Праз пару хвілін, калі самлелую Галіну Спартакаўну вывелі з залы, Калупайка дзясятым разам адкашляўся, пачаў знаёміць прысутных з кантрольнымі лічбамі, на якія мусіў выйсці раён, а першы сакратар абкама, дамагаючыся цішыні, пастукаў асадкай па графіне, неадрыўна пазіраючы пры гэтым на Дануціны калені. Данута перахапіла гэты позірк, закінула нага на нагу і — о, жах! — прыціснулася цёплым клубам да Макара. Макар усхапіўся, выпрастаў хрыбціну, здрыгануўся ўсім целам і, прыхоўваючы хваляванне, пляснуў у ладкі, ухваляючы Калупайкаву заяву пра тое, што жывёлаводы раёна не толькі выканаюць, але і перавыканаюць даведзеныя планы.
З залы Макар выходзіў дарэшты збянтэжаны, змораны ад салодкай пакуты і з застойнымі з’явамі ў нізе жывата. Каб прыхаваць — цяпер ужо застойныя з’явы, — давялося сагнуцца, захінуць пінжак, прыціснуць да нізу жывата нататнік, а калі аднекуль з канца калідора пачуўся Мішкаў голас:
— Куды ты?! — ён, не павярнуўшы галавы, незадаволена выдыхнуў: — У прыбіральню!
…Пасля прыцемку райкамаўскіх калідораў сонца ўдарыла ў вочы, тупымі іголкамі кальнула ў скроні.
— Не забывайце нас, Іван Іванавіч! — гукалі з натоўпу, — выбачайце, калі што не так.
Іван Іванавіч — расчырванелы, расчулены, абдораны чырвонымі гваздзікамі, штосьці казаў у адказ, ціснучы руку ачунялай Підуце. Галіна Спартакаўна, аднак, поціскамі не абмежавалася — палезла цалавацца, і Калупайку прыйшлося ўхінацца і падстаўляць для пацалункаў танклявую шыю.
На добры лад, трэба было падысці да Калупайкі, развітацца, сказаць колькі словаў, але нейкая сіла стрымлівала Макара, а калі ён узняў нагу, каб ісці па сходах, за спінай зацюкалі туфлікі і хтосьці крануўся ягонага локця.
— Чаму вы мяне пазбягаеце? — голасна запыталася Данута, прымусіўшы здрыгануцца не толькі Макара, але і загадчыцу райана Сцефурак, якая стаяла поруч.
Краем вока ён бачыў, як людзі з натоўпу разам паглядзелі на Дануту.
— Я тут днямі артыкульчык накрэмзала. Хачу вам паказаць, — цяпер ужо ціха, амаль шэптам прамовіла загадчыца сектара ўліку, ускінуўшы на Макара даўжэзныя, шчыгульна пафарбаваныя вейкі.
— Ну вядома, Данута Станіславаўна, паглядзім. Альбо я, альбо Хаміцкі, — гэтак жа ціха прамармытаў Макар, і Данута, крутнуўшыся на абцасіках, абдарыла яго шматабяцальнай фразай:
— Я пазваню, — і гэткай жа шматабяцальнай усмешкай.
Ад будынка райкама да рэдакцыі хады блізу кіламетра, а калі ісці напрасткі, агародамі, дык і таго меней. Летась супрацоўнікі рэдакцыі ўнадзіліся былі хадзіць кароткай дарогай, але гаспадар сотак абзавёўся сабакам, сабака падзёр Несцяронку штаны, калі той бег на пленарнае пасяджэнне, і пасля таго выпадку хадзіць напрасткі ніхто не наважваўся.
Шыбуючы ўздоўж плота, Макар супыніўся на імгненне, разважаючы — ці варта рызыкаваць, пасля чаго азірнуўся, адсунуў дошку ў плоце і зашапацеў калашыннем па бурачным лісці. Па гародзе ён ішоў мерным крокам, прыслухоўваючыся да сабачай звягі, — сабака брахаў недзе на другім канцы вуліцы, — а занурыўшыся ў кусты і пачуўшы, што кудлаты злодзей брэша недзе непадалёку, гізануў як мае быць.
Хаця і прабег няшмат, але дарэшты змарыўся і, задыханы, з лістком бузіны ў валасах, паўстаў перад Хаміцкім.
У кабінеце адказнага сакратара дурманіста пахла гарэлкай. Макар перавёў дых, незадаволена ўскінуў брыво, і паміж ім і адказным сакратаром адбыўся кароткі дыялог.
— Зноў?!
— Іванавіч! Расінкі ў роце не было.
— Дап’ешся. Выганю, н-нахер… — У гэтым месцы рэдактар уздыхнуў. — Мне хто-небудзь званіў?
— Званілі.
— Хто?!!
— Зёх.
— Фу ты, йоп… — Макар вылаяўся, зняў з валасоў лісцік і панылым крокам рушыў у свой кабінет.
Касьян Пракопавіч Зёх не даваў жыцця. Мінулым летам прынёс у рэдакцыю аўтабіяграфічны раман — дванаццаць дробна спісаных сшыткаў — і загадаў надрукаваць без правак і скарачэнняў. Хаміцкі ў прысутнасці аўтара прачытаў дзеля прыліку першую старонку, задаў пару пытанняў, а калі за ганаровым чэкістам зачыніліся дзверы, запіхнуў сшыткі ў ніжнюю шуфляду.
Рэшту лета і ўсю восень стары псюк хадзіў у рэдакцыю як на працу. Прыйдзе, сядзе насупраць Хаміцкага і глядзіць таму ў вочы. І вось аднойчы, калі Сазон прагнуў пахмяліцца і пад сталом у яго ўжо стаяла адкаркаваная бутэлька, у кабінет увайшоў Касьян Пракопавіч.
Як потым апавядаў Сазон, той хвіляй з ім здарыўся нервовы прыпадак: уваччу пацямнела, увушшу зазвінела, правая нага міжволі тузанулася, і ён апрытомнеў толькі тады, як пачуў пах разлітай гарэлкі.