Адчуванне таго, што ён, Макар, не шараговы партыец, а наменклатура абкама, кранула душу трапяткім халадком, утуленая ў плечы галава годна ўзнялася, але ў наступнае імгненне зноў убілася ў плечы: у кабінет, пазвоньваючы спаласнутымі келіхамі, увайшла Данута Станіславаўна. Нічога не сказаўшы, нават не зірнуўшы на яго, жанчына паставіла келіхі ў браніраваны сейф, прыбрала са стала пустую пляшку, потым падышла да люстэрка і доўга папраўляла прычоску, раз за разам паўтараючы адну і тую ж фразу:
— Божухна, што з валасамі?
Каб нейкім чынам засведчыць сваю прысутнасць, Макар рыпнуў крэслам, стрымана кашлянуў, але гэта не дапамагло. Данута Станіславаўна глядзелася ў люстэрка, перабірала паперы, зачыняла фрамугі і па-ранейшаму не звяртала на яго аніякай увагі.
Макар пачаў быў хвалявацца і падумаў — ці не сысці, ды тут Данута, выцершы пыл з гіпсавага Энгельса, кінула на падвоканне анучку, крутнулася, як тая дзяўчынка, на адной назе і весела прамовіла:
— Ну дык што, ідзем?
Сказана гэта было з такой лёгкасцю, з такой іскрыстай бестурботнасцю, што ў Макара ёкнула сэрца, і ён, забыўшыся пра ўсё на свеце, усхапіўся з крэсла і зрабіў крок насустрач свайму шчасцю.
Ні ў калідоры, ні на сходах яны, дзякаваць богу, нікога не стрэлі, а вось на ганку сутыкнуліся са збоем жанчын — былі там і райкамаўкі, і райвыканкамаўкі, і яшчэ немаведама хто. Ідучы па прыступках, Макар паскорыў крок, намагаючыся абмінуць усіх гэтых пляткарак, але Данута схапіла яго за рукаво, сагнула руку абаранкам і, піхнуўшы пад локаць далікатныя пальцы, зацюкала абцасамі па асфальце. Так яны і пайшлі, пад ручку, і спіна Макарава свярбела ад пранізлівых жаночых позіркаў.
Злёгку замглёнае, даспелае сонца яшчэ было высока. Сонца вісела над будынкам райкама, па-над возерам, адбіваючыся ў яго спакойным люстры, над дымным комінам ільнозавода, які вытыркаўся з-за дахаў азярышчанскай ускраіны, што называлася Зарэччам. Там, у Зарэччы, гарлалі пеўні, крычалі вароны, бязладнай грамадой пералятаючы з месца на месца, і голасна мэкалі козы.
Макар не бачыў сонца, не бачыў крыклівых варон, не чуў казінага мэкання. З усіх органаў пачуцця ў яго працаваў толькі нюх — ён удыхаў водар парфумы, невідушча ступаў па ходніку, і Дануце даводзілася тузаць спадарожніка за руку, каб абмінуць лужу альбо конскія яблыкі.
Яны дайшлі да ўнівермага, павярнулі на Чырвонаармейскую, і тут, абмінаючы чарговую лужыну, Данута пацягнула яго за рукаво.
— Памятаеце, што я сказала, калі мы танцавалі?
Ступіўшы нагой у лужу, Макар спыніўся, асавела паглядзеў пад ногі.
— Вы што, як конь — на хаду кімарыце? — рагатнула спадарожніца, і гэтае параўнанне вярнула Макару слых і зрок. — Учора… на Качыным востраве… я сказала, што прыношу мужчынам няшчасце…
Макар няпэўна кіўнуў, паспрабаваў пасміхнуцца.
— І не баіцеся звязвацца… з такой ведзьмай?
Макар страсянуў галавой, а Данута, паправіўшы валасы на скронях, задуменна і разам з тым нерашуча прамовіла:
— Ну што ж, тады пойдзем да мяне. Пачастую вас кавай.
Ад такой прапановы можна было ашалець. У гарачкавых мроях Макар са слязьмі на вачах уяўляў — як ён пакахаецца з Данутай Станіславаўнай. Яму ўяўляліся прызнанні, нясмелыя пацалункі, прагулянкі ў фасфарычным святле ліхтароў. Але каб так, адразу, без нічога ніякага, Данута запрасіла да сябе піць каву — такога ён не ўяўляў нават у самых смелых лятунках. Таму і аслупянеў Макар, і Данута, абмінуўшы лужыну, з нецярплівасцю выдыхнула:
— Ну дык ідзем! Ці так і будзем стаяць?
Цагляны дом у канцы Чырвонаармейскай вуліцы быў адзіным пяціпавярховікам у Азярышчы і менаваўся Домам спецыялістаў. Там, у двухпакаёвай кватэры з усімі выгодамі, жыла Данута Францкавяк.
Цёмнымі вечарамі, кульнуўшы добрую чарку, Макар часта блукаў каля гэтага дома, заходзіў у пад’езд, крадком падымаўся на трэці паверх, каб крануцца рукой запаветных дзвярэй, а іншым разам, пад роспачны брэх сабак, залазіў на яблыню, што расла на другім баку вуліцы, і апантанымі вачыма глядзеў на зялёны квадрат — вакно Дануцінай спальні.
Пару разоў ён бачыў, як Данута распраналася, а аднойчы, угледзеўшы ў пройме рассунутых штораў нейкага мужыка ў салатавай майцы, ледзь не самлеў ад рэўнасці і, слізгануўшы нагой па суку, зваліўся долу.