Выбрать главу

Потым яна села ў фатэль і ўжо сур’ёзным і крыху сіплаватым голасам дадала:

— Шмат каму падабаюся, ды толькі замуж ніхто не бярэ…

Запанавала ціша. Госць муляўся пасярод пакоя, цягнуў уніз штаны, каб прыкрыць голыя ногі, а гаспадыня тым часам сядзела ў фатэлі, безуважна паглядаючы некуды паўзверх Макаравай галавы. Колькі доўжылася маўчанне? Хвіліну, дзве, а можа ўсе пяць? Але Данута ў рэшце рэшт ачулася, ускінула вочы і, заўважыўшы пляшку шампану на стале, тыцнула пальцам у бок серванта.

— Вазьміце… там, за шклом… фужэры.

Келіхі былі адмысловыя, на высокіх ножках, з залатымі птушкамі на баках. Узяць іх дрыжачымі пальцамі ўяўлялася справаю даволі складанаю, данесці да стала было яшчэ складаней, але Макар з годнасцю справіўся з заданнем — напоўніў пакой крыштальным звонам і, пазмагаўшыся з пляшкаю, стрэліў у столь поліэтыленавым коркам.

У паветры запахла піўнымі дражджамі, няўрымслівая вадкасць зашыпела ў келіхах, паперла праз верх, а Данута, страсянуўшы галавой, задуменна прашаптала:

— Божа мой, тры гады мазгі кампасціраваў…

Макар глынуў напою, папярхнуўся, ікнуў; у нос яму дало салодкім пахам гнілых яблык.

— Калі б вы ведалі — як мне ўсё абрыдла. — Данута таксама глынула шампану і бязгучна ікнула. — Кожны дзень адно і тое ж. Усё тыя ж пысы, усё тыя ж размовы… Як… як вырвацца з гэтай сіласнай ямы? Вы не ведаеце? — жанчына наставіла на госця свае шэрыя вочы, і госць, не ведаючы, што адказаць, спешна напоўніў фужэры.

Віно палілося ў нутро, але да страўніка не дайшло — захрасла недзе ў шлунках.

— І навошта вы тады ўвайшлі? — уздыхнула Данута, утрапёна і з нейкім дзіўным шкадаваннем паглядзеўшы на Макаравы «гады».

— Калі? — не зразумеў Макар, неўпрыкмет адцягнуўшы калашынне і гэтак жа неўпрыкмет адрыгнуўшы дражджавым духам.

Гаспадыня кватэры не адказала: закінула на спіну вільготныя валасы, дастала з паддону стала парцалянавую попельніцу, пачак імпартных цыгарэт і мініяцюрную запальнічку.

Запальнічка пстрыкнула, і па тым, з якім імпэтам заскакалі ў Дануціных вачах увішныя вогнікі, можна было зразумець, што жанчына гатовая расплакацца.

— Ну дык што — ідзіце ў ванную.

Галавакружна-пахкі дым, які выдыхнула Данута, ачмурыў настолькі, што Макар забыўся на хвілю — дзе ён, што з ім і чыё гэта калена выбілася з ядвабнага, колеру марской хвалі, халата.

«Як жа так? Адразу ў ванную… Мы ж нават не пацалаваліся…» — думкі непрагляднай завірухай закружыліся ў галаве, ад іх зрабілася цёмна ўваччу, і збянтэжаны госць, выставіўшы наперад рукі, невідушча пасунуўся ў ванную.

Вільготны пах ці то мыла, ці то шампуню яшчэ больш ускружыў галаву. Вочы прабегліся па шыхце рознакаляровых бутэлек з шампунем, па бліскучых колцах, на якіх вісела поліэтыленавая заслона, і, нарэшце, засяродзіліся на запацелым люстэрку. Пальцы крануліся вільготнай паверхні, намалявалі на ім размашысты квадрат, і ён убачыў у люстры свой вагняшчокі твар.

Ён скінуў штаны разам з трусамі, здзёр кашулю, залез у ванную. Знямелыя пальцы крутнулі кран, і ў патыліцу ўдарылі халодныя струмені душа.

Мыла было слізкім, духмяным, круглявым па форме і ўвесь час выслізгвала з далоні. Макар абмацваў рукамі выгінастае дно ваннай, а намацаўшы круглявую слізготу, з апантанасцю мармытаў:

— Сяльчане прыходзяць сюды адпачыць, паглядзець цікавы фільм…

Потым ён выцерся махнатым ручніком, выцягнуў са штаноў трусы, а згадаўшы імя загадчыцы бібліятэкі Забыронькі, прыкусіў дрыготкую губу. Трусы былі падзёртыя, ад іх тхнула мачой, таму, павагаўшыся, Макар нацягнуў штаны на голае цела. Ён паспрабаваў запіхнуць трусы ў кішэню, але яны туды не лезлі, і ў галаве нарадзіўся дзёрзкі план: адразу з ваннай пайсці на кухню і выкінуць трусню ў фортку.

Наструнена, каб не нарабіць груку, ён выйшаў у калідор, збіраўся ўжо праслізнуць на кухню, але, угледзеўшы Дануту, застыў, ачмурэлы.

Калі б гаспадыня кватэры паўстала перад ім голай, ён не ачмурэў бы так, як тою хвіляй. Але не, Данута не была голай, ды яе ўбор — белыя панчохі, карункавы пас, такія ж карункавыя пальчаткі да локцяў і празрысты станік у буйную сетку — перацяў дыханне, халодным жарам апаліў ніз жывата. Ногі зрабіліся ватнымі, таму Макар, схапіўшыся за вушак, апусціўся на калені, выцер вільготнымі трусамі агідны пот з ілба.

Данута сядзела, адкінуўшы галаву на спінку фатэля, паліла цыгарэту і ў час чарговай зацяжкі разам з дымам выдыхнула фразу:

— Ён заўсёды мяне так апранаў.

Дрыжачай рукой Макар паспрабаваў запіхнуць трусы спачатку проста ў штаны, затым у кішэнь, потым папоўз на карачках па мяккім дыване, неадрыўна пазіраючы на ружовыя смочкі, што прабіваліся скрозь белую сетку станіка. З кожным ягоным рухам Данута ўсё болей і болей рассоўвала калені, і перад вачыма паўставала карціна, ад якой, здавалася, пацелі вочы і варушыліся валасы, прычым не толькі на галаве. Макар падпоўз да фатэля, з трапяткой пяшчотай пацалаваў абцягнутае панчохай калена, памкнуўся да панадных вуснаў, але Данута, перакрывіўшыся, схапіла яго за чупрыну і тыцнула носам у грудок імшыстых валасоў, якія дурманліва пахлі шампунем…