Выбрать главу

Звычайна людзі не пазнаюць сваіх галасоў — яны ім здаюцца чужымі, але тут не столькі вуха, колькі сама душа Макарава пачула той лямант, і Макар ужо гатовы быў крыкнуць штосьці самому сабе ў цёмную зеўру ўнітаза, ды не крыкнуў: выпусціў паветра і, не абабіўшы апошніх кропляў, выйшаў з прыбіральні.

Праз хвіліну, падпальваючы нягнуткімі пальцамі фаерку пад чайнікам, ён яшчэ раз прыслухаўся да пошуму вады ў прыбіральні і прамовіў:

— Дапіўся, бляха.

Чорныя мятлікі гэтым разам не лёталі ўваччу, галава амаль што не балела, а вось душа… душа заходзілася ад свербу, трымцела ў грудзіне, варушылася ў страўніку, а калі чайнік закіпеў-засвістаў на высокай ноце, раптам схаладнела, сціснулася ў камяк і зашылася некуды пад драбы.

Чайнік сіпеў не так, як раней, — адчайна, раскаціста, і сярод гэтага раскацістага свісту Макару выразна пачуліся нечыя галасы. Гаварылі двое — мужык і баба. Ён нават разабраў словы, сказаныя мужыком, штосьці накшталт: «Адпраўлю ў Акадэмію», — і, прыкруціўшы ручку пліты, пацёр дрыжачай рукой тое месца, куды, па ягоных меркаваннях, забілася спалоханая душа.

Насланнё не адпускала і пазней, калі ён чысціў зубы і галіўся. Электрабрытва «Харків», старая, з надтрэснутым корпусам, гудзёлка, якая звычайна працавала з натугаю і не столькі галіла, колькі дзерла шчацінне, зумкала, як цыркулярка, а калі Макар паднёс яе да шчакі, — нібыта папярхнулася і немым голасам завішчэла: — Забудзь мой нумар, жывёліна! — Электрабрытва выпала з рук, стукнулася аб край ракавіны, завісла на шнуры і толькі тады загула ў сваім звычайным тэмбры.

З ваннай Макар выкуліўся, трымаючыся рукамі за сцены. Таямнічыя галасы яго не на жарты ўсхвалявалі, і ад таго хвалявання пот пацёк з-пад пахаў, і ногі зрабіліся нягнуткімі. Да таго ж душа Макарава, якая дагэтуль варушылася пад драбамі, падступіла да горла, і ён адрывіста ікнуў. Абапёршыся на дзвярны вушак, Макар ікнуў другім разам: зычна, ядрана, — а ўгледзеўшы свае штаны, якія віселі на люстры, ікнуў яшчэ раз — цяпер ужо зусім па-вар’яцку, страсянуўшы пры гэтым вялым чэравам.

Штаны злёгку варушыліся ад проймы, і гэта стварала ўражанне, што ў пакоі нехта засіліўся. Дрогкаю рукою ён зняў порткі з люстры, упіхнуў левую, больш гнуткую, нагу ў правую калошу ды зноў скамянеў, пачуўшы суседаў храп за сцяною.

«Дапіўся… да глюкаў дапіўся… Што ж цяпер будзе? Каму я такі патрэбны?» — віхурылі ў галаве панічныя думкі, і рукі цягнуліся да кніжнай паліцы, і вочы выглядалі карэньчык «Медычнага даведніка», і пазбаўленыя падтрымкі нагавіцы няспешна спадалі долу.

«Азааспермія…», «Актывацыя яйка…», «Алергіі» — пажоўклы ад курыва палец ліхаманкава гартаў даведнік, а адгарнуўшы трыццатую старонку, гэтак жа ліхаманкава праехаўся пазногцем па словах «Алкагольны галюцыноз».

«На першы план выступаюць слыхавыя галюцынацыі: шум, крыкі, галасы, якія звычайна асуджаюць дзеянні хворага альбо выказваюць пагрозы… Пры гэтым у хворага захоўваецца ясная свядомасць… Хворы апынаецца ва ўладзе “галасоў”, яму здаецца, што яго хочуць забіць альбо зняславіць».

«Забіць альбо зняславіць», — уголас паўтарыў Макар, хвіліну стаяў нерухомы, а калі за сцяною зноў храпянуў сусед, закрыў кнігу і з рашучасцю, на якую толькі быў здольны, прашаптаў:

— З сённяшняга дня — ні кроплі.

…Круглявы імбрычак стаяў пасярод стала і спалохана бразгаў накрыўкаю. Гэтае бразганне блытала думкі, напінала нервы, таму Макар, не дачакаўшыся, пакуль запарыцца гарбата, нацадзіў у конаўку рудаватай вадкасці, даліў кіпню, і ў паветры запахла нябожчыкам.

— Што ж там было? — выдыхнуў пахмельны пакутнік, парушыўшы ламінарную павольнасць пары, што падымалася з конаўкі.

Макар пацёр скроні, абхапіў рукамі галаву і стаў безуважна сачыць за кружляннем чаінак у віры не настоенай гарбаты.

Учора, упершыню за ўвесь час рэдактарства, яго запрасілі на райкамаўскую п’янку. Ладзілі яе з нагоды ад’езду Калупайкі — Іван Іванавіч ехаў у Віцебск, другім сакратаром абкама.

Выбіцца з Азярышча ў вобласць, ды яшчэ на такую пасаду — учынак амаль што неверагодны. Хадзілі чуткі, што Іван Іванавіч даў некаму хабар, а ягоная жонка ў час наведання сталіцы гуляла з міністрам сельскай гаспадаркі і — відавочна, у ложку — упрасіла таго прапіхнуць мужа ў абкам. Так гэта, ці не — сказаць цяжка, але Калупайка з’язджаў, і на загараднай турбазе арганізавалі развітальную вечарыну.

Пра п’янкі на «Качыным востраве» — так называлася турбаза — апавядалі шмат розных плётак. Слухаючы іх, Макар глытаў сліну, употай чухаў пахвіну, якая пачынала раптам свярбець, і на дне ціхмянай рэдактарскай душы кожнага разу варушылася крыўда. На загарадныя гулянкі яго не запрашалі.