне на гатаўскія могілкі», — і сто рублёў дае. Ну, таксіст грошы ўзяў ды паехаў… Прыехалі яны, а ўжо цемнавата было — гадзін, можа, дзесяць вечара. Цётка вылезла з машыны і загадала таксісту, каб чакаў. «Дачакаешся — яшчэ сто рублёў атрымаеш», — так і сказала… Ну і пайшла на могілкі. Таксіст гадзіну чакае, другую — няма нікога. Страшна стала. Хацеў ужо дадому ехаць, а тут бачыць — ідзе нехта, увесь у белым. Прыгледзеўся, а гэта тая цётка…
— Як цётка? Яна ж у чорным была, — спалохана перапытала жыхарка вялікага места і Люська, азірнуўшыся па баках, страшным голасам растлумачыла:
— З Хадоры, з нябожчыцы зняла. Яе якраз таго дня пахавалі — у саматканай кашулі.
— А т-таксіст?
— А што таксіст… Абамлеў. Націснуў… на што там яны ціснуць… машына рванула, нават дрэва зламала, — Люська яшчэ раз азірнулася. — Казалі — памёр праз тыдзень. Гэта таму, што сотню не выкінуў.
— Мы на наступны дзень туды хадзілі — сляды машыны бачылі і бярэзіну зламаную, — уставіла слова Манька Цыкіна, і Люська кіўнула галавой.
Барыс адчайна, аж да ёкаўкі ў горле, пазяхнуў. Ён зусім асавеў, а дзеўкі між тым і не думалі разыходзіцца. Кот саскочыў з паркана, задраў хвост і, асцярожна ступаючы па мокрай траве, падышоў да Люські.
— Пра «чорную руку» распавядзі, што людзей душыла, — прамовіла Люська, ды нечакана войкнула, падхапілася на ногі, а згледзеўшы Барыса, падчапіла таго мыском чаравіка і адкінула на дарогу.
— Не, пра «чорную руку» не цікава. Раскажу лепей, як дзяўчынка айчыма забіла.
Барыс быў абражаны. Абышоўшы дзевак з тылу, ён ускочыў на бярвенні, прайшоўся ў дальні канец, усеўся там і абурана закруціў хвастом.
— Мне пра гэта сястра распавяла, што ў Віцебску жыве. Прасіла, праўда, нікому не расказваць.
Манька Цыкіна, надаўшы голасу злавесныя ноткі, пачала новы аповед, а ленінградка, якая, відаць, ніколі такіх жахаў не чула, ад страху нават перастала дыхаць і сцягнула са спіны на галаву сваю гіпюравую кофту.
— У адной дзяўчынкі быў дужа паганы айчым. Увесь час за ёю падглядваў… І вось прыйшоў аднойчы гэты айчым дахаты, убачыў, што дзяўчынка пераапранаецца, і палез да яе…
— Як гэта — палез? — пудліва перапытала ленінградка.
— Ты што, не разумееш? Як Васька да цябе сёння лез, так і гэты…— растлумачыла Люська, і ленінградка пасля такіх слоў яшчэ больш скурчылася і нацягнула кофту да самых вачэй.