Іншая кабета ў такой сітуацыі схамянулася б, спалохана абцягнула спадніцу, а гэтая, убачыўшы наведніка, задуменна палашчыла калена, уздыхнула і толькі тады падышла да перагародкі.
Дрогкай рукой ён перадаў дакументы, разоў дваццаць перапісаў заяву з просьбаю паставіць яго на ўлік, а выкуліўшыся з кабінета, столькі ж разоў перачытаў па складах прозвішча загадчыцы на цьмянай шыльдзе.
— Да-ну-та Ста-ніс-ла-ваў-на Франц-ка-вяк.
Ну, а першае, што ён убачыў, вярнуўшыся ў рэдакцыю, былі пляшка гарэлкі і дзве бляшанкі кілек у тамаце.
— Абмыць жа трэба… — лісліва прамовіў адказны сакратар, прыхоўваючы за спінаю мітуслівыя рукі.
Думкі блыталіся ў галаве; ён не адразу ўцяміў — што трэба абмываць, і толькі праз хвіліну, суняўшы хваляванне, загадна махнуў рукой:
— Пайшлі на прыроду!
Яны прыселі пад кустом бузіны, непадалёку ад рэдакцыі, і Хаміцкі, завіхаючыся з пляшкай, раз-пораз паглядаў праз шчыліны штыкетніка на рэдакцыйны ганак. Разліваючы гарэлку, адказны сакратар нечакана наструніўся і злавесна прашаптаў:
— Підута…
У прасвецці між штыкецін варушылася нечая пахілая постаць.
Хаміцкі кульнуў шклянку, закінуў у рот кільку і, жуючы, распавёў страшную гісторыю пра тое, як ягоны былы шэф ледзь не збыў са свету трэцяга сакратара райкама. Хаміцкі рыхтык паўтарыў аповед Лёнькі Холада, за выключэннем аднае дэталі: штаны Несцяронак усё ж такі паспеў насунуць, але не паспеў зашпіліць; яны зваліліся, і рэдактар, заблытаўшыся ў калашынні, паваліўся разам з Підутаю пасярод бальнічнага двара.
— Ходзіць цяпер, віжуе ды дакладныя запіскі ў абкам пасылае, карга лупатая, — Хаміцкі наліў па другой і, узняўшы шклянку, дадаў: — Тут нядаўна яшчэ адзін стары псюк з’явіўся — Касьян Пракопавіч Зёх.
Адказны сакратар глынуў гарэліцы, а паколькі думаў аб непрыемным, дык папярхнуўся, закашляўся і скрозь кашаль растлумачыў:
— Адстаўнік… мемуары… эх-хы… эх-хы… піша. Я ад яго… эх-хы… эх-хы… у шафе хаваюся.
Калі гарэлка была дапітая, Хаміцкі падхапіўся, падцягнуў нагавіцы і, кінуўшы кароткае: «Я зараз», — знік за кустамі.
«Цудоўны хлопец!» — падумаў Макар пра свайго адказнага сакратара, і яшчэ падумаў, што выбіваць новыя апартаменты, відаць, не варта, бо тут, сярод кустоў бузіны і глогу, яно зацішней і заўсёды можна ўзяць чарку, не адыходзячы далёка ад рэдакцыі.
Хаміцкі вярнуўся хвілін праз дзесяць і, зразумела, не з пустымі рукамі. Яны кульнулі яшчэ па сотцы, укінулі ў раты па цыгарэце, і Макар запытаўся пра тое, што даўно спела на канцы языка.
— А-а… Данута Станіславаўна… — прамармытаў Сазон у адказ, зацягнуўся пякучым дымам і распавёў пра трох Дануціных мужоў, адзін з якіх засіліўся, другі ўтапіўся ў Гатаўскім возеры, а трэці завербаваўся матарыстам на гандлёвы флот і з той пары яго ў Азярышчы ніхто не бачыў.
— Тут шмат хто да яе ласы, ды яна баба гордая. Усіх адшывае. — Сазон спахмурнеў, а Макара такія словы натхнілі і ўадначас засмуцілі. Данута, гэтая недаступная для мужчын кабета, дэманстравала свае ногі, а ён, недарэка, стаяў як слуп, не здолеўшы сказаць кампліменту.
Неўзабаве і другая пляшка паляцела ў кусты, і па шамаценні лісця Макар зразумеў: наспела ягоная чарга лезці ў кішэню.
Разам з грашыма ён выцягнуў зашмальцаваны нататнік, перагарнуў старонкі, п’янавата зірнуў на сабутэльніка.
— Ты, часам, Мандрыка Міхаіла не ведаеш?
— Мішку?! Мандрыка?! — не сваім голасам галёкнуў Хаміцкі і, нічога больш не кажучы, паведаміў, што бачыў Мішкаў «казёл» ля мясцовага рэстарана.
Азярышчанскі рэстаран «Каліна красная» скаланаўся ад папулярных песень і сіплага баса кучаравага здаравілы, які сядзеў за крайнім столікам, бязладна падпяваючы рэстаранным музыкам. Лёнька Холад нічога не казаў пра свайго брата, але Макар, убачыўшы здаравілу, інтуітыўна прызнаў у ім таго самага Мандрыка.
Пасля сталіцы азярышчанскі рэстаран выглядаў даволі ўбога. У зале панаваў прыцемак, афіцыянткі былі падобныя да піянерважатых — белы верх, чорны ніз, — а музыкі лабалі міма нот. Макар паглядаў на ўсё гэта з непрыхаванай іроніяй, а таму і рушыў па зале хадою рэстараннага заўсёдніка — валюхаста.
— Вам прывітанне ад Лёні Холада! — выгукнуў Макар, падышоўшы да століка.