— Ці не выгнаць адсюль гэтую заразу?
І хаця Мурленя меў на ўвазе пракуду-чмяля, усе разам паглядзелі на Сцефурак, і тая, гэтак жа, як і Макар, заклапочана заездзіла на азадку.
Актыў заварушыўся, зашаптаўся. Першы стукнуў алоўкам па графіне, а Фаіна Рыгораўна Сцефурак, прыхапіўшы са стала тэчку з надпісам «На подпіс», пачала махаць ёю ў паветры, выганяючы з залы абрыдлае насякомае.
Нарада доўжылася тры з паловаю гадзіны. За гэты час шафёры, што прывезлі ў райкам старшыню калгаса «Азяркі» і дырэктара саўгаса «Азярышчанскі», выпілі пляшку «чарніла», мужык загадчыцы райана, Мікола Сцефурак, прывёз дахаты і разгрузіў ля плота машыну крадзеных дошак, у раённай бальніцы — упершыню за два гады Пяцігодкі якасці — нарадзілася двойня, Зямля крутнулася на колькі там градусаў, і выгінасты цень на яе паверхні прапоўз ад Далёкага Усходу да сіняга Байкала.
Усё ішло сваім, загадзя вызначаным ладам. Круцілася Зямля і свяціла сонца, нараджаліся двойні і лёталі чмялі, краліся дошкі і пілося «чарніла» ды заядалася няспелымі ранетамі, і сакавітае чвяканне ўперамежку з прыцішанымі шафёрскімі галасамі ўрывалася ў расчыненыя вокны.
Макар сядзеў ля акна і чуў, як адзін з кіроўцаў, бразнуўшы дзверцамі ўазіка, мацюкнуўся і, дажоўваючы яблык, прамовіў:
— Раней раз на месяц збіраліся, а цяпер штодня балбочуць, курвы…
Вадзіла казаў яшчэ нешта, але ягоныя словы пакрыў гаўклівы кашаль. Старшыня «Азяркоў» Мішка Мандрык, які сядзеў побач, нечакана закашляўся, зашоргаў нагамі па падлозе, а паслабіўшы па прыкладзе Першага квяцісты гальштук на шыі, голасам гогалеўскага мерцвяка прасіпеў:
— Ду-ушна!
У залі ізноў заварушыліся, загаманілі, графін чарговым разам дзынкнуў, а Мішка Мандрык, выдаўшы шэптам мудрагелістую тыраду, першымі словамі якой былі: «Выганю да д’ябла», — выцер канцом гальштука потную лабаціну.
Гадзіннік на сцяне паказваў палову на шостую.
Пры Калупайку такім часам жанчыны пісалі цыдулкі, просячы адпусціць іх — ці то ў паліклініку, ці то ў яслі па сына, — цяпер жа ніхто нічога не пісаў, і Макар, зыркнуўшы на апалыя стрэлкі гадзінніка, з няўцямнай трывогай згадаў тую пару, калі ён хадзіў на райкамаўскія імпрэзы, як на свята. Яму нават здалося, што гэта было немаведама калі. Ён нават паварушыў пальцамі, рахуючы дні і тыдні, а налічыўшы дваццаць адзін дзень, не даў веры сваім падлікам.
* * *
Раніцою, прачнуўшыся а восьмай, ён любіў хвіліну-другую палашчыцца ў пасцелі, любіў пазяхнуць, пацягнуцца, пачухаць жарсцвяныя валасы на пахвіне і толькі тады падымаўся на ногі. Раней гэтага часу Макара не маглі абудзіць ні цвырканне вераб’ёў пад вокнамі, ні лаянка суседзяў за сцяною, ні сонца, што мела паганую звычку лезці ў вочы.
Тае раніцы ён прачнуўся а шостай.
Наўкол было ціха: суседзі яшчэ спалі, вераб’і недзе лёталі, і сонечны промень не лез у вочы, а светлаю плямай ляжаў каля ног, ліючы лагодную цеплыню на аголеную лытку. І ўсё ж такі ён прачнуўся, пачухаў потную пахвіну і ўздыхнуў, прымусіўшы мірыяды пылінак замітусіцца ў сонечным святле, зрабіўшы яго жывым і амаль адчувальным на дотык, і ад таго раення ў Макара закружылася галава і сон зляцеў з павекаў.
Ён адразу ж устаў, пайшоў, хапаючыся за сцены, у прыбіральню, а ўбіўшыся ў цёмны катух, доўга стаяў там, абапёршыся рукой на халодны стаяк.
Такімі хвілямі, калі вушы поўніліся бадзёрым цурчаннем і ніз жывата працінаў лёгкі халадок, Макар міжволі згадваў мінулую п’янку, і затуманеная вінным чадам, але чуйная і ўчэпістая на дэталі памяць яму ніколі не здраджвала, ды гэтым разам пахмельны чад выпетрыў з галавы рэшткі памяці, і ён не мог узгадаць: як там усё было, з кім даехаў да горада і як наогул патрапіў дахаты. Але адна згадка — няўцямная, як сон, і няўлоўная, як водар парфумы, — усё ж цвяліла свядомасць… Учора ўвечары ён танцаваў з Данутай… Макар прыплюшчыў павекі, намагаючыся вярнуцца ў зманлівы свет учарашняга вечара, і пакінуты без нагляду струмень стоена зашамацеў па падлозе. Не разнімаючы павекаў — каб не спужаць, не развеяць шчымлівай згадкі, — ён паспрабаваў на слых выправіць становішча, але не даў рады, і давялося намацваць у цемры ўнітаз — спачатку левай, а потым правай нагой.
Рука ўхапілася за фаянсавую гіру, бачок над галавой гартанна керхануў, завыў, як той воўк на Піліпаўку, і ў гэтым шалёным, дагэтуль нечуваным выцці Макару выразна пачуўся ягоны ўласны голас. Нават не голас, а роспачны крык, які вырваўся з прапітай глоткі і, скалануўшы каналізацыйныя трубы, суціх, заглушаны аднастайным шумам вады.