Мішкавага ўазіка на пляцы не было. Макар пакруціў галавой, нахіліўся да Мурленевай запальнічкі, і гарбата, якая поўніла страўнік, моташна падступіла да горла. Давялося стаіць дых, прыціснуць далонь да вуснаў, а калі бунтоўная вадкасць уляглася, выцерці ліпучы пот з лабешніка.
— Ну дык хто там будзе замест Калупайкі? — кволым голасам запытаўся інструктар таварыства «Веды» Лукашонак.
Усе замоўклі, зірнулі на Мурленю, і той, сабраўшы зморшчыны на пераноссі, паведаміў:
— Са Шклоўскага раёна таварыш. Былы загадчык зверафермы. Кажуць — зусім не ўжывае.
Трывожная вестка гэтая павісла ў паветры. Куксёнак зморана крэкнуў, у Лукашонка ў зубах задрыжэла цыгарка, а па Мурленевым твары прабегла навальнічна-фіялетавае святло: да райкама ехала міліцэйская машына з мігалкай, следам — бліскучая чорная «Волга», а за ёю, на статутнай адлегласці, тузаўся на апошніх кроплях бензіну запылены Мішкаў уазік.
— Спазняешся, — выгукнуў Макар, калі сябрук вылез з машыны.
— З Даўгалёвым важдаўся. Усю веранду мне абванітаваў, — патлумачыў Мандрык, брыдка мацюкнуўся і, азірнуўшыся, крыкнуў свайму кіроўцу: — Пазычыш бензіну і стой тут. Чуеш?
— Чую! — незадаволена адгукнуўся кіроўца. Кіроўца выкінуў на асфальт пакарабачанае вядро, і Мішка, перакрывіўшыся ад бразгату, прыклаў далонь да хваравітай патыліцы.
Макар таксама пацёр патыліцу і як бы між іншым спытаў:
— Слухай, а хто мае штаны… на люстру павесіў?
— Я павесіў, — патлумачыў сябар.
Мішка ўставіў у рот цыгарэту, але тут жа зразумеў, што паліць няма калі, і ўпіхнуў цыгарэціну ў нагрудную кішэнь.
— Завёў цябе ў прыбіральню, а ты і апаратуру дастаць не можаш. Усе порткі засцаў. Я іх і павесіў на прасушку.
Мішкавы сіплы бас скаланаў перапонкі. Добра яшчэ, што людзі былі занятыя сваімі размовамі, і Макар цішком перавёў дых…
Пакуль ішлі райкамаўскім калідорам, Мішка апавядаў пра Даўгалёва, які, дапіўшыся да божай моцы, абванітаваў дарагі турэцкі палас, але Макар не слухаў сябра. Спыніўшыся пасярод калідора, ён наставіў на сябра дапытлівыя вочы:
— Я што… сапраўды танцаваў з Данутай?
Мандрык зірнуў па баках, узяў яго за штрыфлі пінжака ды тут жа адпусціў, даючы дарогу загадчыцы райана Сцефурак, і злавесным голасам прамармытаў:
— Трымайся далей ад гэтай бабы. Раю табе як сябар.
З нагоды прыезду абласнога начальства ў зале пасяджэнняў наваскавалі паркет, павесілі новыя люстры, стол заслалі зялёным сукном, а на задняй сцяне замест няўклюднага бээсэсэраўскага герба прымацавалі барэльеф правадыра. Гіпсавая аграмадзіна ўражвала настолькі, што пад ёю ніхто не насмельваўся садзіцца, і паколькі вольных месцаў паблізу не было, Макар усеўся пад правадыром. Ён дастаў нататнік, пстрыкнуў асадкай, але рабіў усё гэта машынальна, з адключанай свядомасцю. У свядомасці тым часам бясконцым паўторам гучалі апошнія Мішкавы словы. Мандрык, вядома ж, зайздросціў яму. Таму і вылез са сваімі парадамі. Але каму яны патрэбныя, гэтыя парады?
Думкі варушыліся ў галаве, і Макар не заўважыў, як поруч прымасціўся Сашка Мурленя, не пачуў, як яго паклікалі сесці бліжэй да прэзідыума, і апрытомнеў толькі тады, як з бакавых дзвярэй выйшла абласное ды раённае начальства і ўсе ўдарылі ў ладкі. Пляскалі спачатку седзячы, потым стоячы, нарэшце суняліся і дружна зарыпелі рассохлымі крэсламі. Макар таксама памкнуўся сесці, але так і застыў на паўсагнутых: у залу, праз бакавыя «сакратарскія» дзверы ўвайшла Данута.
Пад пільнымі позіркамі прысутных загадчыца сектара ўліку прайшла па зале і, напоўніўшы прастору пахам польскай парфумы, села поруч з Макарам.
У тарцы стала, дзе сядзеў прэзідыум, заварушыліся, зашапталіся, усхвалявана кашлянулі: гэта Калупайка прачышчаў глотку перад выступленнем.
— Хвалюецца, — прамармытаў, дыхнуўшы перагарам, Мурленя, потым прамармытаў яшчэ нешта, але Макар не пачуў.
Той хвіляй ён наогул страціў здольнасць штосьці чуць, а рэдкія фразы, якія даляталі да свядомасці, успрымаліся як фрагменты нейкай дурноты.
Валасы Дануціны струменілі пахі, ад якіх кружылася галава; ён стрымліваў дыханне, мружыў вочы і скрозь вясёлкавыя веі зладзеявата паглядаў на аголеныя жаночыя калені. Зрэшты, галава кружылася не толькі ад чароўных пахаў, але і ад шалёных фантазій. Макару мроілася, што ён цалуе гэтыя калені, лашчыць языком — вельмі пяшчотна і вельмі павольна — Дануціны сцёгны. Данута пры гэтым ціха стагнала, а калі ён — у думках — прыпаў вуснамі да празрыстых нейлонавых майтак, — менавіта такімі ён іх уяўляў, — застагнала ўголас і зморана папрасіла вады. Макар схамянуўся і насамрэч пачуў жаласлівыя енкі. Але енчыла не Данута, а Підута, якой стала млосна ад задухі.