— Ну, палез, значыцца, схапіў дзяўчынку за руку. А ў іхнай хаце пад лаўкай сякера ляжала. Дзяўчынка да сякеры дацягнулася, схапілася за тапарышча і… карацей, па галаве айчыма гвазданула. Крывёю ўсе сцены запырскала. Айчым на падлогу паваліўся, зубамі заскрыгітаў, засіпеў: «Прыйду да цябе», — і падох. Дзяўчынка перапужалася, пабегла да маткі. А матка дворнічыхай рабіла. Пачула што ды як, кінула мятлу і дахаты пабегла. Пабедавалі яны, кроў змылі, у хаце прыбралі, а тут і міліцыя ўвалілася. Матка ўсю віну на сябе ўзяла: сказала, што гэта яна забіла, — яе і пасадзілі. І вось засталася дзяўчынка адна. Спаць лягла, а страшна ж адной… усё гэты айчым мроіцца. Святла нават не выключала. І раптам бачыць — на дзверцах шафы кропля крыві засталася. Хацела выцерці, ды перадумала: трэба было з пасцелі вылазіць, а ў хаце холадна, печка не паленая. А наступнай ночы ўспомніла яна пра пляму — глянула, а яна нібыта большаю стала. Схапіла анучку — давай церці. А кроў не адціраецца. Ну што, лягла ў пасцель, а пляма раніцою ў два разы павялічылася. І так расла цэлы тыдзень, а на восьмую ноч заліла ўсе дзверцы. І падобнай стала на чалавечы цень, — у гэтым месцы Манька перарвала аповед, намалявала рукамі ў паветры вырыс чалавечага ценю. — А ў дванаццаць гадзін ночы пляма раптам пачарнела, дзверцы рыпнулі, пачалі расчыняцца, і з шафы выйшаў… — але хто выйшаў з шафы, Манька сказаць не паспела. Яе гарадская сяброўка нечакана падскочыла, нема крыкнула, апавядальніца пукнула, а кот Барыс сігануў з перапуду пад бліжэйшы куст.
— Люська, дурная-а! — гукнула ленінградка і жартам, але хвацка, выцяла кулаком па Люсьчынай хрыбціне.
— Вось так, Люсечка. Яшчэ раз тыцнеш пальцам — болей расказваць не буду, — пакрыўджана зазначыла Манька Цыкіна, а ленінградка, памацаўшы рукою пэўнае месца, дадала:
— Ледзь не абпісалася.
Люська, якая мела звычку пужаць сябровак, тыцкаючы ім пальцамі пад драбы, сумелася, шморгнула носам.
— Ну добра, раскажу вам яшчэ адну гісторыю. Таксама пра айчыма. Але гэта ўжо была праўда, — забалабоніла Манька, а кот Барыс абтрос мокрую лапку і ўскочыў на паркан. — Памерла ў адной дзяўчынкі маці, і засталася яна з айчымам. І вось прыйшоў аднойчы айчым дахаты, прынёс радыёпрымальнік і кажа: «Слухай, але ніколі не ўключай кароткія хвалі». А наступным днём з’ехаў у камандзіроўку, і дзяўчынка адна засталася. Цікава ёй стала — што будзе, як кароткія хвалі ўключыш? Узяла і ўключыла. І вось слухае нейкую музыку… стра-ашную такую… але нічога не адбываецца. А ў дванаццаць гадзін ночы музыка раптам абарвалася і нехта ці-іха так сказаў: «Дзяўчынка, дзяўчынка — выключы радзіва, труна на колцах пад’язджае да твайго горада». Дзяўчынка перапужалася, выключыла радзіва, а на наступную ноч зноў уключыла. Прыслухалася, і раптам чуе — той жа голас, але больш гучна, кажа: «Дзяўчынка, дзяўчынка — выключы радзіва, труна на колцах едзе па тваёй вуліцы».
Кот Барыс, які сядзеў на паркане, пазяхнуў, памыў пысу падушачкамі правай лапкі.
— І вось трэцяя ноч… Падсела яна да радзіва…
— Ой, дурная-а… — прастагнала, перарываючы апавядальніцу, ленінградка, а апавядальніца, растапырыўшы пальцы абедзвюх рук, прашаптала: — Уключыла, і раптам чуе…
— Манька, зараз жа ідзі дахаты! — крыкнулі за Барысавай спінай, дзверы Маньчынай хаты гучна бразнулі, і Манька, гукнуўшы: — Іду-у! — прабачліва дадала: — Пайду, заўтра ўставаць рана — наша чарга гнаць у поле.
Шпаркія крокі заціхлі ў глыбіні двара, і ленінградка з Люськаю падхапіліся з бярвення. Сюд-туд азіраючыся, сяброўкі рушылі на паўсагнутых нагах уздоўж паркана, і Люська, падышоўшы да сваёй хаты, нечакана матлянулася ўбок.
— Куды ты? — гукнула было ленінградка, а ўбачыўшы, як сяброўка задзерла прыпол спадніцы, таксама прысела пад куст.
Люська ўжо абцягнула прыпол, калі ў агародзе зашамацеў бульбоўнік, і сяброўкі пужліва адскочылі на дарогу. Праз імгненне з-пад плота вытыркнулася кудлатая галава Дуроніка, дзеўкі ўголас аблаялі шчанюка, і гараджанка, дробна стукаючы зубамі, запыталася:
— Т-ты д-дзе с-спіш?
— На гарышчы, а ты? — адгукнулася Люська, гэтаксама граючы на зубарыках.
— І я на гарышчы, — Маша, бліснула ў цемры бялкамі вачэй і ў нерашучасці пацерла лабешнік.
— Слухай, пайшлі да мяне, — пралепятала, чытаючы сяброўчыны думкі, Люська. — Я раніцою ўстану, скажу маці, каб тваіх папярэдзіла.
Дзяўчыны крадком увайшлі ў двор, спыніліся пад вокнамі хаты, прыслухоўваючыся да храпення Люсьчынага бацькі, і, перавёўшы дых, палезлі па драбінах на гарышча.
Кот Барыс праслізнуў у дзвярную пройму, у два скачкі дабег да сваёй ляжанкі. Колькі хвілін ён рупліва аблізваў мокрыя лапы і толькі пасля таго прыслухаўся да бязладнай валтузні на другім канцы гарышча. Дзеўкі, ужо накрыўшыся з галавою коўдрай, шалёна валтузіліся, вішчэлі, а навалтузіўшыся ўдосыць, аб нечым горача зашапталіся.