І вось учора, па абедзе, пад рэдакцыйнымі вокнамі з нецярплівасцю квакнула легкавушка. «Мандрык», — мільганула тады ў Макаравай галаве; Макар схамянуўся, выцягнуў са стальніцы мутную шклянку — у Мандрыка ніколі не было з чаго піць, — і шырокім крокам падаўся на двор.
Сябрук часцяком прыязджаў такой парой: ехаў з абеду ў «Азяркі» і па дарозе зарульваў у рэдакцыю. Звычайна яны кулялі па дзвесце пяцьдзясят; похапкам, што тыя зайцы, закусвалі зялёнай цыбуляй і развітваліся да вечара. Гэтым разам Мішка быў за рулём. У машыне сядзеў яшчэ нехта, і Макар, раўніва памацаўшы шклянку ў кішэні пінжака, адчыніў заднія дзверцы ўазіка. Дакладней, дзверцы адчыніліся самі: ён толькі націснуў на ручку, і на грудзіну насунулася важкая, спавітая цупкім поліэтыленам, туша.
Тушы Мандрык вазіў і раней — і райкамаўцам, і абкамаўцам, і пракурору, але рабіў гэта ўпотай, па начах. Тут жа вёз сярод белага дня, у самую спёку.
— Залазь ужо як-небудзь, — прамовіў Мішка, і ў голасе ягоным чулася лёгкае хваляванне.
Абхапіўшы рукамі сцягняк, Макар убіўся разам з тушаю ў кабінку, стукнуўся галавою аб нешта брынклівае і гучна мацюкнуўся. На сядзенні, адна на адной, стаялі, падпіраючы брызентавы верх, скрыні з гарэлкаю.
— Не лайцеся! — прагучала над вухам, і Макар аслупянеў. Наперадзе, поруч з Мішкам, сядзела загадчыца сектара ўліку Азярышчанскага райкама Данута Станіславаўна Францкавяк.
Той хвіляй ён прагнуў толькі аднаго: знікнуць! Альбо праваліцца. Альбо ператварыцца ў адну з тых мух, што біліся ў шыбу.
Данута Станіславаўна была ягонай тайнай сімпатыяй. Доўгіх дзесяць месяцаў, ад дня свайго прыезду ў Азярышча, ён марыў спаткацца з гэтай жанчынай. У галаве Макаравай ужо быў распрацаваны сцэнар такога спаткання, а хвараблівыя, узбуджаныя алкаголем фантазіі кожнага разу пераносілі яго ў напоўнены чароўнымі пахамі і мілагучнымі песнямі пакой, пасярод якога, на мяккім варсістым дыване, ляжала ў паставе ўсходняй адаліскі загадчыца сектара ўліку.
І вось ён паўстаў перад Данутай — у абдымку з разабраным баранам, з мацюкамі на вуснах і з парэзаным аб вострую стужку, якімі былі абабітыя скрыні, ілбом.
— Трымай, паварочваю! — гукнуў Мандрык, пайшоў на разварот, і давялося ўперціся рукамі ў скрыні, каб тыя не абрынуліся на галаву.
Прыхаваўшыся за тушай, Макар пашукаў, — чым бы гэта прамакнуць юшку на лобе; нічога вартага не знайшоў і прамакнуў партбілетам.
За ўвесь час, пакуль яны ехалі да «Качынага вострава», Данута ані разу не азірнулася. Сядзела моўчкі, безуважна пазіраючы на дарогу. Маўчаў, адчуваючы настрой пасажыркі, і Мішка Мандрык. Але яно і добра: Мішка меў звычку пацвельваць сяброў у прысутнасці жанчын, і гэтае маўчанне было адзіным, што лагодзіла душу гэтай вусцішнай часінай.
Усю дарогу Макар хаваўся за тушай, шморгаў носам, і нават калі ўазік, квакнуўшы наастачу, спыніўся ля мураванкі з выяваю качкі на франтоне і Данута Станіславаўна, не сказаўшы ні слова, выйшла з машыны, ён усё яшчэ баяўся падняць галаву, і Мішку давялося ляпаць яго па карку і з гарэзлівай іскрынкай уваччу ківаць на скрыні з гарэлкаю.
Яны выпілі паўпляшкі, выпалілі па цыгарэце, прыхапілі тушу і падаліся да возера — кроіць мяса на шашлыкі.
Макар рэзаў мяса з шалёнай апантанасцю. Распрануты па пояс, з налепленым на лобе лістком трыпутніку — рана ўсё яшчэ крывавіла, — ён дэманстраваў Мішку сваю дасведчанасць у шашлычнай справе, а пачуўшы жаночыя галасы, што даляталі з суседніх кустоў, схапіў металёвы пожаг і з імпэтам пачаў налыгваць кавалкі бараніны.
Ён налыгваў трэці пожаг, калі ў вушах зазвінеў пералівісты жаночы смех.
— Што ж вы робіце? — прамовіла Данута Станіславаўна, падышоўшы бліжэй, а яе сяброўка — райкамаўская сакратарка Марына, — хаваючы ў далонь крывую ўсмешку, патлумачыла: — Мяса спачатку марынаваць трэба.
Жанкі пастаялі крыху, пагаманілі і, падхапіўшы мядніцу з гарою пакроенага мяса, пайшлі ў бок турбазы.
— Ну чаму, чаму я такі? — прамармытаў Макар, ляпнуў па лобе, забіваючы камара, і толькі тады зразумеў, чаму смяяліся жанчыны. На лобе, як той лазенны ліст на пэўнай мясціне, красаваўся лісток трыпутніку.
— Ну чаму?.. — прастагнаў ён удругарадзь ды нечакана сцепануўся ад ляманту і плёхання вады за спінай. Гэта Мішка Мандрык сігануў з масткоў у празрыстую глыбіню ляснога возера.
Потым яны зноў сядзелі ў кабінцы. Піў, праўда, толькі ён, Макар, — тапіў у гарэлцы сваю няўклюднасць, — і калі на базу завітаў Калупайка на шэрай «Волзе», пад нагамі Макаравымі ўжо зыбалася зямля, а ўвушшу звінелі званы. Потым ён піў за бяседным сталом, потым ля вогнішча, закусваючы недапечанай баранінай, потым яшчэ недзе, а таму і не дзіва, што наступным ранкам пахмельная памяць зеўрала праваламі, і адзінае, што запомнілася, дык гэта п’яная пыса дырэктара канторы кінапракату Даўгалёва, з якім ён цалаваўся і якому кляўся ў вечнай дружбе.