Здаравіла абарваў песню, колькі часу сядзеў з адкрытым ротам, а потым, усхапіўшыся на ногі з імпэтам Сазона Хаміцкага, адчайна загарлаў:
— Лёнька?! Холад?! Дзе ён?!
Сагнутая пастава, шалёны бляск вачэй і сціснуты ў кулаку відэлец выяўлялі рашучасць зараз жа бегчы на пошукі брата, таму прыйшлося тлумачыць таварышу, што Лёнька Холад жывы, здаровы і ў дадзены момант знаходзіцца ў сталіцы, дзе вучыцца на трэцім курсе Рэспубліканскай партшколы.
Здаравіла махнуў рукой, загадваючы субяседнікам ссоўваць сталы, і шалёны імпэт ягоны выліўся ў грымотны вокліч:
— Маша! Яшчэ тры бутэлькі!
Мішка Мандрык гуляў у рэстаране не проста так, а абмываў пераходны Чырвоны сцяг, якім надоечы ганаравалі ягоны калгас за поспехі ў выкананні Харчовай праграмы. Разам з ім за сталом сядзелі галоўны інжынер калгаса — сівы і дарэшты п’яны чалавек, які ўжо не даваў рады адрэкамендавацца; кіраўнік раённай канторы кінапракату Даўгалёў — менавіта так, па прозвішчы, кіраўнік і прадставіўся, — а таксама старшыня спорткамітэта Аляксандр Мурленя, далучанасць якога да спорту выдавала трыкатажная масцерка з самаробным знакам фірмы «Адзідас» на грудзіне.
Мандрык ужо дрэнна валодаў языком, але, тым не менш, пачаў апавядаць пра сваё дзяцінства, пра стрыечнага брата Лёньку Холада, з якім яны выпілі аднойчы адразу адзінаццаць бутэлек гарэлкі, а пачуўшы ад Хаміцкага, што ў газеце цяпер будзе новы рэдактар, распавёў усё тую ж гісторыю пра Несцяронка. Як вынікала з аповеду, штаноў Несцяронак усё ж такі не губляў, бо іх падтрымліваў нейкі падшыванец, які бег следам аж да самай бальніцы.
Потым яны скакалі з Мандрыкам хуткі танец, потым ён, пад незадаволеныя позіркі старшыні спорткамітэта, запрашаў на танец афіцыянтку Машу, а раніцою, абуджаны галасістымі азярышчанскімі пеўнямі, доўга ляжаў на старой рэдакцыйнай канапе, няўцямна пазіраючы на столь, нарэшце, выпусціў духі, — аж застагналі пад спінай ржавыя спружыны, — і падзячыў лёсу, які дараваў яму сустрэчу з Данутай.
Памяць людская ўладкавана даволі дзіўна: з яе выпетрываюцца падзеі мінулага дня і ў той жа час захоўваецца тое, што надарылася даўняй парой.
Вось і Макар: выпіў літровую конаўку гарбаты, згадваючы, як ён патрапіў дадому, сышоў пры гэтым потам, абпаліў кіпнем вусны, ды так нічога і не згадаў. Але затое ціхі вераснёўскі дзень, калі ён прыехаў у Азярышча, запомніўся ў самых дробных дэталях. Запомніліся пахі, зыкі, п’яныя песні Мішкі Мандрыка, запомніліся, нарэшце, маціцовае Дануччына сцягно і падрапаная, сталінскіх часін, канапа, якую ўвесну вынеслі на сметнік. Успаміны гэтыя прыходзілі не толькі гуллівымі вечарамі, але і пахмельнымі ранкамі, калі ён брыў у рэдакцыю. Вось і зараз, пераходзячы галоўную азярышчанскую вуліцу, Макар згадаў, як Данута падцягвала панчоху, запаволіў крок і ледзь не патрапіў пад колы шэрай райкамаўскай «Волгі».
Заскуголіўшы тармазамі, машына ўз’ехала на бардзюр, люта ўзвыла, і перапуджаны Макар убачыў за вясёлкавай шыбай Калупайку, які ці то жартам, ці то ўсур’ёз паківаў яму пальцам. З перапуду, а можа яшчэ з якой прычыны, тлумная галава ўраз прасвятлела, і ў ёй нарадзіліся словы:
— Я ведзьма. Са мною лепш не звязвацца.
Гэта памяць вярнула той змораны шэпт, які прагучаў учора ўвечары, калі яны танцавалі з Данутай у каміннай зале.
Калупайкава легкавушка зноў заскавытала, цяпер ужо на рагу Савецкай і Чырвонаармейскай, павярнула ў бок райкама, і Макар, адрыгнуўшы ўчарашнім шашлыком, прыспешыў хаду.
А дзявятай гадзіне ў раённым камітэце партыі павінна была пачацца нарада актыву, і таму пляц перад ленінскім помнікам быў спрэс застаўлены аўтатранспартам. Стаялі тут не толькі «Волгі» ды старшынёўскія «козлікі», але і бартавыя «газоны», тры «інвалідкі» і нават машына для адпампоўвання вады, вядомая ў народзе пад назваю «гаўнавоз»: гэта завітала на нараду арганізатар мясцовага радыё Газевіч, зяць якой працаваў інжынерам у «Водаканале». Але дзівіцца такой колькасці машын не даводзілася, бо на сённяшняй нарадзе Калупайка мусіў развітацца з актывам і, да таго ж, чакаўся прыезд абласнога начальства.
Хаця Калупайка ўжо быў на месцы, заходзіць у райкам ніхто не спяшаўся. Актыў стаяў ля ганка — гаманіў, смаліў цыгарэты і зрэдзьчасу з лёгкім спалохам у вачах пазіраў на дарогу.
— Гасцей чакаем… з вобласці, — патлумачыў прычыну прыганкавага стаяння Сашка Мурленя, паціснуўшы потную Макараву руку.
Макар уплішчыўся ў натоўп, парукаўся з дырэктарам прамкамбіната Куксёнкам, з інструктарам раённага таварыства «Веды» Лукашонкам, яшчэ з нейкімі людзьмі і, выцягнуўшы з прапанаванага яму пачка цыгарэту, агледзеўся.