Выбрать главу

Ну, вядома, людзі сабраліся — нават прадаўшчыцы з суседняй крамы прыбеглі. Убачылі Несцяронка ў трусах і вырашылі, што трэці сакратар пад ім самлела.

На наступны дзень розных камісіяў панаехала, крымінальную справу завялі, але неўзабаве ўсё аціхла. Підута ў бальніцы паўгода качалася, потым у санаторыі адпачывала, але так дарэшты і не ачуняла. Цяпер у Азярышчы таварыствам аховы помнікаў кіруе.

— А Несцяронак? — дрогкім голасам запытаў Макар.

— На Поўнач з’ехаў, да роднага брата. Брат ягоны ў Надыме працуе.

Хвіліну сябры палілі, засяроджана паглядаючы на пустыя кухлі, пасля чаго Лёнька Холад ікнуў і бадзёра паведаміў:

— Не сумуй, у мяне ў тых мясцінах стрыечны брат жыве — ён мне пра ўсё гэта і распавёў. Мішкам завуць. Прозвішча Мандрык. Калі што — дапаможа.

Уражаны аповедам, Макар запісаў рэквізіты Лёнькавага брата ў нататнік і ўспомніў пра іх толькі праз месяц, калі прыехаў у Азярышча.

Дзень той запомніўся да драбніц.

На дварэ быў верасень, і першы жаўталіст, узвіхураны цягніком, ціха ападаў долу. Скочыўшы з вагоннай прыступкі, Макар схапіў адзін лісцік, сціснуў зубамі чаранок і пасміхнуў­ся імглістаму сонцу, што прабівалася скрозь вецце высокіх бяроз. Ён паблукаў па прыстанцыйным базарчыку, на якім пяцёра скурчаных бабуль прадавалі грыбы абабкі і недаспелыя брусніцы, прайшоўся па галоўнай азярышчанскай вуліцы, пазначыўшы свае новыя, яшчэ не разношаныя туфлі попельна-шэрым пылам, пастаяў, як той віцязь перад Галавою, ля помніка правадыру і, спытаўшы п’янаватага дзядзьку, дзе месціцца рэдакцыя, падаўся ў той бок, куды кіўнуў азярышчук.

Рэдакцыйны будынак — прысадзісты, урослы ў зямлю, — нічым не розніўся ад вясковай хаты, адно што пад вокнамі не буялі флёксы, а на пазаддзі адсутнічаў хляўчук. Керхануўшы дзеля саліднасці, Макар увайшоў у вохкі прыцемак сяней, пашукаў вачыма прастакутнік лаза на столі і, не без хвалявання, піхнуў абабітыя дэрмацінам дзверы.

У маленькім, упрыгожаным выцвілымі плакатамі кабінеце сядзеў сярэдняга веку мужчына ў швэдры і, мылячы вуснамі, штосьці размашыста пісаў на абрыўку паперы.

Мужчына, не перарываючы пісаніны, скасіў пукатае вока, запытальна таргануў падбароддзем, а ўбачыўшы валізу, ускочыў з крэсла.

— Хаміцкі… Сазон Пятровіч, — адрэкамендаваўся гаспадар кабінета, працягнуўшы хударлявую руку. — Даўно вас чакаем. Ужо і ў абкам тэлефанавалі. Ад працы ж проста захлынаемся. Вось, пішу, — вінавата пацёр далоні Хаміцкі, — справаздачу з партсходу на прамкамбінаце. Цікавы атрымаўся сход. Было некалькі прынцыповых выступленняў.

«П’е, — падумаў Макар, увабраўшы носам цяжкое, прыпраўленае піўнымі парамі і пахам мышынага гаўна паветра.

Сазон Пятровіч яшчэ добрыя паўгадзіны апавядаў аб складанасцях журналісцкай працы, казаў пра тое, што яму, адказнаму сакратару, даводзіцца выконваць рэдактарскія абавязкі — хадзіць на партсходы і нарады, пісаць справаздачы ды розныя афіцыйныя матэрыялы, а калі, суняўшыся на хвілю, спытаў, ці не схадзіць ім у мясцовы рэстаран паабедаць, Макар засцерагальна кашлянуў і, пасунуўшы бліжэй да сцяны валізу, паведаміў:

— Я ў райкам. Хутка буду.

«Развінціўся без начальства… Сядзіць у кабінеце і пляшка пад сталом, — падумаў Макар, грукнуўшы дзвярыма. — Я гэтаму Хаміцкаму рогі пазбіваю. Забудзе, у якім баку гарэлачная крама».

Апанаваны думкамі аб мацаванні працоўнай дысцыпліны, ён дабрыў да райкама — навюткай чатырохпавярховай будыніны — і, узбіраючыся на высокі ганак, вырашыў на першым жа пасяджэнні бюро райкама ўзняць пытанне аб пераводзе рэдакцыі ў больш прыстойныя апартаменты.

Паблукаўшы па пустых калідорах, ён знайшоў, нарэшце, сектар уліку, адчыніў дзверы і нечакана аслупянеў, забыўшыся і на Хаміцкага, і на працоўную дысцыпліну, і на новыя апартаменты. За перагародкай, якая падзяляла кабінет на дзве паловы, стаяла жанчына і, паставіўшы на крэсла зграбную нагу, падцягвала белую панчоху. Ён угледзеў маціцовае, не прыхаванае капронам сцягно, адчуў падатлівасць маладога жаночага цела, і душа ягоная, а разам з ёю і ніжняя сківіца суладна затрымцелі.