Кот памыў лапаю пысу, задаволена пацягнуўся. Потым яшчэ раз пазяхнуў і, перад тым як накрыцца хвастом, паскроб кіпцюрамі крокву.
— Ай, хто там? — крыкнулі на другім канцы гарышча, у крокву над Барысавай галавой стукнуўся дзявочы туфель, і Барыс, прыхаваўшыся за комін, падаў голас.
— Супакойся, гэта наш кот, — сонна прамармытала Люська, і яшчэ праз хвіліну сяброўкі суладна засаплі насамі.
Кот расцягнуўся на ляжанцы, прыціснуўся спінай да коміна. Комін быў яшчэ цёплы і злёгку дрыжэў ад волатаўскага храпа гаспадара. Барыс заплюшчыў вочы і, перад тым як заснуць, падумаў, што заўтра ў яго будзе цяжкі дзень — трэба будзе зноўку ісці на Дабранскую гару душыць мышэй.
Заўтра, як толькі ў хаце рыпнуць масніцы, ён прачнецца, правядзе падушачкамі лап па вачах і будзе доўга слухаць ранішнія зыкі. На доле бразне вядро, паліецца вада ў калодзеж, гаспадыня штосьці гучна крыкне суседцы. Потым у хляве будзе бясконца доўга зумкаць струмень у даёнцы, а калі гаспадыня падоіць карову і выйдзе на двор, ён прыціснецца пысай да паддашкавых дзвярэй і голасна вякне. Гаспадыня, як заўсёды, вылаецца, няспешна падымецца па драбінах, хвіліну-другую будзе тыцкаць прутом у шчыліну, скідваючы непадатную зашчапку, а спусціўшыся долу, плюхне ў чаропкі — у ягоную і Дуроньчыну — цёплага сырадою.
…Барыс ужо спаў і сніў палёвак, калі яму прымроіўся раптам саладкаваты, ні з чым не параўнальны пах малака, і ён аблізнуўся спрасонку.
Ведзьма
Пасля залевы сонца паліла па-чорнаму, і ў зале расчынілі вокны. Пахі цёплага асфальту, прывялай травы, таполевай лістоты завіслі ў паветры, перамяшаліся з пахамі парфумы, жаночага поту, віннага перагару, і дыхаць стала зусім цяжка.
— Ну, хто наступны? — млявым голасам запытаўся Першы, адною рукою перабіраючы паперы, а другою паслабляючы вузел гальштука.
Паслабіўшы вузел так, што сталі бачныя сівыя валасы на грудзіне, Першы зірнуў спадылба ў канец залы і запытальна выдыхнуў:
— Таварыш Мурленя?
Усе разам аціхлі, гудлівы чмель, які ўляцеў быў у расчыненае акно, плюхнуўся на штору, і запанавала ціша, якая надала моманту элемент злавеснай урачыстасці.
На мінулым тыдні Мурленя ездзіў у Віцебск на нейкія спаборніцтвы, патрапіў там у выцвярэзнік, і цяпер увесь партыйна-гаспадарчы актыў наструнена чакаў — як адаб’ецца гэтая падзея на ягоных паводзінах. Старшыня спорткамітэта ўскочыў на ногі, зірнуў на Першага затуманенымі ад грамадскіх турботаў вачыма і, ускудлаціўшы непаслухмяны віхор, з камсамольскім імпэтам заварушыў магутнай сківіцай.
«Ані ў знак… Хаця б сумеўся, сволач…» — падумаў Макар, скоса пазіраючы на Мурленеву сківіцу. Важкая, што той жарон, сківіца хадзіла ўбокі, ільснілася на сонцы, малола нейкую лухту пра спартыўныя поспехі таварыства «Ураджай».
«Што яму будзе, таму Мурленю… Зяць дырэктара базы… Гэта Хаміцкі патрапіў у мыцельнік, дык усю душу небараку вытраслі». — Апанаваны такімі думкамі, Макар уявіў на хвілю — што б было, калі б у выцвярэзнік убіўся не Хаміцкі, а ён сам, і па целе ягоным прабеглі халодныя мурашкі. Мурашкі беглі ад патыліцы да хвастца, і давялося нават зварухнуць азадкам, каб пераканацца, што пад ім не мурашнік, а райкамаўскае крэсла.
Крэсла рыпнула, чмель узняўся ў паветра, а Першы, перапыніўшы Мурленю, запытаў:
— Вы просіце слова, Макар Іванавіч?
Пытанне прагучала знянацку. Макар не паспеў нават уцяміць, што да чаго, замармытаў штосьці ў адказ, і па тым, як скасавурыўся Першы і як нервова заляпаў алоўкам па стале, можна было зразумець, што ён нечым незадаволены.
— …За справаздачны перыяд падрыхтавана: значкістаў ГПА — 48 чалавек… — абудзіўся аціхлы было старшыня спорткамітэта, але яго ізноў перапынілі.
— Таварыш Мурленя, а ці не маглі б вы сказаць — як рэалізуюцца талоны на харчаванне, якія атрымлівае ваш камітэт? — Задаўшы гэтае пытанне, загадчыца райана Сцефурак адкінулася ў крэсле, чмель з дзіўнай для яго хуткасцю пачаў кружыць вакол Мурленевай галавы, а аловак у руцэ Першага перастаў стукаць і застыў у паветры.
Іншым бы разам Макар расхваляваўся, пачаў бы сябе ўпікаць за тое мармытанне: трэба ж было перапыніць Мурленю, спытаць пра ягоныя віцебскія прыгоды, але сёння на такія перажыванні ён быў папросту не здатны.
Мурленя зашамацеў паперамі, рыхтуючыся годна адказаць загадчыцы, мімаходзь баднуў галавой, адбіваючыся ад чмяля, і жартаўлівым голасам прамовіў: