І яшчэ адна згадка не давала спакою: ён танчыў з Данутай. Згадка была цьмянай, амаль няўлоўнай, і калі Макар, дзьмухнуўшы на гарбату, заплюшчваў вочы, спрабуючы вярнуцца ў прыцемную залу, дзе ён кружыў з Данутай, уваччу кожнага разу паўставалі альбо вясёлкавыя шары, альбо барвовая пыса Ваські Даўгалёва. І толькі калі ён сёрбнуў гарбаты і на шырокім лабешніку заблішчэлі пацеркі поту, нос адчуў раптам дзіўны, ні з чым не параўнальны пах Дануціных валасоў. У прадчуванні шчымлівых згадак Макар заплюшчыў вочы, але тут з носа ягонага сарвалася кропля поту, плюхнулася ў конаўку, і гук гэты канчаткова разагнаў салодкія мроі. Макар мацюкнуўся, выцер твар кухонным ручніком і, дапіўшы гарбату, пайшоў збірацца на работу.
Галава пасля п’янкі была як цэбар, і дзесьці на самым дне душы варочалася хваравітае пачуццё — ці то віны, ці то крыўды, ці то яшчэ нейкай халеры. Такімі хвілінамі, а надараліся яны ледзь не штораніцы, Макар унікаў сустрэч з людзьмі, а таму, прачыніўшы дзверы, прыслухаўся — ці ёсць хто на лесвіцы.
Уніз бег, пераскокваючы праз тры прыступкі, і ўсё ж, вылятаючы з пад’езда, наляцеў на хахлушку з 10-й кватэры. На шыі ў суседкі вісела нізка зашчэпак, а да правага клуба была прыціснута алюмініевая мядніца.
— Добройі раныці! Доброго вам здоров’ічка! — праспявала хахлушка, і Макару пачулася ў тых словах злая іронія.
— Добрага… — буркнуў ён, не ўздымаючы вачэй, выйшаў на падворак, а заўважыўшы на вяроўцы хахлушкіны трусы з жоўтай мецінай, скрывіўся і сплюнуў пад ногі салодкую сліну.
Мястэчка Азярышча, што б там ні казалі, не самае страшнае месца ў свеце. Зялёнае, ціхае, аднапавярховае, з гусінымі чародамі на ўскраіне і з цыклапічнай ленінскай галавой у цэнтры, яно магло б улагодзіць якога-небудзь адстаўніка ў дачны сезон, але ніяк не Макара, які дагэтуль пяць гадоў пражыў у сталіцы і душа якога прыкіпела да людской мітусні, шкла, бетону, начнога неону, павільёна «Ясень», дзе давалі свежае піва, ды іншай урбаністыкі.
На апошнім курсе партшколы яму паабяцалі месца ў адной са сталічных газет, ён нават хадзіў у рэдакцыю і напісаў пару артыкулаў пад рубрыкай «Правафланговыя», але ў апошні момант месца тое занялі, а яму, уручыўшы дыплом, загадалі ехаць у гарпасёлак Азярышча і ачоліць там раённую газету.
З’язджаць са сталіцы на край свету не хацелася. Тры дні Макар абмываў «корачкі», на пытанні сяброў — куды яго пасылаюць — адказваў кароткім мацюгом, і на чацвёрты дзень, завітаўшы ад ранку ў павільён «Ясень», паведаміў сабутэльніку — Лёньку Холаду — пра сваё размеркаванне.
Лёнька, віцебскі малец, які таксама вучыўся ў партшколе, адразу ж пасуравеў, выпіў нагбом кухаль піва і, паклаўшы на Макараў плячук сваю пудовую руку, выдаў фразу, ад якой Макару стала моташна і гарачыя голкі кальнулі пахвіну: «Гіблае месца».
Сябрук спаражніў без перадыху яшчэ адзін кухаль і распавёў вусцішную гісторыю пра рэдактара азярышчанскай газеты Несцяронка.
Несцяронак той, па словах сябра, піў горкую да поўнага ачмурэння: спаў пасярод вуліцы, з моста куляўся, а аднаго разу, схапіўшы калун, бегаў вакол хаты, намагаючыся забіць сваю жонку, з якой быў у разводзе. Паколькі журналісты наогул народ пітушчы, а рэдактар да таго ж меў заслугі перад радзімаю — у вайну завіхаўся ў СМЕРШы, — дык раённае начальства глядзела на ўсе гэтыя выбрыкі скрозь пальцы. І вось, калі да пенсіі Несцяронку заставалася нейкіх паўгода, у Азярышчанскі райкам прыслалі Галіну Спартакаўну Підуту.
Згадаўшы пра Підуту, сябра пасуравеў яшчэ болей, здушыў у бляшанцы папяросу, хрыплым голасам запытаў:
— Не чуў пра такую?
Макар страсянуў галавой, а Лёнька пасля паўзы прамовіў:
— Яе ў нас усе ведаюць. Страшная баба. Прышыбееў у спадніцы.
Сябра дапіў піва, выцер рукавом пузырыстую пену з вуснаў.
— Як толькі ў якім раёне хлопцы запіваюць, абкам туды Підуту шле, трэцім сакратаром. Яна там і лютуе. У Азярышчы адразу ж два павільёны зачыніла — на базары і каля аўтастанцыі. Дырэктару прамкамбіната за п’янку страгача ўляпіла, а потым за Несцяронка ўзялася. Па пяць разоў на дні ў рэдакцыю заходзіла, з вобласці брыгаду сацыёлагаў выклікала — даследаваць работу рэдактара. Карацей, увесь плех небараку праела. Аднойчы прыйшла ў рэдакцыю — Несцяронак якраз на гарышчы быў, у яго там у бутлях яблычнае віно даспявала, — падышла да лазу і гукае: «Таварыш рэдактар, што вы там робіце?» Ну, а Несцяронак ужо глынуў з бутлі, душа рвалася на волю, ён і вырашыў… пажартаваць. Раней у рэдакцыйным будынку бязногі інвалід жыў, пасля яго на гарышчы два старыя пратэзы засталіся. Ну і пажартаваў: зняў штаны, упіхнуў у калашынне пратэзы, загарлаў нема: «Бывай, Радзіма!» — і апусціў штаны ў лаз. Нібыта ён засіліўся. Підута, як толькі штаны пабачыла, адразу самлела: інсульт, заварот кішак і штосьці там па жаночай лініі. Несцяронак глянуў уніз і, як быў у трусах, так і скаціўся па драбінах. Пачаў штучнае дыханне рабіць — рот у рот. Тут прыбіральшчыца прыбегла — загаласіла на ўсё Азярышча. Падумала, што рэдактар трэцяга сакратара гвалтуе. Карацей, схапіў Несцяронак Галіну Спартакаўну за голыя лыткі, гукнуў свайго намесніка, і ўдвох паперлі самлелую бабу ў бальніцу.