Цяпер ён ішоў з Данутай па Чырвонаармейскай — уздоўж парэпанага плота, міма газетнага шапіка, міма смуроднай сметніцы — і горбіўся ад шчасця, якое на яго раптам абрынулася.
Каля пад’езных дзвярэй Данута на імгненне спынілася.
— Вось тут я і жыву, у дваццаць трэцяй кватэры.
Спыніўся і Макар. З захапленнем зірнуў на вокны трэцяга паверха, вінавата шморгнуў носам і раптам, у памкненні кінуцца немаведама куды, разявіў рот і выцягнуў шыю.
— Куды вы? — крыкнула Данута, калі ён сарваўся з месца.
— Я зараз… Я вомігам, — гукнуў Макар, завярнуў за рог дома і стаў на хаду поркацца ў кішэнях.
Сэрца парывіста білася, набойкі на абцасах лідскіх «гадаў» ляскаталі па ходніку, і язык, спрабуючы ўгнацца за тымі зыкамі, таропка паўтараў адну і тую ж фразу:
— Да позняй ночы гараць агні ў вокнах Бычкоўскага клуба…
У краме шампанскага не было, а таму давялося бегчы ў «Каліну красную». Разганяючы курэй ды качак, ён дабег да рэстарана, узляцеў на ганак і ў дзвярах сутыкнуўся з Мішкам Мандрыкам.
— Макар?! Ты куды ляціш?
Ён не адказаў, адно махнуў рукою, узбег на другі паверх і, перапудзіўшы афіцыянтку Машу, зморана прасіпеў:
— Шампанскага… бутэльку… за любыя грошы.
Каб ізноў не сутыкацца з Мандрыкам, ён скарыстаўся чорным ходам, пералез цераз плот і пашыбаваў агародамі, сціскаючы ў руцэ, нібыта апошнюю гранату, бутэльку рэстараннага шампану.
Здавалася, чаго прасцей — націснуць кнопку званка. Працягні руку, тыцні пальцам у пукаты гузік — і за дзвярыма пачуецца меладычнае бомканне. Аднак, падышоўшы да дыхтоўных, абабітых чорным дэрмацінам дзвярэй з лічбаю «23» на бліскучым ромбе-сукосніку, Макар увесь схаладнеў, прыслухаўся да навакольных зыкаў і, не рашаючыся пазваніць, з шумам перавёў дыханне.
На лесвіцы было ціха; так ціха, што ён чуў грукат уласнага сэрца. Сэрца білася, як спутаны певень. Каб суняць шалёнае біццё, Макар прыціснуў далонь да грудзіны, налёг лобам на дзвярны вушак і спалохана азірнуўся: за спінаю рыпнулі завесы, і ў цёмнай пройме бліснулі вочкі нейкай старой кабеты. Дануціна суседка пачала свідраваць яго сваімі вачыма-свярдзёлкамі, таму нічога не заставалася, як націснуць на кнопку званка.
Пасля першага званка яму не адчынілі. Макар прыслухаўся ў спадзеўцы пачуць парывістыя крокі, але за дзвярыма было ціха, і толькі аднастайны шум далятаў аднекуль здалёк, магчыма з іншай кватэры. Палец зноў націснуў на пукаты гузік, шум сціх, дзверы адчыніліся, і перад вачыма паўстала гаспадыня кватэры. Галава Дануціна была спавітая махровым ручніком.
Данута хмыкнула і, нічога не сказаўшы, знікла ў ванным пакоі.
Кватэра, у якую увайшоў Макар, уражвала: пад высокай столлю вісела шыкоўная люстра, на падлозе ляжаў варсісты дыван, але што ўражвала найболей, дык гэта няўлоўны, хвалюючы пах, які лунаў у паветры, ды абцягнуты зялёным аксамітам фатэль, у які ён плюхнуўся, агледзеўшы пакой.
Крэсла было на дзіва мяккім. Ён літаральна патануў у ім і, выпрастаўшы стомленыя ногі, задаволена крэкнуў. Дзіўна, але той хвіляй ён зусім не хваляваўся. Сэрца білася з разважлівай упэўненасцю, Макар паспрабаваў нават усхваляваць сябе, уголас прамармытаўшы: «Нарэшце я тут, у маёй багіні», — але гэта не дапамагло. Ён заставаўся спакойным яшчэ доўгіх чатыры хвіліны — аж да той пары, пакуль да таямнічага паху, што лунаў у пакоі, не дамяшаўся другі — пах даўно нямытых шкарпэтак. Макар убіў галаву між каленяў, варухнуў ноздрамі: шкарпэткі смярдзелі як мае быць. Не надумаўшы нічога лепшага, ён сцягнуў з пятак смярдзючкі, ліхаманкава піхнуў у кішэні.
Сядзець з голымі нагамі, аднак, не выпадала. Абламаўшы жоўты пазногаць на пальцы левай нагі, Макар прабег у калідор, стаў насоўваць свае стаптаныя «гады», і акурат у гэты момант дзверы ваннага пакоя расчыніліся і стукнулі яго у лабешнік.
— Ох, які вы разбэшчаны мужчына! — з асуджальнай весялосцю прамовіла гаспадыня кватэры, і ў Макара ад такіх слоў гарачкава заірдзеліся шчокі.
Данута падышла да трумо, расхінула крысо кітайскага халата, пільным вокам агледзела ў люстры свае зграбныя, шчыльна ссунутыя ногі.
У Макара загарэліся не толькі шчокі, але і патыліца.
— Вы што там, заснулі? — гукнула Данута, а калі госць, не пачуваючы пад сабою ног, ступіў на мяккі дыван, павярнулася і гулліва запытала: — Як я вам, падабаюся?
На твары Макаравым адбілася сарамліва-разгубленая ўсмешка, а спакусніца, не чакаючы адказу, крутнулася перад люстрам і, расцягваючы зыкі, праспявала:
— Ды падаба-а-юся…